разла́дзіць, ‑ладжу, ‑ладзіш, ‑ладзіць, зак., што.
1. Сапсаваць (што‑н. наладжанае). Разладзіць машыну.
2. Расстроіць, парушыць што‑н. Разладзіць бяседу. □ Разбурыць шляхі і разладзіць Тылы яго [ворага] — наша задача. Колас. Як бы гэта непатрэбная цікаўнасць не разладзіла нашага сяброўства. Шынклер.
3. Парушыць строй, лад. Разладзіць гітару.
4. Расстроіць, сапсаваць (пра здароўе).
разла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. разладзіць (у 1 знач.).
разладо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разладаваць.
разлажы́цца 1, ‑лажуся, ‑ложышся, ‑абжыцца; зак.
Тое, што і раскласціся 1. На ўбітым у сцяну круку віселі аўтаматы, і вусаты разлажыўся на стале чысціць свой наган. Чорны.
разлажы́цца 2, ‑ложыцца; зак.
1. Тое, што і раскласціся 2.
2. Распасціся пад уздзеяннем бактэрый; згніць. Торф, які слаба разлажыўся, на ўгнаенне ў чыстым выглядзе непрыгодны. «Беларусь».
3. перан. Дайсці да поўнага маральнага падзення, распаду, дэзарганізацыі. — Маральна разлажылася, — з іроніяй сказала Ганна. — Гэта табе хацелася сказаць? Так?.. Савіцкі.
разлажы́ць 1, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., каго-што.
Тое, што і раскласці 1. Разлажыў купец на нізкім ганку Свой пярэсты дробязны тавар. Панчанка. А на хаце, крытай гонтаю старою, Сівы галубочак крылле разлажыў. Гурло. [Цімох:] — А ведаеш што, Юзік, давай разложым агеньчык і пагрэемся. Колас. Калі Антэк паехаў, стараста, правёўшы яго, вярнуўся ў хату, дастаў з шафы вучнёўскі сшытак, вырваў з яго два лісты паперы і разлажыў перад сабой. Зуб.
разлажы́ць 2, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., каго-што.
1. Тое, што і раскласці 2. Разлажыць на атамы. Разлажыць слова на марфемы.
2. перан. Давесці да поўнага маральнага падзення, упадку; дэзарганізаваць. [Камендант:] — Гэта правакацыя! — Вы сваімі паганымі лістоўкамі разлажылі маіх салдат. Грахоўскі. Падпольшчыкі здолелі разлажыць ваенную часць.., перавялі ў партызаны дзесяткі славакаў. Дзенісевіч.
разлажэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разлажыць 2 і стан паводле знач. дзеясл. разлажыцца 2.
2. Маральнае падзенне, упадак. Бытавое разлажэнне.
разла́зіцца 1, ‑лезецца.
Незак. да разлезціся.
разла́зіцца 2, ‑лажуся, ‑лазішся, ‑лазіцца; зак.
Разм. Пачаць вельмі многа лазіць.
разлайда́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Разм. Разленавацца, стаць лайдаком. Ад сына, відаць, ужо помачы не чакай: скруціўся з дому, разлайдачыўся, распіўся. Грахоўскі.
разлама́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разламаць.
разлама́цца, ‑ломіцца; зак.
1. Пры ломцы, удары распасціся на кавалкі, пераламацца. Акраец разламаўся на роўныя дзве часткі там, дзе быў раней нарэзаны. Чорны.
2. Разм. Разбурыцца, разваліцца, зламацца. Паркан разламаўся. □ Складваў, стараўся, а будыніна крывілася, хілілася, гатова была ў любы момант разлезціся, разламацца. Мележ.