Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

беззако́нны, ‑ая, ‑ае.

Які супярэчыць закону, законнасці. Беззаконны ўчынак.

беззапаве́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць беззапаветнага; самаадданасць.

беззапаве́тны, ‑ая, ‑ае.

Які аддаецца поўнасцю, да самазабыцця чаму‑н.; самаадданы. Беззапаветнае служэнне Радзіме.

беззваро́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць беззваротнага (у 1 знач.).

беззваро́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога нельга вярнуць; згублены, страчаны назаўсёды. Што ж твае вочы слязамі гараць, Па беззваротнай сумуюць вясне? Танк. [Доктар Шварц:] — У імя беззваротнага мінулага я прашу аб адным: ратуйце ад смерці дзяцей маіх і ўнукаў! Лынькоў.

2. Які дадзены назаўсёды і не павінен аддавацца. Беззваротная пазыка, дапамога.

беззмясто́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць беззмястоўнага. Бяззмястоўнасць выступлення.

беззмясто́ўны, ‑ая, ‑ае.

Бедны думкамі, нецікавы. Беззмястоўны твор.

беззяме́лец, ‑льца, м.

Тое, што і беззямельнік. У Скіп’ёўскім Пераброддзі аселі і забудаваліся пасля восені дзевяцьсот семнаццатага года тутэйшыя беззямельцы. Чорны.

беззяме́лле, ‑я, н.

Адсутнасць або недахоп зямлі, неабходнай для жыцця чалавека. Кравец Самабыль радзіўся і вырас у вёсцы. Прафесіі свае не любіць: горкая бядота, беззямелле змусілі яго шукаць іншага спосабу да жыцця. Колас.

беззяме́льнік, ‑а, м.

Разм. Беззямельны селянін. Два гады бадзяўся Тодар па маёнтках, бяздомнік, беззямельнік. Чарнышэвіч.