Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

пра́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. што. Апрацоўваць моцным жарам перад спажываннем (зерне, арэхі, насенне).

2. каго-што і без дап. Моцна пячы (пра сонца, полымя і пад.). Ці то ад выпітага халоднага квасу, ці то частачка Аскольдавай радасці перадалася нам, ісці ў «Малінавы цвет» было лёгка, хоць сонца пражыла па-ранейшаму. Пальчэўскі. // перан. Мучыць (пра смагу). Хаця дзень быў халаднаваты, а ноч вільготная, рэзкая, Грушэўскага пражыла смага — каб хоць крыху вады ў рот узяць, усё было б лягчэй. Мурашка.

пражы́ць, ‑жыву́, ‑жыве́ш, ‑жыве́; ‑жывём, ‑жывяце́; зак.

1. Прабыць жывым які‑н. час; праіснаваць. Як .. [Гінка] магла пражыць з малым дзіцём без куханаў? Корбан.

2. Прабыць які‑н. час, жывучы дзе‑н. або як‑н. Раечка пражыла ў машыніста Герасіма некалькі дзён, не выходзячы з хаты. Лобан.

3. што. Патраціць на існаванне (грошы, сродкі). Пражыць усе грошы.

сагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што.

1. Грэючы, зрабіць цёплым, гарачым; нагрэць. Вясной, толькі сонца сагрэла зямлю, Кінуў калгаснік зерне ў раллю. Кірэенка. Сонца вясны той усходы на нівах Сагрэла шчыра. Вялюгін. // Награваючы на агні, давесці да якой‑н. ступені цеплыні. Сагрэўшы чайнік, Ганна Сымонаўна запрасіла гасцей да стала. Дубоўка. // Вярнуць азябламу целу (рукам, нагам) страчаную цеплыню. Дзядзька .. стараўся сагрэць у рукавах мокрага палапленага кажушка набрынялыя сінія рукі. Брыль. // Выклікаць адчуванне цеплыні ў арганізме. Кроў сагрэе за сняданнем чарка. І. Калеснік.

2. перан. Суцешыць спагадлівым словам, падбадзёрыць праяўленнем клопатаў. Слова «мама» раптам сагрэла хлопчыка і ласкай і шчасцем. Якімовіч. Юзя пазней гаварыла, што дзед сваім прыходам нібы сагрэў дзядзьку Харытона шчырай чалавечай спагадай. Бажко. // Ажывіць, асвятліць якім‑н. радасным пачуццём, думкаю. Тут Райніс жыў і сэрцам вечна юным Сагрэў і асвяціў прасторы свайго краю. Шушкевіч.

сы́пкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з дробных цвёрдых часцінак, не счэпленых адна з адной; які мае ўласцівасць рассыпацца. Сыпкія рэчывы. □ Потым да камянёў .. [Інка і Юрка] прыходзілі .. пасля доўгай бязмэтнай хады па сыпкай рыпучай гальцы, вяртаючыся з падарожжаў на катэры. Карамазаў. // Які лёгка пераносіцца ветрам; рыхлы (пра пясок, снег і пад.). На дарозе — пясок, сынкі, непрытаптаны, але на ім расце трава. Пташнікаў. Паварочваючы галаву то ў адзін, то ў другі бок,.. [чарапаха] імкліва перабірае лапамі, грабецца, бы курыца, па сухім і сыпкім дарожным пыле. Сачанка. // Які асыпаецца (пра грунт, снег і пад.). Зямля .. сціналася, і асоўваліся сыпкія сцены акопа. Лобан. Тут мясціна была выдатная — на сыпкім пясчаным беразе пачыналася сухая звонкая дуброва. Кірэенка. Шумліва ідуць усе па сыпкім насыпе да маторкі. Шынклер.

2. Які выспявае і хутка асыпаецца, трацячы зерне. Помню: лета, авёс жалі сынкі. Серп зламаўся твой звонкі... Тарас.

рассе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што.

1. Раскідаць (зерне) пры сяўбе; пасеяць. — Прыехалі гэта мы ў ляды, рассеяла я жыта, — расказвала .. [маці] далей. Сіўцоў. // Раскідаць, рассыпаць што‑н. сыпкае ў розныя бакі, у розных месцах. Рассеяць мінеральныя ўгнаенні. □ Ты ведаеш, колькі ты рассееш па дарогах збожжа, пакуль будзеш вазіць снапы туды-сюды? Шашкоў.

2. Зрабіць рассеяным (у 3 знач.). Рассеяць энергію. Рассеяць святло.

3. Прымусіць разысціся, разбегчыся; разагнаць. У тую раніцу мы рассеялі батальён немцаў і спусціліся з гор на шашу, сціснутую з абодвух бакоў старымі альпійскімі вякамі. Хомчанка. // Аслабіць, зрабіць не такім густым (цемру, туман, дым і пад.). Ужо з-за дубоў.. выглянуў сярпом месячык, трохі рассеяў цемру. Галавач.

