шпажы́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Спартсмен, спецыяліст па фехтаванню на шпагах. Адбыліся фіналы камандных спаборніцтваў шпажыстаў. «Звязда».
шпак, ‑а, м.
Пералётная пеўчая птушка атрада вераб’іных з чорным апярэннем. З бярозы на бярозу кулямі перашмыгваюць чорныя, як у сажы ўсе, шпакі. Мурашка.
шпаклёвачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шпаклёўкі. Шпаклёвачныя работы. // Які прызначаецца, служыць для шпаклёўкі. Шпаклёвачны састаў. Шпаклёвачная маса.
шпаклёўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шпакляваць.
2. Замазка, якой пакрываюць паверхню; слой гэтай замазкі, нанесены на якую‑н. паверхню. Расказаў [Сіманенка] пра шпаклёўку і пемзу, пра іх прызначэнне ў малярнай справе, некалькі разоў знарок паўтарыў, што фарба наносіцца на паверхню сцен паралельна столі. Мыслівец.
шпаклёўшчык, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца шпаклёўкай (у 1 знач.).
шпаклява́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шпакляваць.
шпаклява́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад шпакляваць.
шпаклява́цца, ‑люецца; незак.
Зал. да шпакляваць.
шпаклява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.
Замазваць спецыяльным саставам шчыліны і няроўнасці на якой‑н. паверхні, падрыхтоўваючы яе для наступнай апрацоўкі (паліроўкі, фарбавання і пад.). У сярэдзіне школы яшчэ стукалі сантэхмантажнікі, маляры шпаклявалі дзверы. Грахоўскі. Пакуль дзед шпаклюе дно лодкі, я пераціраю трайнікі і гляджу на возера, залітае водбліскам вячэрняй зары. Шашкоў.
[Ад ням. spachteln.]