Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бесструкту́рны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае пэўнай структуры. Бесструктурная глеба.

бесстыкавы́, ‑ая, ‑ое.

Які складаецца з рэек, што не маюць стыкаў. Бесстыкавыя чыгуначныя магістралі.

бессуб’е́ктны, ‑ая, ‑ае.

У выразе: бессуб’ектны сказ гл. сказ.

бессюжэ́тны, ‑ая, ‑ае.

У якім няма сюжэта (пра мастацкі твор). Бессюжэтнае апавяданне. Бессюжэтная карціна.

бессядзі́бны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае сядзібы. Бессядзібны гаспадар.

бессяме́йны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае сям’і. Гаспадарку [Паўла Рудзіна] ў вёсцы вёў яго бессямейны брат. Галавач. // Які праходзіць у адзіноце, без сям’і. Бессямейнае жыццё. / у знач. наз. бессяме́йны, ‑ага, м. Інтэрнат для бессямейных.

бессямя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Тое, што і безнасенка. Спачатку расло ў ..[садку] тое, што і ў многіх іншых садах тых месц: ігрушы-бессямянкі, рэпкі. Кулакоўскі.

бестакто́ўнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць бестактоўнага; адсутнасць такту. Бестактоўнасць пытання. □ Алёшка спачатку змоўк, абураны бестактоўнасцю Рыгора, а потым усё больш і больш пачаў гарачыцца, даказваць. Ляўданскі.

2. Бестактоўны ўчынак. Але мацней за гэтае пачуццё была ўпэўненасць, што Сяргей павядзе сябе разумна і ніякай бестактоўнасці ў прысутнасці вучняў не дазволіць. Шамякін.

бестакто́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які не прытрымліваецца такту ў абыходжанні з людзьмі; нетактоўны. Але ж перад.. [Лёдзяй] стаяла не проста аслепленая непрыязнасцю, бестактоўная эгаістка, а Юркава маці. Карпаў. // Неадпаведны абставінам; недарэчны. [Лемяшэвіч] гэтак жа, як і Бушыла, быў абураны бестактоўным учынкам завуча. Шамякін.

бе́сталач, ‑ы, ж.

Разм.

1. Беспарадак, неразбярыха; бесталкоўшчына. [Мароз:] — Гм [Ціхаміраў] паглядзі, што ў цябе там на руме робіцца! Там жа пад’ехаць нельга! Такая бесталач! Лобан.

2. Бесталковы чалавек.