Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

надры́вісты, ‑ая, ‑ае.

Рэзкі, сутаргавы, з надрывам (у 3 знач.); прарэзлівы. Надрывісты кашаль. Надрывісты крык. □ — Іван, Іван!.. — аднекуль знізу, са снежнай замеці, пачуўся надрывісты дзявочы голас. Мыслівец.

надрыжа́цца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; ‑жымся, ‑жыцеся; зак.

Разм. Многа, доўга падрыжаць. Надрыжацца са страху. □ [Ганна:] — Хіба вы раніцай не абліваецеся сцюдзёнай вадой? — А мне, дзякуй богу, і без гэтага досыць і вады, і холаду. Надрыжаўся. Новікаў.

надры́ў, ‑рыву, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. надарваць (у 1 знач.).

2. Надарванае месца. Надрыў на мяшку.

3. перан. Празмернае фізічнае напружанне. Ганяў за двое ці больш узбоч шашы прыглушана і з надрывам узвываў грузавік. Гроднеў.

4. перан. Узбуджанасць, хваравітасць у праяўленні сваіх пачуццяў. — Даруй, Настуля, — ціха, з балючым надрывам у голасе, сказаў [Грысь]. Кулакоўскі.

надры́ўны, ‑ая, ‑ае.

Рэзкі, хваравіта напружаны, з надрывам (у 3 знач.). Надрыўны плач. □ Лясы шумелі на трывогу, І голас іх надрыўны быў. Глебка. Недзе ў канцы вагона надрыўным басам закрычаў чалавек. Асіпенка.

надрэ́берны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які знаходзіцца, размешчаны над рэбрамі, вышэй рэбраў. Надрэберныя мышцы.

надрэ́з, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. надрэзаць.

2. Надрэзанае месца. Хірург робіць асцярожна надрэз, расшыраючы рану. «Звязда». Хлопчык паказаў дзеду на шматлікія надрэзы, што віднеліся на многіх дрэвах. Даніленка.

надрэ́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад надрэзаць.

надрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., што.

Разрэзаць крыху зверху, з краю, не да канца. Надрэзаць яблык. □ Пад аднастайны перастук калёс Мікалай расказаў [брату] аб сваім плане.. У першую ноч ледзь паспелі надрэзаць край дошкі.. Пятніцкі.

надрэ́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. надрэзваць.

надрэ́звацца, ‑аецца; незак.

Зал. да надрэзваць.