Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хро́снік, ‑а, м.

Уст. Хросны сын у адносінах да хросных бацькоў. Праўда, хросная Вольга Епіфанаўна, тая, якой Максім паказваў свае першыя вершы па-беларуску, хоць і не разумела, не спачувала ў галоўным, але, добрая душа, не адмовіла хросніку ў просьбе выпісаць для яго спачатку «Нашу долю», а потым «Нашу ніву». М. Стральцоў.

хро́сніца, ‑ы, ж.

Уст. Хросная дачка ў адносінах да хросных бацькоў. Дзядзька Раман, чалавек дасціпны, бывалы, узяў сабе ролю гаспадара, па вясковых законах у яго на гэта было маральнае права: Саша — яго хросніца. Шамякін.

хро́сны, ‑ая, ‑ае.

Уст.

1. Які мае адносіны да абраду хрышчэння. Хросныя бацькі; хросны бацька, хросная маці (мужчына і жанчына, якія ўдзельнічаюць у абрадзе хрышчэння дзіцяці). Хросны сын, хросная дачка (у адносінах да хросных бацькоў). Хросны брат, хросная сястра (якія маюць адных і тых жа хросных бацькоў).

2. у знач. наз. хро́сны, ‑ага, м.; хро́сная, ‑ай, ж. Хросны бацька, хросная маці. Марыя Антонаўка доўга захоўвала першы падарунак свайго хроснага — залаты крыжык з ланцужком. «Маладосць».

хру́мканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. хрумкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Іншы раз.. наслухаешся за дзень кепскага хрумкання. Кулакоўскі.

хру́мкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і хрумстаць. Страляніна на фронце яшчэ не ўнімалася, .. а коні, здавалася, спакойна хрумкалі сырую канюшыну. Нікановіч. Хрумкае пад хуткім крокам снег. Шынклер.

хрумст, ‑у, М ‑сце, м.

Хруст, трэск. Віця паднёс, [пясок] да мікрафона і пацёр у далонях. Хрумсту не было. Шыцік. Убачыў [Гарэнка] у абед, як Юрка гэты з хрумстам аплятае салёныя [а]гурочкі, такія пругкія, сакаўныя. Вышынскі.

хру́мстанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. хрумстаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Карова прагна хапала капуснае лісце, з хрумстаннем згрызала храпкі і ісці дамоў не хацела. Шамякін.

хру́мстаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што, чым і без дап. Есці або жаваць, утвараючы храбусткі гук. Людзі хрумсталі крамяныя яблыкі, мядовыя грушы. Жычка. Цімох жа сапраўды схапіў з талеркі [а]гурок і пачаў гучна хрумстаць і прычмокваць. Ваданосаў. / Пра жывёлу. Распрэжаныя коні хрумсталі сена. Гартны. Лось паслухаў, варухнуў галавою. Потым супакоіўся і ў цішыні ночы пачаў хрумстаць аўсом. Лупсякоў. Начлег... За рэчкай луг з духмянымі травамі, смачна хрумстаюць спутаныя коні. Васілеўская.

2. Утвараць хруст. А там, дзе хрумсталі сярпы, Вятрам адкрыты далі. Калачынскі. Чаравікі парудзелі, пад нагамі хрумсталі цвёрдыя тарфяныя грудкі. Грахоўскі. / Пра пыл, пясок і пад. [Дачка] піша: «Цяжка і горача, Хрумстае пыл на зубах». Панчанка.

хру́мсткі, ‑ая, ‑ае.

Які хрумсціць. Гэта быў ладны жытнёвы акраец з паджарыстай хрумсткай скарынкай. Быкаў. Бацькава крышачку — гэта пудоў з дваццаць духмянага хрумсткага сена. Б. Стральцоў.

хрумсце́ць, ‑мшчу, ‑мсціш, ‑меціць; незак.

Разм. Тое, што і хрумстаць. Каля плота хрумсцелі абабранымі зялёнымі яблыкамі дзеці. Адамчык. Жучок [сабака] хапае цукар на ляту, хрумсціць ім. Лупсякоў. Сняжок хрумсціць пад нагамі. Брыль. Пад нагамі хрумсцела тонкая наледзь. Навуменка. Мякка хрумсціць пад нагамі сушняк. Барадулін. Хрумсцяць у садзе пад падэшвамі крупінкі вугалю ў траве. Вялюгін.