шпігава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак., каго-што.
1. Утыкаць невялікія кавалачкі шпігу ў спецыяльна зробленыя надрэзы, начыняць што‑н. шпігам. Шпігаваць цяляціну. Шпігаваць зайца.
2. перан. Разм. Заўзята навучаць, паведамляць каму‑н. вялікую колькасць інфармацыі (звычайна неадабральна). На Рышальеўскай сустрэлася домаўласніца, бэйбуса якой паўгода шпігаваў.. [Іван Іванавіч] для гімназіі арыфметыкай і граматыкай. Мехаў.
3. перан. Разм. Многа раз паўтараць што‑н. каму‑н. з мэтай убіць у галаву. Між варожымі групамі часта ўзнікалі спрэчкі. Лявон не прымаў у іх удзелу, а гледзячы на яго, маўчаў і Гардыенка. Ён толькі шпігаваў сваіх ганчакоў, і яны стараліся. Чарнышэвіч. — Давай! Круці! Марудзіш дужа ты! — Шпігуюць [браты] Увесь час шафёра. Корбан.
4. Спец. Абшываць што‑н. ворсам, пянькой. Шпігаваць ветразь. Шпігаваць мату.
шпіга́т, ‑а, М ‑гаце, м.
Спец. Адтуліна ў фальшборце або на палубе судна для выдалення за борт вады.
[Гал. spiegat або spuigat.]
шпіго́ўка, ‑і, ДМ ‑гоўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шпігаваць.
2. Прыстасаванне для ўтыкання шпігу ў мяса.
шпіён, ‑а, м.
Звычайна засакрэчаная асоба, якая тайна збірае або крадзе звесткі, дакументы, што складаюць дзяржаўную або ваенную тайну, з мэтай перадачы іх іншай дзяржаве. Пачалі пашырацца чуткі аб з’яўленні ў нашых тылах варожых шпіёнаў і дыверсантаў. Машара. Паміж лясоў прабіраліся да населеных пунктаў шпіёны і дыверсанты. Чорны. Сотні мільёнаў долараў асігноўваецца ўрадам ЗША на падрыўную работу супроць краін народнай дэмакратыі і СССР, на засылку ў гэтыя краіны шпіёнаў і дыверсантаў. «Звязда». // Разм. Той, хто сочыць за кім‑н., падпільноўвае каго‑н., даносіць на каго‑н. І бацька прыняў вясёлае рашэнне: павадзіць «грыбных шпіёнаў» за нос. Шамякін.
[Ням. Spion.]
шпіёніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
Займацца шпіёнствам, шпіянажам. Прысутныя сыходзіліся на адной думцы, што хату-чытальню падпалілі тыя ліхаімцы з-за ракі, з тых фальваркаў, дзе хаваюцца кантрабандысты, якія засланы да нас з-за мяжы, каб шпіёніць і наводзіць жах на насельніцтва. Хведаровіч. // Разм. Падпільноўваць каго‑н. Асташонак рэзка ўзняў галаву: — А — аа, дык гэта ты за мной шпіёніш? Ваданосаў.
шпіёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да шпіён.
шпіёнскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шпіёна, шпіёнства; які належыць шпіёну. Прыйдзе ўвечары Наўмыснік, прынясе шпіёнскія матэрыялы. Чорны. Гледачу было зразумела, што толькі так можна размаўляць у абставінах паліцэйскага нагляду, шпіёнскага сыску. Рамановіч.
шпіёнства, ‑а, н.
Тое, што і шпіянаж; вышукванне, высочванне каго‑, чаго‑н. Яму [следчаму] было дастаткова ўпэўненасці каменданта паліцыі і некаторых паліцэйскіх, што толькі грамадоўцы маглі забіць Сашку, помсцячы за яго правакацыі і шпіёнства. Машара.
шпік 1, ‑у, м.
Спец. Касцявы мозг.
шпік 2, ‑а, м.
Разм. Тое, што і шпег. Да нас набліжаўся патруль: два паліцыянты і шпік у цывільным адзенні. Карпюк. Шпікі яшчэ досвіткам распачалі «паляванне». Яны арыштоўвалі кожнага падазронага. Таўлай.
шпікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
Разм. Тое, што і шпіёніць. Цесць у эвакуацыі, а зяць шпікуе і цяпер пра гэта ведаюць усе ў мястэчку. Навуменка.