Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раздражне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. раздражняць — раздражніць (у 1 знач.). // Рэакцыя арганізма або асобнага органа на ўздзеянне раздражняльніка. Раздражненне ў кары галаўнога мозгу. Раздражненне скуры.

2. Стан злоснага ўзбуджэння; пачуццё незадаволенасці, злосці. Старшы сержант з раздражненнем падумаў, што праз аднаго такога можа на вучэннях праваліцца ўвесь узвод. Мележ. Шматлікія пасяджэнні выклікалі ў .. [Алеся] звычайна раздражненне. Шыцік.

раздра́жнены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад раздражніць.

раздражнёнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан раздражнёнага. — Мяне здзіўляе лёгкадумнасць гэтага маладога чалавека, — з раздражнёнасцю зазначыў Бывалы. Новікаў.

раздражнёны, ‑ая, ‑ае.

1. Які раздражніўся, стаў хваравітым ад якога‑н. раздражняльніка. Раздражнёная скура.

2. Які знаходзіцца ў стане раздражнення (у 2 знач.). Яшчэ здаецца, што хлопцы злыя і раздражнёныя: гыркаюць адзін на аднаго, пашляюць, чхаюць, шморгаюць насамі. Карпюк. [Надзя:] — Я так тады старалася! .. А вы ўзялі і паехалі.. І Вася прыйшоў раздражнёны, злы. Шашкоў. // Які выяўляе раздражненне. Раздражнёны голас.

раздражні́цца, ‑дражнюся, ‑дражнішся, ‑дражніцца; зак.

1. Падвергнуцца ўздзеянню раздражняльніка. Скура раздражнілася.

2. Прыйсці ў стан раздражнення (у 2 знач.).

3. Выклікаць, распаліць у сабе якое‑н. жаданне. Нам было мала птушанят з аднаго гнязда — не пад’ясі, толькі раздражнішся, — і мы велікадушна махнулі рукой на іх. Чыгрынаў.

раздражні́ць, ‑дражню, ‑дражніш, ‑дражніць; зак., каго-што.

1. Выклікаць раздражненне, дзейнічаючы якім‑н. раздражняльнікам. Раздражніць слізістую абалонку.

2. Давесці да стану нервовага ўзбуджэння; раззлаваць. [Дзед:] — Нечым не дагадзіў, сам не ведаю, як раздражніў.. [пчол]. Рылько. У двары [Мішка] прычапіўся да свайго трохгадовага сына, раздражніў яго, і той загарлапаніў на ўвесь падворак. Ракітны.

3. Разм. Выклікаць, распаліць (якое‑н. жаданне). Раздражніць апетыт. □ — Кубкам забеленага пойла, што яны ўвальюць табе ў страўнік праз гумавую кішку, не заспакояць, а нанава раздражняць прагу да ежы. Машара. // Заахвоціць, схіліць да чаго‑н. Сваёю зухаватасцю [мужчыны] раздражнілі іншых — і хутка на вуліцы зрабіўся карагод. Гартны.

4. Разм. Абвастрыць, растрывожыць. Раздражніць хваробу.

раздражня́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць раздражняльнага. Ператамленне вядзе да раздражняльнасці. «Звязда».

раздражня́льнік, ‑а, м.

Тое, што ўздзейнічае на арганізм, выклікаючы ў ім якую‑н. рэакцыю, раздражненне. Хімічны раздражняльнік. Механічны раздражняльнік.

раздражня́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які хутка прыходзіць у стан раздражнення; уразлівы, чуллівы (пра чалавека).

2. Звязаны з уздзеяннем якога‑н. раздражняльніка на арганізм або на асобны орган. Раздражняльны працэс.

раздражня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да раздражніцца.

2. Зал. да раздражняць.