Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вечарэ́ць, ‑эе; безас. незак.

Блізіцца к вечару. Ужо вечарэла. З Нёмана пацягнула цёплым струменем вільгаці. Пестрак. На дварэ вечарэла, і ў пакоі быў ужо змрок. Марціновіч.

ве́чка, ‑а, н.

Памянш. да века (у 1 знач.); невялікае века. Дзед Ігнат аплёў пасудзіну бяростай, прыгнаў да яе драўлянае вечка. Васілевіч. Алік .. абапёрся локцямі на вечка парты і, унурыўшыся, замоўк. Хадкевіч.

ве́чна, прысл.

1. Без пачатку і без канца, заўсёды, бясконца, спрадвеку. Матэрыя існуе вечна. □ Сонца вечна людзям свеціць. Колас. // На працягу вякоў, вельмі доўга. Жыць вечна ў памяці народа.

2. Пастаянна, заўсёды. Пах смалы.. шырокай хваляй вечна плыве з густых хвояў лесу. Чорны. Бацька вечна заняты: то ў абходзе, то высочвае.. глушцоў ці лася, то вязе ў замак рыбу або качак. С. Александровіч.

вечназялёны, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты круглы год зялёным лісцем, ігліцай. За дубамі ўзвышаюцца, гамонячы сваімі калматымі вершалінамі з сінім небам, вечназялёныя елкі і сосны. Паслядовіч.

ве́чнасць, ‑і, ж.

Працяг часу без пачатку і канца. // Вельмі доўгі час. Марудна бягуць мінуты, Гадзіна ідзе, як вечнасць. Нядзведскі.

ве́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе заўсёды, не мае ні пачатку ні канца (у часе). Вечная матэрыя. // Які не перыстае існаваць. Вечныя снягі. Вечная мёрзлага. // Не абмежаваны тэрмінам. Акт на вечнае карыстанне зямлёй.

2. Які пастаянна паўтараецца, бесперастанны. Вечныя спрэчкі.

•••

Вечны агонь гл. агонь.

Вечны рухавік гл. рухавік.

Вечнае пяро гл. пяро.

Вечная гісторыя гл. гісторыя.

Вечная памяць гл. памяць.

Вечны спакой гл. спакой.

Заснуць вечным сном гл. заснуць.

На векі вечныя гл. век.

Спаць вечным сном гл. спаць.

ве́шала, ‑а, н.

Абл. Перакладзіна, жардзіна, прызначаная для развешвання чаго‑н. На вешалах пад стрэхамі.. варкаталі галубы. Гартны.

ве́шалка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Дошка, паліца або стойка з кручкамі ці калочкамі, на якія вешаюць адзенне.

2. Спецыяльная пятля, за якую вешаюць адзенне. [Рамір] падчапіў на палец куртку за вешалку, закінуў яе за спіну. Асіпенка.

3. Жорсткая планка з кручком, на якую вешаецца адзенне ў распраўленым па плячах выглядзе.

4. Разм. Тое, што і гардэроб (у 2 знач.).

ве́шальнік, ‑а, м.

1. Той, хто вешае людзей. А чаму ж той ваш вешальнік не пускаў слязы, калі вешаў Івася Казімерчыка? Чорны.

2. У спалучэнні з назоўнікам — правіцель, які вызначаецца сваёй жорсткасцю і дэспатызмам. У камеру ўваходзіў дзяжурны памочнік начальніка астрога, старшы наглядчык Дожджык, які здаўся Лабановічу з першага погляду падобным да Мураўёва-вешальніка. Колас.

ве́шанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. вешаць.