бібліятэка, ‑і, ДМ ‑тэцы, ж.

1. Падабраны пэўным чынам збор кніг, які з’яўляецца прыватнай або грамадскай уласнасцю. Класная бібліятэка. ▪ Кніг з сабой [Валерый] захапіў мала, усе даўно перачытаў, а ў прарабавай бібліятэцы толькі тэхнічныя даведнікі і падручнікі. Б. Стральцоў. У дзедавай бібліятэцы я натрапіў на зборы легенд і казак. Бядуля. // Назва серыі кніг, блізкіх па тыпу або прызначаных для пэўнай катэгорыі чытачоў. Бібліятэка настаўніка. Бібліятэка паэта.

2. Установа, якая збірае і захоўвае кнігі і іншыя друкаваныя і рукапісныя творы, прапагандуе і выдае кнігі чытачам. Гарадская бібліятэка. Публічная бібліятэка. Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна. ▪ І цяпер нікога з хлопцаў у пакоі не было: хто пайшоў у бібліятэку, хто ў кіно. Шахавец. // Будынак названай установы; пакой, у якім захоўваюцца кнігі.

•••

Бібліятэка-чытальня — бібліятэка з залай для чытання, якая абслугоўвае масавага чытача.

Бібліятэка-перасоўка — бібліятэка, якая перыядычна мяняе сваё месцазнаходжанне.

[Грэч. biblíon — кніга і thēkē — сховішча.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)