Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

надро́блены 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад надрабіць ​1.

надро́блены 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад надрабіць ​2.

надро́бліванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. надробліваць.

надро́бліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Тое, што і надрабляць.

надрукава́нне, ‑я, н.

Змяшчэнне ў друку. Гэтыя рэвалюцыі Андрэй адкладае асобна — іх трэба паслаць у Вільню ў рэдакцыю газеты «Наша праўда» для надрукавання. Пестрак. [Максіму Багдановічу] не было яшчэ і васемнаццаці, калі пасля надрукавання вершаў «Краю мой родны! Як выкляты богам...», «З песняў беларускага мужыка», «Вадзянік» яго імя сталі называць услед за імёнамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Лойка.

надрукава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад надрукаваць.

2. у знач. наз. надрукава́нае, ‑ага, н. Тое, што надрукавана. Тады ж Парамон і пачаў друкавацца. Колькі.. задавальнення ён перажыў, калі ўбачыў упершыню надрукаванае. Грамовіч.

надрукава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.

1. Змясціць свае творы ў друку. Надрукавацца ў часопісе.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Атрымацца ў выніку друкавання. Малюнак добра надрукаваўся.

надрукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што і без дап.

1. Узнавіць тэкст, лічбы, малюнкі і пад. друкарскім спосабам. Надрукаваць загаловак у газеце вялікімі літарамі. // Напісаць або перапісаць што‑н. на пішучай машынцы. Надрукаваць даведку. Надрукаваць рукапіс.

2. Змясціць у друку; выдаць. Сёлета Толя скончыў трэці курс літаратурнага аддзялення універсітэта.. Адзін яго нарыс днямі надрукавала абласная газета. Брыль. Рыгор памятае, як радаваўся ён, калі надрукаваў у часопісе невялічкі раздзел са сваёй дысертацыі. Арабей.

3. Аддрукаваць усё або частку чаго‑н. Надрукаваць збор твораў пісьменніка. Надрукаваць 10 старонак рукапісу.

надрыва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падрываць — надарваць.

надрыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да надарвацца (у 1 знач.).

2. перан. Рабіць што‑н. праз меру; старацца з усіх сіл. На рабоце.. [Антон] не надрываўся, са станцыі прыходзіў рана. Ракітны. // Крычаць з усіх сіл. Ля тэлефоннага апарата надрываўся карэктар. Мехаў. // Гучаць з вялікай сілай. Над гарадком гула, надрывалася сірэна супроцьпаветранай трывогі. Лынькоў.

3. Зал. да надрываць.

надрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да надарваць.

•••

Надрываць горла (глотку) — тое, што і драць горла (гл. драць).