бібліятэ́ка, ‑і, ДМ ‑тэцы, ж.
1. Падабраны пэўным чынам збор кніг, які з’яўляецца прыватнай або грамадскай уласнасцю. Класная бібліятэка. □ Кніг з сабой [Валерый] захапіў мала, усе даўно перачытаў, а ў прарабавай бібліятэцы толькі тэхнічныя даведнікі і падручнікі. Б. Стральцоў. У дзедавай бібліятэцы я натрапіў на зборы легенд і казак. Бядуля. // Назва серыі кніг, блізкіх па тыпу або прызначаных для пэўнай катэгорыі чытачоў. Бібліятэка настаўніка. Бібліятэка паэта.
2. Установа, якая збірае і захоўвае кнігі і іншыя друкаваныя і рукапісныя творы, прапагандуе і выдае кнігі чытачам. Гарадская бібліятэка. Публічная бібліятэка. Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна. □ І цяпер нікога з хлопцаў у пакоі не было: хто пайшоў у бібліятэку, хто ў кіно. Шахавец. // Будынак названай установы; пакой, у якім захоўваюцца кнігі.
•••
Бібліятэка-чытальня — бібліятэка з залай для чытання, якая абслугоўвае масавага чытача.
Бібліятэка-перасоўка — бібліятэка, якая перыядычна мяняе сваё месцазнаходжанне.
[Грэч. biblíon — кніга і thēkē — сховішча.]
бібліятэказна́ўства, ‑а, н.
Галіна ведаў аб формах і метадах арганізацыі і вядзення бібліятэчнай справы.
бібліятэказна́ўчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бібліятэказнаўства.
бібліятэ́карка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак;
Жан. да бібліятэкар.
бібліятэ́карскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бібліятэкара.
бібліятэ́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Серыйныя выданні, кніжкі, аб’яднаныя агульнай тэмай і прызначаныя для пэўнай катэгорыі чытачоў. Бібліятэчка настаўніка, прапагандыста.
бібліятэ́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бібліятэкі; належыць бібліятэцы. Бібліятэчны каталог. □ [Андрэй Барысавіч:] — [Маці] нават на фронце кніжніцай была. Пра бібліятэчную работу марыла. Мехаў.
бібліяфі́л, ‑а, м.
Аматар, знаўца, збіральнік кніг, асабліва каштоўных і рэдкіх выданняў.
[Ад грэч. biblíon — кніга і philos — люблю.]
бібліяфі́льскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бібліяфіла, бібліяфільства.