Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

беспрынцыпо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які не мае, не выражае пэўных прынцыпаў, пазбаўлены маральных асноў. Беспрынцыповы чалавек. Беспрынцыповы падбор кадраў. Беспрынцыповае рашэнне.

беспрыпы́начны, ‑ая, ‑ае.

Які не робіць прыпынкаў; які не мае перапынкаў у руху, у дзеянні.

беспрыста́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае пры сабе прыстаўкі. Беспрыставачны дзеяслоў. Беспрыставачная аснова.

беспрыто́мнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць беспрытомнага; адсутнасць прытомнасці. Праціснуўшыся паўз цэглу і абадраўшыся да крыві, Чыжык застагнаў ад болю і зноў у беспрытомнасці ўпаў. Лупсякоў.

беспрыто́мны, ‑ая, ‑ае.

Які страціў прытомнасць. Аварыйная служба выкапала з-пад пароды Мацюка яшчэ жывога, але беспрытомнага. Сабаленка. / у знач. наз. беспрыто́мны, ‑ага, м.; беспрыто́мная, ‑ай, ж. Нейкая цётка, божкаючы, прынесла вядро вады з калодзежа і лінула беспрытомнаму на галаву. Машара.

беспрыту́льнасць, ‑і, ж.

Стан беспрытульнага; наяўнасць безнаглядных, беспрытульных дзяцей. Барацьба з беспрытульнасцю.

беспрыту́льнік, ‑а, м.

Бяздомнае дзіця, падлетак, якія страцілі сям’ю або адарваліся ад яе і жывуць на вуліцы без догляду і выхавання. Тое, што .. [ахоўнікі] ўбачылі, не прывяло іх у захапленне: на дахах вагонаў віднеліся постаці беспрытульнікаў. Нядзведскі.

беспрыту́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да беспрытульнік.

беспрыту́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае прытулку; бяздомны. Беспрытульны чалавек. // Асірацелае, бяздомнае дзіця, якое жыве на вуліцы без догляду і выхавання. Месяц ці нават больш Рома пражыў у Лаўрыніхіт — яна завяла беспрытульнага цыгана да сябе, бо векавала адна; думала, што ён будзе ў яе за сына. Чыгрынаў. / у знач. наз. беспрыту́льны, ‑ага, м.; беспрыту́льная, ‑ай, ж. Хто яна і адкуль, Таня сама не ведала. Падабралі яе малую чужыя людзі на вялікай дарозе і далі прытулак у сваім доме. Колькі было тады, у грамадзянскую вайну, беспрытульных! Новікаў.

2. перан. Пазбаўлены належнага нагляду; закінуты, занядбаны. [Чалавек:] — Прыбралі мы да сваіх рук адну беспрытульную швейную фабрычку. Лынькоў. [Карнейчык:] — Станок № 16 зусім беспрытульны, за пэўнымі людзьмі не замацаваны, увесь брудам зарос. Крапіва. // Які не дае прытулку, няўтульны. Сумам і беспрытульнай адзінотай веяла ад старой хаціны. Самуйлёнак.

беспрычы́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць беспрычыннага.