Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разду́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раздурыць.

2. у знач. прым. Распешчаны; капрызны, свавольны. Даволі вострыя сутычкі Паўлінкі з бацькам выглядаюць толькі як свавольства адзінай і таму крыху раздуранай дачкі. Лужанін.

3. у знач. прым. Разбэшчаны, распусны. [Загорскі] пагарджаў суседзямі. Раздураныя бабы! Халуі! Пагарджаў іхнім цярпеннем, рабалепствам і поўзаннем перад моцнымі. Караткевіч.

разду́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раздурыць.

раздуры́цца, ‑дуруся, ‑дурышся, ‑дурыцца; зак.

Разм.

1. Стаць вельмі дураслівым, свавольным, непаслухмяным; распусціцца. Разы два іх бачылі каля кінатэатра. І тады Мікалай Пятровіч сказаў загадчыку гаспадаркі: — Вазьміце іх пад свой нагляд, а то раздурацца малыя... Нядзведскі.

2. Пачаць амаральна паводзіць сябе, даць поўную волю сабе; разбэсціцца.

раздуры́ць, ‑дуру, ‑дурыш, ‑дурыць; зак., каго.

1. Паслабіўшы нагляд, патрабавальнасць, зрабіць каго‑н. дураслівым, свавольным, непаслухмяным. — Толькі на мяне гаворыш, а сама во раздурыла, — скаваў Сцяпан Данілавіч на жонку, якую сын Борык абшчапіў за шыю. Ермаловіч.

2. Даць поўную волю каму‑н., дазволіць поўнасцю праяўляць свае жаданні, пачуцці і пад. — Я толькі баюся, каб мы яе [агранома] адразу занадта не раздурылі. Цяпер машыну, а тады яшчэ што. Ермаловіч. Наста сціснула ў ахапак у яслях сена, перанесла яго карове за драбіну. Будзе есці і пасля каня.. Раздурылі, струшанка ўжо ёй не лезе... Пташнікаў.

раздурэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які раздурэў, развесяліўся. [Рыпіна Ціткова] паглядзела на раздурэлых маладзіц і сказала, але быццам усцешаная чым: — І праўда, панапіваліся бабы!.. Чыгрынаў.

2. Які распусціўся, разленаваўся.

раздурэ́цца, ‑эюся, ‑эешся, ‑эецца; зак.

Разм. Пачаць моцна дурэць. [Шура:] — Ой, раздурэўся нешта дзядзька! Нябось скажу цётцы. Крапіва. Галоўкі ледзь не на паўметра ўзвышаліся над мяккімі крэсламі, і можна было падумаць, што гэта і ёсць дзеці: раздурэліся і паўзлазілі з нагамі на сядзенне. Лужанін.

раздурэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Разм.

1. Пачаць моцна дурэць. Дзеці вельмі раздурэлі.

2. Распусціцца, разленавацца. Раздурэў чалавек, нічога не робіць.

разду́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан раздутага.

разду́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раздуць.

2. у знач. прым. Разм. Павялічаны ў аб’ёме, уздуты. Зброі ў .. [Жэнькі] не было бачна, але Таццяна звярнула ўвагу на адтапыранае крысо кажуха і на раздутыя кішэні. Шамякін. Піліп — наш сусед, і ў яго сапраўды быў вол, шэры, худы, з раздутым, пераплеценым жыламі жыватом. Ваданосаў.

3. перан.; у знач. прым. Разм. Непамерна павялічаны, неапраўдана вялікі. — У нашым цэху празмерна раздутае сярэдняе звяно. Шыцік.

разду́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.

Тое, што і раздзьмуцца. Твар .. [Гаецкай], што хвіліну назад палаў, пабялеў, ноздры непрыгожа раздуліся. Шамякін.