раздува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да раздуць.
разду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Больш, даўжэй падумаць, памеркаваць. [Чорны] згарнуў рукапіс і, прамовіўшы нешта накшталт: «Трэба раздумацца», пачаў апранацца. Лужанін.
2. Падумаўшы, памеркаваўшы, змяніць ранейшую думку; адумацца. Мікуць і Міхал назаўтра раздумаліся і ад малатарні Банадысёвай адмовіліся. Чорны. [Вера:] — Ведаеш, Максімка, я нават не ведаю, як гэта здарылася. Не хацела трывожыць цябе, паслала пісьмо, а на другі дзень раздумалася, спалохалася. Машара.
разду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Падумаць; усебакова абдумаць. Раздумаў, разважыў Мікітка — Развагам навучыць бяда. Колас.
2. Падумаўшы, памеркаваўшы, адмовіцца ад задуманага, змяніць сваё рашэнне, намер. [Галя] паднялася, хацела нешта адказаць Івану, але раздумала і, развітаўшыся з Арцёмам, пайшла за дзверы... Ваданосаў. Спачатку думалі даць ход справе, але Растоўцаў быў мёртвы .. Таму раздумалі. Караткевіч.
разду́мвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да раздумацца.
разду́мваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
1. Незак. да раздумаць (у 1 знач.).
2. Думаць, вагаючыся; доўга не магчы прыняць рашэння. Хмыль усё стаяў на пагорку, напэўна, раздумваў, ісці яму вуліцай ці па загароддзю, хаваючыся ад людскіх вачэй. М. Стральцоў. Алесь здзіўлена раздумваў. Нашто гэта яму было? Дапамогі на ўсякі выпадак шукаў? То паможам, як спатрэбіцца. Караткевіч.
разду́м’е, ‑я, н.
Разм. Роздум. У раздум’і пастаяў .. [Амелька] хвіліну і палез на гару. Чорны. Памалу, мерна крок за крокам У сваім раздум’і адзінокім Дадыбаў бацька скора к дому. Колас.
разду́млівасць, ‑і, ж.
Стан і ўласцівасць раздумлівага.
разду́млівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які часта аддаецца роздуму; разважлівы. Дзед станавіўся такі раздумлівы і паважны, што і хадзіў, і дзейнічаў з такой годнасцю... Мележ.
2. Які робіцца з роздумам, спакойна, павольна. Раздумлівая гаворка. // Які наводзіць па роздум, пранікнуты ім. Раздумлівая песня.
разду́ра, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Распуснік, распусніца. А ў іх быў любімы сыночак-унук — Раздура, распуста, капрыза Янук. Яго абувалі, яго разувалі, Яго апраналі, Яго распраналі, Лішняга кроку Ступіць не давалі... Муравейка.
разду́ранасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць раздуранага.