шпіяна́ж, ‑у, м.
Злачынная дзейнасць шпіёна (шпіёнаў). Не менш бязлітасна грабіла, эксплуатавала сялян і гарадскі люд духавенства, пускаючы ў ход побач з грубым насіллем усякага роду падман, подкуп, шпіянаж, інтрыгі. Алексютовіч.
[Ням. Spionage.]
шплінт, ‑а, М ‑нце, м.
Спец. Дэталь у выглядзе невялікага драцянога стрыжня, якая выкарыстоўваецца ў машынабудаванні для замацавання на вале дробных дэталей і папярэджвання самаадкручвання гаек. — Ну! Віцька гайку адкруціў і шплінт дастаў. Вось, кажа, праз гэты шплінт зламалася важная дэталь. Трэба, маўляў, усё развінчваць. Савіцкі.
[Ням. Splint.]
шплінтава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шплінтаваць.
шплінтава́цца, ‑туецца; незак.
Зал. да шплінтаваць.
шплінтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.
Спец. Замацоўваць шплінтам якія‑н. дэталі (гайкі, кола на восі і пад.). Шплінтаваць гайкі.
шплінто́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шплінтаваць.
шпо́каць, ‑ае; незак.
Разм. Падаючы, стукаючыся аб што‑н., утвараць кароткі глухі гук. І жалуды, што ападалі з дубоў, часта шпокалі на дол — гэта таксама запомнілася Лугавому. Даніленка. Бывала, калі ўсе [залатыя яблыкі] зараз паспеюць І шпокаць, спелыя, пачнуць на грады — Звон залаты стаіць на ўсю краіну. Сіпакоў. Тут-там абрываліся і гулка шпокалі па лапушыстай лістоце арэшніку кроплі расы. Калодзежны. // Разрывацца (пра кулі). Нават чуваць было, як шпокалі аб зямлю разрыўныя кулі. Сабаленка.
шпо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Аднакр. да шпокаць.
2. каго. Разм. Забіць, застрэліць.
шпо́на, ‑ы, ж.
Спец.
1. Аднаслаёвая, няклееная фанера, якая ідзе на выраб клеенай фанеры, на фанераванне і пад. Рабочыя пры дапамозе вялізных нажніц разразаюць драўлянае палатно на кавалкі пэўнай велічыні. Гэтыя асобныя лісты тонкай драўніны называюцца шпонамі. «Беларусь».
2. У друкарскай справе — металічная пласцінка, якая служыць для павелічэння інтэрвалу паміж радкамі ў наборы. Дзяжурны павінен сядзець каля друкарскай машыны і сачыць, каб не палезлі шпоны, не з’ехала клішэ, бо друкар адзін не ўгледзіць за ўсім. Гаўрылкін.
[Ад ням. Span — трэска.]
шпо́начны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да шпонкі; прызначаны для шпонкі. Шпоначная канаўка. // Звязаны з прымяненнем, выкарыстаннем шпонкі. Шпоначнае злучэнне.