жало́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да жалобы. Жалобны марш. Жалобны мітынг..
2. Сумны, тужлівы. Кракталі жабы. Было нешта смутнае і жалобнае ў гэтай простай і аднатоннай іх песні. Колас.
жало́начны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да жалонкі.
жало́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Цыліндрычная пасудзіна, якая прымяняецца пры бурэнні і эксплуатацыі свідравін для падняцця на паверхню вадкасці, пяску і буравой гразі.
жалу́дачак, ‑чка, м.
Частка сэрца, якая сваімі скарачэннямі абумоўлівае рух крыві па крывяноснай сістэме.
жалудо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да жолуда. Жалудовая шкарлупіна. // Прыгатаваны з жалудоў. Жалудовы кофе.
жаль, ‑ю, м.
1. Пачуццё жаласці, спагады, выкліканае чыёй‑н. пакутай, няшчасцем. Стэфка глядзіць на хворага з жалем у вачах. Бядуля. Пачуццё жалю да пакрыўджанага лёсам хлопца перарастае ў пачуццё кахання. Шкраба.
2. Пачуццё горычы, смутку, тугі з прычыны страты каго‑, чаго‑н. Мацярынскі жаль. □ Марыля была ціхая, пакорная работніца і жаль свой дзявочы хавала глыбока. Брыль.
3. Пачуццё засмучэння, шкадавання. Не варта абуджаць у сэрцы тое, што перагарэла, адышло і пакінула толькі пачуццё жалю аб незваротным. Дуброўскі. — Грыб вунь растаптала, — з жалем сказаў Андрэй і паказаў на збіты нагой чорны баравік. Скрыпка.
•••
На (вялікі) жаль (у знач. пабочн.) — ужываецца, каб выказаць шкадаванне з прычыны чаго‑н.
жа́льба, ‑ы, ж.
1. Смутак, туга, бедаванне. «Вось і ўсё, — з жальбай паглядзеўшы на школу, падумала былая настаўніца, — больш мне сюды ніколі не прыйсці, не сустрэцца з гаманлівай дзетварой». Шчарбатаў. Шчырасць бабулі і гэтыя яе слёзы ўзрушылі Андрыяна. Нейкая жальба падступала да горла, перашкаджала гаварыць. Марціновіч.
2. Скарга, нараканне. Здаецца, усё разумее Люба, але больш маўчыць, як бы носіць у сабе затоеную жальбу і крыўду на кагосьці, вядомага толькі ёй. Пестрак.
жальбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак.
Разм. Сумаваць, тужыць па кім‑, чым‑н. Не жальбую пра мінулы час я, адкаснецца ад мяне сумота. Дубоўка.