вадзяні́к, ‑а, м.
Уст. У народных павер’ях — уладар вадаёмаў, які жыве ў вадзе. Успомніў Тараска казку пра вадзяніка. Але ж то была казка, і ён добра ведаў, што ніякіх вадзянікоў папраўдзе не бывае. Юрэвіч.
вадзяні́стасць, ‑і, ж.
Уласцівасць вадзяністага.
вадзяні́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўтрымлівае многа лішняй вады, вільгаці. Вадзяністая бульба. Вадзяністыя ягады. // Які звадзянеў; які ператварыўся ў ваду. Вадзяністае чарніла. □ Будзе вясна. Хоць адвячорак у пушчы яшчэ ўсё як быццам зімовы. З рэшткамі хлюпкага, вадзяністага снегу. Брыль. // Які стаў рэдкім, падобным на ваду. Вадзяністы клей.
2. Бясколерны, бялёсы. Вадзяністыя вочы.
вадзя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Хвароба, пры якой у тканках і поласцях цела збіраецца вадкасць.
2. Разм. Запоўнены вадкасцю мазоль. Гарэлі далоні, у сяго-таго нават пакрыліся вадзянкамі. Шыцік.
вадзяны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае дачыненне да вады, утвораны з вады. Вадзяная пара. Вадзяны струмень. □ Вясна .. у некалькі дзён змяніла палескі краявід. Балоты абярнуліся ў суцэльныя вадзяныя пустыні. Колас.
2. Які расце, жыве ў вадзе. Вадзяное зелле. Вадзяны павук. □ Вада ў канаве была чорная і па тым, як калышацца на яе паверхні лісце нейкіх вадзяных траў, Андрэй Міхайлавіч пазнаў, што канава мае ўласную плынь. Самуйлёнак.
3. Які прыводзіцца ў рух вадою. Вадзяное кола. Вадзяная турбіна. □ Неўзабаве бліснула пакручастая стужка рачулкі, а потым паказаўся і вадзяны млынок. С. Александровіч.
4. у знач. наз. вадзяны́, ‑ога, м. Уст. Тое, што і вадзянік. У багне, пад лазой, Вадзяны канае, З горкаю слязой Топіцца ў канаве. Пушча.
•••
Вадзяная блыха гл. блыха.
Вадзяное ацяпленне гл. ацяпленне (у 2 знач.).
Вадзяны гадзіннік гл. гадзіннік.
Вадзяныя знакі гл. знак.
ва́дкасны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вадкасцей. Вадкасныя манометры.
ва́дкасць, ‑і, ж.
1. Рэчыва, якое мае ўласцівасць цячы і набываць форму той пасудзіны, у якой яно знаходзіцца. Бутэлька з вадкасцю.
2. Уласцівасць вадкага.
•••
Бардоская вадкасць — хімічны сродак, які выкарыстоўваецца для барацьбы з грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі раслін.
Спіннамазгавая вадкасць — вадкасць, якая напаўняе ў пазваночных жывёл і ў чалавека поласці спіннога і галаўнога мозгу.
ва́дкі, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца ў стане вадкасці, здольны цячы. Вадкі метал. Вадкі кісларод. Вадкае паліва.
вадналы́жнік, ‑а, м.
Спартсмен, які займаецца воднымі лыжамі.
вадналы́жны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да водных лыж. Вадналыжны спорт.