указа́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які служыць для ўказання на што‑н. або чаго‑н. Да [горада] былі скіраваны ўсе ўказальныя знакі франтавых дарог. Грамовіч.
2. У граматыцы — які выражае ўказанне на прадмет. Указальны займеннік. Указальная часціца.
•••
Указальны палец — другі палец на руцэ паміж вялікім і сярэднім.
указа́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. указаць.
2. Службовае распараджэнне, загад. Дзед Талаш .. вёў свае баявыя аперацыі самастойна або па ўказанню прадстаўнікоў падпольных камуністычных арганізацый. Колас. // Настаўленне, парада, што і як трэба рабіць. Метадычныя ўказанні. □ Харошка вельмі стрымана, але ўнушальна рабіў ўказанні камандзірам. Кавалёў.
3. Заўвага, паведамленне, сведчанне чаго‑н. Усе ўказанні чытачоў на .. недахопы і добразычлівую іх крытыку аўтар прыме з удзячнасцю. Юргелевіч.
ука́заны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад указаць.
указа́ць, укажу, укажаш, укажа; зак.
1. з дадан. сказам. Даць указанне, настаўленне; навучыць чаму‑н. Указаць, як весці работу.
2. на што. Адзначыўшы што‑н., звярнуць на яго ўвагу; выявіць што‑н. Указаць на памылкі. Указаць на адмоўныя бакі дзейнасці.
3. што. Паказаць, назваць для ведама, кіраўніцтва. Указаць лепшы метад. □ Каб ніякіх не было сумненняў, Назву па-старому ўказаць Адміністрацыйнаму дзяленню. Барадулін.
4. Тое, што і паказаць (у 2 знач.). Указаць месцазнаходжанне друкарні.
ука́звацца, ‑аецца; незак.
1. Адзначацца, выяўляцца, паказвацца. Тут жа ўказвалася палявая пошта той часці, дзе служыў Ігар. Кулакоўскі.
2. Зал. да указваць.
ука́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да указаць.
ука́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
1. Палачка, якой паказваюць што‑н. [Палкоўнік] узяў указку, падышоў да карты і абвёў лінію фронту. Дудо.
2. Разм. Указанне, распараджэнне, настаўленне. Бабцы не падабалася, як бацька вострыць матыку, сячэ дровы, коле вепрука, а яму, — што без яе ўказак кроку нельга ступіць. Сяркоў.
ука́зны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да ўказа. // Падпісаны, устаноўлены ўказам.
ука́зчык, ‑а, м.
Той, хто ўказвае другім, што і як трэба рабіць. — Зараз жа забірайце коней! — сказаў [стражнік] са злосцю ў голасе. — Не маеце права тут пасвіць!.. [Бежанец:] — А што ты, чалавеча, за ўказчык нам? Якімовіч. [Бабуля:] — Ах, Канстанцін Сцяпанавіч .. Не ўказчык я вам і не нарадчык, але чую я сваім розумам: навошта вам гэтая служба? Лынькоў.