Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бычко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бычка (у 2 знач.). Бычковая юшка.

бычо́к, ‑чка, м.

1. Памянш.-ласк. да бык ​1; малады бык. Быць бычку на лычку, а кароўцы на вяроўцы. Прыказка.

2. Род дробнай марской рыбы сямейства бычковых. Бычкі ў тамаце.

3. Народная назва бугая (у 2 знач.). [Язэп:] — Гэта ёсць такія маленькія птушкі — бычкі, дык яны вядуцца хто іх ведае дзе, а калі пачуюць холад — адразу з’яўляюцца каля будынкаў... Чорны.

4. Разм. Недакурак. Палашка дакурвала бычок і мармытала: — Саломы я яму не палажыла, то на голых драбінах паехаў. Лобан.

5. Старажытны беларускі народны танец.

•••

Казка пра белага бычка гл. казка.

бычы́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да быка ​1. Бычыная шкура, галава. // Такі, як у быка. Солтыс нешта шаптаў каменданту, немаладому дужаму асадніку з бычынай шыяй. Бажко.

бэ, нескл., н.

Назва літары «б».

•••

Ні бэ ні мэ (ні кукарэку) — зусім нічога ле ведаць, не разумець.

бэ́бахі, ‑аў; адз. няма.

Разм.

1. Вантробы, кішкі. Бэбахі выпусціць.

2. Груб. Зношаныя рэчы, лахманы. Юста рассцілае нейкія бэбахі на тапчане, куды і пераходзіць Ганна разам з народжаным сынам. Колас.

бэж, прым. нескл.

Тое, што і бэжавы. Туфлі колеру бэж.

[Фр. beige.]

бэ́жавы, ‑ая, ‑ае.

Светла-карычневы з ружова-жоўтым адценнем. Бэжавы колер. Бэжавае паліто.

бэз, ‑у, м.

Дэкаратыўная кустовая расліна сямейства маслінавых з блакітна-ліловымі або белымі пахучымі кветкамі, якія ўтвараюць вялікія суквецці. Расцвіў перад акном духмяны белы бэз. Брыль. // Расцвіўшыя галінкі гэтай расліны. На туалетным століку стаяў букет бэзу.

бэ́завы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да бэзу. А вунь, у сапраўдным бэзавым садзе, невысокі будынак з прыгожым фасадам. Ваданосаў. [Галіна:] — Насустрач маім рукам пацягнуліся пругкія бэзавыя галінкі. Васілевіч. // Прыгатаваны з бэзу. Бэзавы экстракт.

2. Бледна-ліловы, колеру бэзу. Але кожнаму з нас даводзілася сустракаць, апрача звычайнага, шкло ледзь не ўсіх колераў вясёлкі — чырвонае, сіняе, блакітнае, жоўтае, бэзавае, зялёнае. Беразняк.

бэ́йбус, ‑а, м.

Разм. Тое, што і байбус. [Павел], ужо здаровы бэйбус, заўсёды біўся кіем па галаве. Брыль. [Мальвіна Паўлаўна:] — Ах вы, абібокі! Ах вы, бэйбусы!.. Чаго вы чапляецеся да яго?.. Юрась, Юрачка, ідзі дахаты, сынку! Хадкевіч.