Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разду́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што.

1. Тое, што і раздзьмуць.

2. Наўмысна павялічыць размеры або значэнне чаго‑н. Раздуць штаты. □ Гэтыя людзі выпадак з Раманюковай каўбасой і бочкай піва раздулі да легенды. Карпюк.

3. безас. Разм. Хваравіта павялічыць у аб’ёме, зрабіць уздутым. Жывот раздула.

разду́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад раздушыць.

разду́швацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да раздушыцца.

2. Зал. да раздушваць.

разду́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раздушыць.

раздушы́цца, ‑душыцца.

Аказацца раздушаным. Ягады раздушыліся пад нагой.

раздушы́ць, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак., каго-што.

1. Сціснуўшы, націснуўшы, змяць, расплюшчыць. [Алесь], не аглядаючыся, пасунуўся ад нас, неяк усё націскаючы на правую нагу, нібы пад яе трапляла што і ён мусіць яго раздушыць, прыціснуць. Адамчык. Але вось бяда — як яго [вужынае яйка] несці, каб не раздушыць. Ваданосаў. // Націснуўшы, задушыць (пра насякомых). [Ціхан] ляпнуў сябе далоняй па шчацэ і раздушыў пчалу. Дуброўскі.

2. Прыціснуўшы чым‑н. цяжкім, душачы, забіць або скалечыць. Людзі, якія бачылі нашу сустрэчу, аж кінуліся да нас. Можа, баяліся, што я раздушу старую ў абдымках. Сабаленка. / у безас. ужыв. — Ну, аднаго чалавека засыпала зусім, але нічога, адкапалі мяккі пясок. Другому паламала рэбры, раздушыла грудзі. Дамашэвіч.

разды́м, ‑у, м.

Дзеянне паводле дзеясл. раздымаць — разняць (у 1 знач.).

раздыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разняць.

разды́мны, ‑ая, ‑ае.

Такі, у якім можна аддзяліць адну дэталь ад другой без пашкоджання.

раз’е́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад раз’есці.