раздзельнапо́ласць, ‑і, ж.
Раздзяленне полаў; з’ява, пры якой мужчынскія палавыя органы ўласцівы адным арганізмам, а жаночыя другім.
раздзельнапо́лы, ‑ая, ‑ае.
Якому ўласціва раздзельнаполасць. Раздзельнаполыя кветкі.
раздзельнапялёсткавыя, ‑ых.
Падклас двухдольных пакрытанасенных раслін, якія маюць свабодныя, нязрослыя пялёсткі.
раздзе́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць раздзельнага.
раздзе́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Асобны, адасоблены, самастойны. Раздзельнае навучанне. Раздзельныя пасяджэнні Савета Саюза і Савета Нацыянальнасцей.
2. З перарывамі, перапынкамі, паўзамі. Пачулася раздзельная страляніна. Раздзельныя крокі. // Раздзелены, разбіты на паслядоўныя этапы; пачарговы. Раздзельная паводка. Раздзельная ацэнка ведаў вучняў. Раздзельнае напісанне слоў. Раздзельная ўборка збожжа. Раздзельны старт.
раздзе́рці, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; зак., каго-што.
Тое, што і разадраць. [Зоська:] Птушкі нейкія чорныя, такія страшныя, — жудасна і сказаць! Да нас падлятаюць, распускаюць кіпцюры, разяўляюць глюгі, — здаецца, раздзерці і глынуць нас хочуць. Купала. Сухі пакутлівы кашаль раздзёр ягоныя грудзі. Ён кашляў у хустку так, што Алесь з жахам чакаў: вось-вось з’явяцца чырвоныя плямы. Караткевіч. Суха і гучна раздзёр цішыню званок тэлефона. Шынклер.
раздзе́рціся, ‑дзяруся, ‑дзярэшся, ‑дзярэцца; ‑дзяромся, ‑дзерацеся; зак.
Тое, што і разадрацца.
раздзе́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад раздзець.
2. у знач. прым. Без адзення; адзеты не па сезону. І я з паўгадзіны гойсала раздзетая па колкім сакавіцкім снезе, ледзь ногі не памарозіла. Лось. // Які адчувае патрэбу ў адзежы. Былі мы босы і раздзеты, Смерць вораг кры[ламі] прасцёр. Мы за Рэспубліку Саветаў Пайшлі аддаць сваё жыццё. Чарот.
раздзе́цца, ‑дзенуся, ‑дзенешся, ‑дзенецца; зак.
Зняць з сябе адзенне. [Люба] раздзелася, легла ў свежую пасцель, і сапраўды-такі ніколі большай асалоды яна не перажывала. Чорны. // Распрануцца. — Раздзеньцеся ў пакоі, — папярэдзіла .. [Ліба] гасцей. Гартны.
раздзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., каго-што.
1. Зняць з каго‑н. адзенне. Мы раздзелі малога, урач агледзеў яго, аслухаў. Кулакоўскі. // Распрануць.
2. Разм. Аграбіць, зняўшы з каго‑н. адзенне. Ды сама [Хадора] амаль не ў споднім, Твар збялеў, што ў меле: — Ах, мой Савачка, мой родны, А мяне ж раздзелі! Гілевіч.