раздаро́жжа, ‑а, н.
Месца, дзе сходзяцца і разыходзяцца дарогі, ростань. — Там, на раздарожжы, я злезу — пайду напрамкі, бо там ужо недалёка. Лупсякоў.
•••
На раздарожжы — у стане сумнення, роздуму, хістання, у нерашучасці (быць, стаяць, знаходзіцца і пад.).
раздары́ць, ‑дару, ‑дорыш, ‑дорыць; зак., каго-што.
Раздаць у выглядзе падарункаў усё, многае.
разда́тачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да раздачы; прызначаны для раздачы. Раздатачны пункт. Раздатачны матэрыял. Раздатачны коўш.
2. у знач. наз. разда́тачная, ‑ай, ж. Памяшканне, дзе праводзіцца раздача чаго‑н. Адпускаць абеды цераз раздатачную.
разда́тчык, ‑а, м.
1. Рабочы, які займаецца раздачай. Барыс працуе багажным раздатчыкам у Брэсце. «Звязда».
2. Прыстасаванне для раздачы, размеркавання чаго‑н. Паступленне кармавой сумесі са змяшальніка ў раздатчык.
разда́тчыца, ‑ы, ж.
Жан. да раздатчык (у 1 знач.).
разда́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад раздавіць.
разда́цца 1, ‑дасца; ‑дадуцца; пр. раздаўся, ‑далася, ‑лося; заг. раздайся; зак.
Прагучаць, пачуцца. Зусім недалёка раздалося некалькі адрывістых стрэлаў. Лынькоў. Над шалашом раздалася дзіўная песня. Якімовіч.
разда́цца 2, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. раздаўся, ‑далася, ‑лося; заг. раздайся; зак.
1. Стаць большым, шырэйшым, расшырыцца. Яўген наліваецца сілаю, раздаўся ў плячах. Карпаў. Цьмяным перламутрам пачалі адсвечваць кусты арэшніку, пупышкі на ім крыху раздаліся і выпусцілі малінавыя зорачкі цвету. Лужанін.
2. Расступіцца, рассунуцца, утварыўшы прастору ў сярэдзіне. Народ раздаўся ў бакі.
3. Раскалоцца, раздзяліцца. І трэск аўтаматаў яшчэ не замоўк, Калі разарваўся На купіне мох, — Як бы раздалася Яна папалам, І ўстала дзяўчына З гранатаю там. Гілевіч.
разда́ць 1, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; раздаў, ‑дала, ‑ло; заг. раздай; зак., каго-што.
Аддаць усё, многае многім; размеркаваць паміж многімі. Калі настаўніца раздала дзённікі, усе былі здаволены. Якімовіч. [Гарасім] хацеў прадаць зямлю, а грошы раздаць бедным. Чарнышэвіч. — Дзяцей [з дзіцячага дома] можна раздаць па сёлах. Сяляне іх смела возьмуць, бо іх лёгка выдаваць за сваіх. Шамякін.
разда́ць 2, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; пр. раздаў, ‑дала, ‑ло; заг. раздай; зак., што.
Расшырыць, расцягнуць, зрабіць прасторным. Раздаць боты на калодцы. // безас. Зрабіць поўным, тоўстым. Быў [Анікей] проста вясковы хлапчук. А гэта — вырас, памужнеў, у плячах раздало. Чысты і стройны такі... Ракітны.
разда́ча, ‑ы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. раздаваць 1 — раздаць 1.
раздвае́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. раздвойваць — раздвоіць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. раздвойвацца — раздвоіцца.
2. Што-небудзь раздвоенае, раздвоеная частка чаго‑н. Капыты з раздваеннем.