4. перан. Прымусіць прайсці, знікнуць (звычайна якое‑н. непрыемнае пачуццё). Старыя моцна ўзрадаваліся нечаканаму жыльцу: хоць ён крыху рассее іх адзіноцтва. Хадкевіч. Усе гэтыя пытанні мелі адну мэту — лепш азнаёміцца з вучнямі і трохі разварушыць іх, рассеяць нясмеласць і напружанасць. Колас.

чэ́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Даставаць, набіраць чым‑н. знізу або з глыбіні, захопліваючы невялікімі часткамі што‑н. вадкае ці сыпкае. Нядобрыя сны пачалі сніцца Ульяне. Прыснілася ёй раз, што яна чэрпала ваду сваім чаравікам і піла яе. Колас. Па полі шырокім ідзе хлебароб — у цяжкіх ботах, спаважнай хадой. Чэрпае жменяй адборнае зерне з сявенькі і сее спакойна, упэўнена. Брыль. Малашкін чэрпаў з талеркі бульбяны суп з вермішэллю і маўчаў. Пестрак. // У час руху па чым‑н. вадкім, сыпкім захопліваць, набіраць. Каменне падала густа, бляшанка падскоквала на хвалях, нахілялася, чэрпала ваду, але ўпарта не хацела ісці на дно. Савіцкі.

2. перан. Набываць, браць, запазычваць што‑н. адкуль‑н. Чэрпаць веды. Чэрпаць сілы. □ Кожны з нас прыпасае радзімы куток, Каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны. Панчанка. Беларуская савецкая літаратура чэрпае сваё натхненне ў рэвалюцыйным абнаўленні краіны. Пшыркоў.

•••

Чэрпаць (браць) каўшом — многа, празмерна браць, атрымліваць што‑н.

клява́ць, клюю, клюеш, клюе; клюём, клюяце; незак.

1. што. Есці, хапаючы, адшчыпваючы ежу дзюбай (пра птушак). Куры клююць зерне. □ Тут крычаць вераб’і і клююць крапіву. Купала.

2. каго-што. Біць, удараць дзюбай; дзяўбці. Певень клюе ката. □ А чайкі смялелі ў змаганні, Плявалі яго [каршуна], дабівалі. Бялевіч. // перан. Даймаць, дапякаць, крыўдзіць. — Добры ты сябра Васілю Міхайлавічу аднак. Яго і без цябе клюе кіраўніцтва. Шыцік.

3. Хапаць прынаду, насадку на вудачцы (пра рыбу). Акуні клююць слаба: відаць, не галодныя. Якімовіч.

4. безас. Разм. Ідзе на лад; атрымліваецца, ўдаецца. — Вось бачыш, адразу клюе, — сказаў дзядзька Пятрусь да Адася. — Пабегла [старая] па кілбасы, да якіх я ласы. Дамашэвіч.

5. перан. Разм. Мнагакратна ўдараць чым‑н. вострым; дзяўбаць, цюкаць. Кляваць тапаром бервяно. // Доўга і настойліва біць з гармат у адно месца. Настала ноч, а гэты мінамёт усё кляваў і кляваў у адно і тое ж месца. Кулакоўскі.

•••

Кляваць (дзюбаць) носам — драмаць то апускаючы, то ўзнімаючы галаву.

Куры не клююць гл. курыца.

налі́цца, ‑льецца і ‑ліецца; пр. наліўся, ‑лілася, ‑лілося; заг. наліся; зак.

1. Нацячы, пранікнуць куды‑н. Налілася вада ў пограб.

2. Напоўніцца якой‑н. вадкасцю. Лодка налілася вадой.

3. перан. Змяніць колер, афарбоўку. Хмара налілася густою сінню. □ Залацістай чырванню налілася неба за Свіслаччу. Новікаў.

4. Напоўніцца сокамі (пра плады, зерне і пад.). Яблыкі наліліся. □ Наліліся сокам Спелыя брусніцы, І абапал сцежак Выраслі грыбы. Грахоўскі. Жыта стала ўжо бурае, і нават адсюль відаць, што колас наліўся; ён не тырчыць старчма, а хіліцца на пругкай сцябліне. Асіпенка.

5. перан. Напоўніцца якой‑н. якасцю (здароўем, сілай, злосцю і пад.). Зноў наліліся сілаю мускулы, выпрасталася спіна, перасталі ныць ногі, рассеяўся дакучлівы тлум у галаве. С. Александровіч. Начальнік раптам пачырванеў, яго надзьмуты і змораны твар наліўся абурэннем. Быкаў.

