Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шпа́ндыр, ‑а, м.

Спец. Рэмень, якім шавец прымацоўвае сваю работу да нагі.

[Ад ням. Spannriemen.]

шпа́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жук сямейства нарыўнікаў, шкоднік лісцевых дрэў і кустоў; шпанская мушка.

шпа́нскі, ‑ая, ‑ае.

Як састаўная частка назваў некаторых жывёл і раслін. Шпанская авечка. Шпанскі хмель. Шпанская канюшына.

•••

Шпанская муха гл. муха.

шпаню́к, ‑а, м.

Разм. Блазан, блазнюк; малакасос. Пасажыры скоса пазіралі на мяне. Нехта нават цыкнуў: — Што ты ўсё круцішся, шпанюк! Таўхаля захацеў? Шыловіч. З усіх бакоў неслася: — Нягодніка Шпанюкі! — Таго вялікага!.. Вялікага трымай! Сцёпка здагадаўся, што і Шупік уцякае. Хомчанка.

шпарга́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм. Лісток паперы з запісамі, лічбамі, формуламі, фармуліроўкамі і пад., якім карыстаюцца тайна ад выкладчыка ў час экзаменаў або праверкі ведаў. За час, які ён [Алік] патраціў на гэтую шпаргалку, відаць, можна было назубок вывучыць не толькі тэарэму, але і падрыхтаваць усе ўрокі. Краўчанка.

[Ад польск. szpargały — непатрэбныя, спісаныя паперы.]

шпаркакры́лы, ‑ая, ‑ае.

Які мае шпаркія крылы; хутка, шпарка лятае. Шпаркакрылы сокал. Шпаркакрылы самалёт.

шпаркано́гі, ‑ая, ‑ае.

Які хутка ходзіць і бегае. Шпарканогі заяц. □ — А што лепш, Пеця, — шпарканогі кенгуру ці галапузы дрозд? Ракітны. Завывае, бы ў лесе ваўчыца, Шпарканогі кур’ерскі цягнік. Чарнушэвіч.

шпа́ркасць, ‑і, ж.

Уласцівасць шпаркага, хуткасць. Але ў кожнага з незвычайнай шпаркасцю праносіліся ў галаве ўрыўкі сваёй маладосці, сваіх гарачых жаданняў. Каваль.

шпа́ркі, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і хуткі (у 1–3 знач.). Шпаркая язда. □ Селянін без шапкі з ускудлачанымі валасамі віхрам імчаўся на шпаркім кані. Колас. Б’ецца, уецца шпаркі, лёгкі Сінякрылы матылёк. Багдановіч. Акінуўшы шпаркім поглядам усю карту Месяца, Дзянісаў працягваў: — Палёт на Месяц — гэта выдатна! Гамолка.

шпарчэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. шпаркі.