Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

набе́гацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Пабегаць уволю, стаміцца, бегаючы. Я не разумеў, як гэта можна не пад’есці, калі добра набегаешся за цэлы дзень... Ваданосаў. — Навошта так рана.. [Паўліка] будзіш? — запытала маці, якая ўжо завіхалася ля печы. — Набегаецца яшчэ за цэлы дзень... С. Александровіч.

набе́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Разм. Бегаючы, атрымаць, набыць што‑н. Пабегаць сабе прастуду.

2. За які‑н. час прабегчы пэўную колькасць кіламетраў. За тыдзень пабегаў 80 кіламетраў.

набе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; зак.

1. на каго-што. Бегучы, сутыкнуцца з кім‑, чым‑н., наскочыць на каго‑, што‑н. Набегчы на прахожага. Набегчы на камень.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка насунуўшыся, пакрыць сабой нейкую прастору (пра хвалі, хмары і пад.). Я зноў ля мора. У далях шэрых Яно іграе, нібы ртуць. І хвалі на пясчаны бераг То набягуць, то адбягуць. Ставер. // Раптам наляцець, узняцца, пачацца (пра вецер, дождж і пад.). Набег цёплы ветрык і ўскалыхнуў возера. Кандрусевіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Раптам узнікнуць, з’явіцца (пра думкі, пачуцці і пад.). Набеглі ўспаміны. Набег смутак. Набеглі трывожныя думкі. // З’явіцца на твары, як адбітак якіх‑н. пачуццяў. Усмешка набегла на твар капітана. Пестрак. // Выступіць на вачах (пра слёзы). На вочы бацькі набеглі слёзы. Мележ. // чым. Пачырванець ад прыліву крыві. Юрка бачыць, якая чырвоная ў Акцызніка ззаду шыя, — здаецца, набегла крывёю. Пташнікаў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Нацячы, насыпацца (пра вадкасці або сыпкія целы). Набегла вада ў пограб. // перан. Павялічыцца ў суме, сабрацца, назапасіцца. [Учотчыца:] — За бульбу працэнтоўку даюць. З дзесяці пудоў — пуд. Сотня пудзікаў каму-небудзь набяжыць. Навуменка. [Анатоль Макаравіч:] — [Нехта] так ушчыльніў сеансы, што паміж імі няма перапынкаў. А раз такая шчыльнасць, то даволі на сеанс якой-небудзь затрымкі хвіліннай, каб да вечара набегла дзесяць-пятнаццаць мінут спазнення... Шамякін.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца ў адным месцы ў вялікай колькасці, збегчыся. Набегла народу з усяе ваколіцы. Бядуля. Праз хвіліну ўсё навокал астрога было на нагах, у камеру набегла паліцыянтаў. Чорны.

•••

Набегчы на памяць — успомніцца.

набедава́цца, ‑бядуюся, ‑бядуешся, ‑бядуецца; зак.

Перажыць, зазнаць многа бед, гора.

набе́дранік, ‑а, м.

Частка адзення свяшчэнніка ў выглядзе парчовага прамавугольніка, якая носіцца на баку ніжэй пояса. [Алесь] ведаў, што фрэскі іхняй старажытнай царквы былі дзівам, аб якім казалі ўсе альбомы.., што іхні пратаіерэй-майстра і за гэта ўзнагароджаны камілаўкай, набедранікам і залатым.. крыжам. Караткевіч.

набе́драны, ‑ая, ‑ае.

Які носіцца на бёдрах, знаходзіцца на бёдрах, каля бёдраў. Набедраная павязка.

набе́дрыкі і набэ́дрыкі, ‑аў; адз. няма.

Тое, што і набадры. Конь быў у хамуце і набедрыках. Дуброўскі.

набе́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад набяліць.

набіва́льшчык, ‑а, м.

Асоба, занятая набіваннем чаго‑н. Набівальшчык папярос.

набіва́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да набівальшчык.