•••

Наліцца кроўю — пачырванець ад прыліву крыві. Абраза і гнеў запоўнілі сэрца хлопчыка. Яго вочы наліліся крывёю, сціснуліся кулачкі. Шамякін.

Наліцца слязамі — напоўніцца слязамі (пра вочы). Міця адчуў, што вочы наліліся слязамі. Навуменка.

скры́ня, ‑і, ж.

1. Вялікая чатырохвугольная (звычайна драўляная) пасудзіна для складвання ці ссыпання чаго‑н. Зерне высыпалі ў скрыню. □ [Лубяніха:] — А ўжо мукі гэтай пшанічнай — і ў мяхах, і ў кублах, і ў скрынях поўна насыпана... Ракітны.

2. Прадаўгаватая пасудзіна (звычайна з акенцам) для перавозкі сельскагаспадарчых матэрыялаў, прадуктаў і пад. Параконкі вязуць к бровару доўгія скрыні з бульбаю. Грахоўскі. Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр. Брыль. // чаго. Колькасць грузу, якая можа змясціцца ў такой пасудзіне. Да абеду накапалі пяць скрынь [бульбы]. Навуменка.

3. Драўляная пасудзіна з вечкам і замком для захоўвання рэчаў, каштоўнасцей; куфар. Мар’я пакапалася на дне скрыні між сувояў палатна, дастала нешта загорнутае ў белы паркаль і падала старому. Сабаленка. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі сх[а]ваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас. Алеся засмяялася і пайшла да скрыні, што стаяла паміж ложкам і грубкай, падняла века. Шамякін.

таўчы́ся, таўкуся, таўчэшся, таўчэцца; таўчомся, таўчацеся, таўкуцца; пр. тоўкся, таўклася, ‑лося; незак.

1. Драбніцца, дзяліцца на больш дробныя часткі. Сырое зерне дрэнна таўчэцца.

2. Разм. Быць, знаходзіцца, прысутнічаць дзе‑н., звычайна ў цеснаце. У доме, дзе быў сельсавет, у першым пакоі — «на пошце», век таўкліся людзі. Мележ. У вестыбюлі, падпёртым масіўнымі калонамі, збіўшыся ў талаку, таўкуцца можа дзвесце хлопцаў і дзяўчат. Навуменка. // Сноўдацца без справы, без работы. Пад рукою Таўкліся дзеці, заміналі, Або смяяліся, спявалі. Колас. / Пра насякомых, птушак. Кожнае раніцы на голым кусце бэзу таўкліся і гарлапанілі вераб’і. Паўлаў. // Увіхацца каля чаго‑н. Цэлую раніцу старая таўклася ля печы, усё нешта вымудрала, старалася. Гроднеў. / у перан. ужыв. Дакучлівыя, невясёлыя думкі таўкуцца ў яго галаве, і на сэрцы цяжка. Колас. // Танцаваць. Але ў дзесятым класе, які пасля разборкі дашчанай перагародкі ў суседні пакой служыў заадно і школьным клубам, густа таўкліся пары. Б. Стральцоў.

3. Зал. да таўчы.

•••

Таўчыся на (адным) месцы — тое, што і таптацца на (аднымі месцы (гл. таптацца).

Таўчыся пад нагамі — замінаць.

засы́паць 1, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., каго-што.

1. Запоўніць, закідаць да верху чым‑н. сыпкім. Засыпаць роў. □ Жораў ішоў за труною Міхася, а потым, калі засыпалі магілу, узняўся і паляцеў. Брыль.

2. Пакрыць слоем чаго‑н. сыпкага. Забілі дзве палі, палажылі бервяно, пакідалі каля яго камення і засыпалі жвірам, каб вада не размывала плаціны. Пальчэўскі. / у безас. ужыв. За адну ноч ваенны гарадок засынала чыстым мяккім снегам. Хомчанка.

3. і чаго. Насыпаць, усыпаць куды‑н. Засыпаць зерне ў млынавы кош. Засыпаць крупы ў гаршчок. □ Язэп засыпаў каню аўса і вярнуўся ў кватэру. Бядуля.

4. перан.; чым. Накіраваць што‑н. у вялікай колькасці каму‑н. [Хлопцы] адразу ж засыпалі дзядзьку Тамаша пытаннямі: «А гэта што? А для чаго?» Якімовіч. — Залатыя ў Анюты сыны! Прыехалі — матку падарункамі засыпалі. Дварок ёй дагледзелі, дроў навазілі. Ракітны.

•••

Засыпаць насенныя фонды — падрыхтаваць патрэбную колькасць насення для пасеву.

засы́паць 2, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак.

Пачаць сыпаць (у 4, 6 знач.).

засыпа́ць 1, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да засы́паць ​1.

засыпа́ць 2, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да заспаць.