Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жалюзі́, нескл., н.

Мнагастворчатыя аканіцы, а таксама шторы са звязаных паміж сабой пласцінак, якія скарыстоўваюцца для рэгулявання светлавой і паветранай плыні. Мы заўважылі, што вокны многіх кватэр былі і ўдзень цёмныя, закрытыя жалюзі — гэта, сказалі нам, вокны парыжан, што пакінулі горад, выехалі на адпачынак. Мележ.

[Фр. jalousie.]

жаля́зка, ‑а, н.

1. Разм. Лязо гэбля, фуганка, барана і пад. — Цэх план дае, дык якая гаворка пра стамескі, жалязкі, — садзіцца на крэсла і смяецца начальнік. Мыслівец.

2. Абл. Прас, які награваюць на агні. Учора [маці] прасавала мне кофту і жалязкам пляму іржавую пасадзіла!.. Карпюк.

жалязне́нне, ‑я, н.

1. Гальванічнае пакрыццё металічных вырабаў жалезам. Жалязненне клішэ.

2. Асобая (спецыяльная) апрацоўка бетоннай паверхні цэментным растворам для павышэння яе воданепранікальнасці і трываласці.

жалязня́к 1, жалезняку, м. (толькі з азначэннем).

Жалезная руда. Буры жалязняк. Чырвоны жалязняк. Магнітны жалязняк.

жалязня́к 2, жалезняка, м.

Абл. Рыдлёўка. — Поле сваё яна жалезняком ускапала? Ускапала... Зямлянку сабе зрабіла? Зрабіла... Сачанка.

жалязя́ка, ‑і, ДМ ‑зяцы, ж.

Разм. Грубая жалезная рэч; жалезіна. — Ну, як, дзядзька, усё ў парадку, рэпрадуктар працуе? — бразгаючы крывымі жалязякамі для лазення на слупы, весела спытаў .. [Толік]. Краўчанка.

жаме́рыны, ‑рын; адз. няма.

Адходы пасля выціскання соку або алею з чаго‑н. Бурачныя жамерыны. Карміць свіннёй жамерынамі.

жамчу́жніца, ‑ы, ж.

Малюск, у ракавіне якога ўтвараецца жэмчуг. Калі ў ракавіну цёмную жамчужніцы Упадзе пясчынка хоць адна, — Жэмчугам патроху робіцца яна. Багдановіч. // Ракавіна малюска. Спусціўшыся на дно, ныральшчыкі збіралі ракавіны-жамчужніцы. Матрунёнак.

жамчу́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да жэмчугу, жамчужыны. Жамчужны промысел. Жамчужнае зерне. // Зроблены з жэмчугу; з жэмчугам, з жамчужынамі. Жамчужны пояс. Жамчужныя маністы. // перан. Падобны на жэмчуг, жамчужыну сваім выглядам, бляскам, белізною. Жамчужнае ззянне. Жамчужныя зубы.

•••

Жамчужны пат гл. пат.

жамчу́жына, ‑ы, ж.

1. Асобнае зерне жэмчугу. // Упрыгожанне з такога зерня. Прагныя вочы гасцей міжволі спыняліся на цудоўнай жамчужыне, якая вісела на грудзях у гэтай жанчыны. Маўр.

2. перан.; чаго або якая. Непаўторны скарб, лепшае ўпрыгожанне. Паэма Я. Коласа «Новая зямля» — жамчужына беларускай літаратуры.

жана́ты, ‑ая, ‑ае.

Які ўступіў у шлюб, мае жонку; проціл. халасты (пра мужчыну). Падтрымаў старога дзеда Сын жанаты, Грышка. Колас. // толькі мн. Пра мужчыну і жанчыну, якія ўступілі ў шлюб. Яны жанатыя ўжо даўно.