Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

штогадо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які бывае, праводзіцца кожны год або адзін раз у год. Штогадовыя пасадкі лесу. Штогадовая справаздача.

штого́д, прысл.

Кожны год, у кожным годзе; з году ў год. Старыя бабровыя хаткі, у якіх бабры жывуць з пакалення ў пакаленне, штогод іх пашыраючы і павялічваючы, дасягаюць часам вялізных памераў. В. Вольскі. Усюды працоўны народ Кастрычніка дзень нараджэння Святкуе ўрачыста штогод. Аўрамчык. // З кожным годам. І чым далей ад нас гады адходзяць, Тым ён [Ленін] бліжэй да нас штодзень, штогод, Тым ён глыбей жыве ў душы народа, Тым вышай веліч простая яго! Звонак.

штого́дні, ‑яя, ‑яе.

Разм. Тое, што і штогадовы. Штогодні водпуск. Штогодні кірмаш.

штого́днік, ‑а, м.

Перыядычнае выданне, якое выходзіць раз у год.

штодзе́нь, прысл.

Кожны дзень; з дня ў дзень. Штодзень смаліць пякучае сонца; душнае гарачае паветра, напоўненае пылам, сціскае грудзі. Дуброўскі. [Анэта] па-ранейшаму штодзень хадзіла на работу і ўкладвала ў яе ўсё сваё старанне і ўменне. Чарнышэвіч. Дождж, я верыў, дабрадзей, І чакаў яго штодзень. Калачынскі.

штодзённасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць штодзённага. Прастата і штодзённасць спраў падпольшчыкаў падаюцца ў рамане [«Вайна пад стрэхамі» А. Адамовіча] праз светлае і адначасова некалькі наіўнае ўспрыманне юнага героя Толіка. Дзюбайла.

2. Штодзённае жыццё, праца і пад.; звычайная, штодзённая з’ява, рэч. Вестка [аб забойстве Юркевіча] выбіла .. [Любу] з нармальнай каляіны штодзённасці. Мурашка. [Дзед] гаварыў занадта нейк проста пра самыя таемныя рэчы і гаварыў так, як быццам бы гэта была нецікавая штодзённасць. Чорны.

штодзённы, ‑ая, ‑ае.

1. Які бывае, адбываецца кожны дзень. Штодзённая гімнастыка. □ Паляванне дало добры адпачынак Міколу ад штодзённага клопату. Краўчанка. Музыка, песні чутны з палаца .. Мучыцца ж бедны думкай штодзённай, Каб голад са свету не звёў. Купала.

2. Звычайны, будзённы. Аўгіня пераапранулася ў сваю штодзённую рабочую вопратку. Колас.

штодзёншчына, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і штодзённасць (у 2 знач.). Саламон пачаў адчуваць, што адукацыя вельмі патрэбны інструмент для яго новай працы. Усё звязвалася з непасрэднай практыкай штодзёншчыны. Бядуля.

штоднёвы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і штодзённы (у 1 знач.). І ў пасцелі ляжаць ёй [маці] не вельмі каб выпадала. Штоднёвыя клопаты, як нуда, мучылі, падымалі хворую на ногі. Вышынскі.

штодня́, прысл.

1. Тое, што і штодзень. Вусы і бараду Герасім штодня абстрыгаў нажніцамі, сеўшы пры люстэрку. Чарнышэвіч. Якое гэта шчасце штодня, штохвіліны глядзець у любімыя вочы! Навуменка.

2. З кожным днём, з дня на дзень. Ужо колькі дзён, як ціхімі вечарамі глуха гудзе зямля, і гэты гул нарастае штодня. Лынькоў.