Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фрахтава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да фрахтаваць.

фрахтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

Наймаць судна для перавозкі грузаў. [Васіль Васільевіч:] — Якія краіны толькі не фрахтавалі яго [капітана] судна! Сіпакоў.

фрахто́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фрахту; звязаны з перавозкай грузаў водным шляхам. Фрахтовыя грузы.

фрахто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. фрахтаваць.

фрахто́ўшчык, ‑а, м.

Асоба або ўстанова, якая дае судна для перавозкі грузаў.

фра́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фрака. Фрачны гузік. // Прызначаны для нашэння з фракам. Фрачная сарочка.

•••

Фрачная пара — касцюм, які складаецца з штаноў і фрака.

фро́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Буржуазна-дваранскі рух супраць абсалютызму ў Францыі сярэдзіны 17 ст. // Наогул якая‑н. апазіцыя, што супрацьпастаўляе каму‑, чаму‑н. свае погляды, сваю палітыку і пад. Нездарма ў яго [Галоўнага] часта бывалі вострыя сутычкі з Адамам Стронгам і яго падапечнай літаратурнай фрондай. Паслядовіч.

2. перан. Кніжн. Незадаволенасць кім‑, чым‑н.; франдзёрства. Прычыны ж гэтай фронды і ўсяго Косцевага няправільнага жыцця аўтар бачыць у пласцінках джазавай музыкі, у залішнім ужыванні рому. «Полымя».

фронт, ‑у, М ‑нце; мн. франты, ‑оў; м.

1. Строй салдат, войск. Выстраіць ва фронт. □ Перад фронтам кожнай з паасобных брыгад Баранавіцкага злучэння была зачытана радыёграма начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху. Брыль. // Спец. Размяшчэнне караблёў або самалётаў на лініі, перпендыкулярнай курсу іх руху. // перан. Пра што‑н., што цягнецца лініяй, паласой. Фронт таполяў пры дарозе.

2. Звернуты да непрыяцеля край баявога размяшчэння войск або асобнай вайсковай адзінкі. Фронт расцягнуты на пяць кіламетраў. □ У гэты час прыйшоў загад нам наступаць з тылу, а танкам і пяхоце — з фронту. Так меркавалася прарваць нямецкую абарону. Няхай. Ішлі байцы доўга і прайшлі, здавалася, нямала, лініі фронту ўсё яшчэ не адчувалася і ніхто пэўна не ведаў, дзе яна была, гэтая лінія. Кулакоўскі.

3. Месца, раён ваенных дзеянняў і размяшчэння войск у час вайны, у процілегласць тылу. Пасылаліся з далёкага фронту пісьмы ў глухія закуткі палескіх вёсак. Колас. [Пятро:] — Мы ляцелі за чарговай партыяй раненых. Вазілі раненых з фронту ў тыл. Мележ. Карыстаючыся часовым зацішшам на фронце, салдаты і малодшыя камандзіры штаба дывізіі праходзілі кожны дзень страявую падрыхтоўку. Машара. // Адзін з участкаў такога раёна. Паўднёвы фронт. Заходні фронт. // Дзеючая армія ў такім раёне. Вайна зацягвалася, і на фронт пачалі браць запасных. Рамановіч. // Ваенныя дзеянні ў такім раёне. Даўно ўжо франты адгрымелі, Ўзняліся да сонца дубы. Прыходзька.

4. Самае вялікае воінскае злучэнне ў ваенны час. У галоўным штабе фронту пастанавілі выбіць.. [белых] з пазіцый і пачаць адганяць. Чорны. Майстэрства вядзення вайны прасочваецца ў рамане [«Мінскі напрамак» І. Мележа] ва ўсіх яго звеннях — ад камандуючага фронтам да камандзіра аддзялення. Дзюбайла.

5. перан.; чаго. Месца, участак, на якім адначасова выконваецца некалькі працэсаў, работ. Фронт забудовы. □ Хлебаробы рэспублікі пашыраюць фронт сяўбы яравых. «Звязда». // чаго або які. Сфера, галіна якой‑н. дзяржаўнай, грамадскай і іншай дзейнасці. Працоўны фронт. Культурны фронт. // чаго або які. Аб’яднанне якіх‑н. грамадскіх сіл, якія ажыццяўляюць дасягненне якой‑н. мэты. Адзіны фронт прыхільнікаў міру. □ Ніканор даў сто рублёў у дапамогу жонкам і дзецям байцоў народнага фронту Іспаніі. Бядуля. Вы [камсамольцы] справамі мацуеце сваімі Сусветны фронт барацьбітоў за мір, І ганарыцца вамі ўся Радзіма. Танк.

6. У метэаралогіі — зона падзелу паміж рознымі паветранымі масамі. Сіноптык Мінскага бюро надвор’я.. вылучае на .. [карце] раёны, дзе прайшлі ападкі, дзе стаяла яснае бязвоблачнае надвор’е, дзе праходзяць атмасферныя франты, дзе ціск паветра паніжаецца або павышаецца ў параўнанні з папярэдняй картай. «Беларусь».

7. Спец. Пярэдняя частка чаго‑н. Фронт катла. Фронт абцаса.

•••

Адзіным фронтам — дружна, згуртавана.

На два франты — у двух напрамках (дзейнічаць).

На ўсіх франтах — усюды (паспяваць, спраўляцца).

Шырокім фронтам — шырока, з вялікім ахопам; скрозь.

[Ад лац. frons, frontis — лоб.]

фрукт, ‑а, М ‑кце, м.

1. звычайна мн. (фру́кты, ‑аў). Ядомы плод некаторых дрэў і кустоў. У гэтай мясцовасці шмат апельсінавых садоў і рысавых палёў. Увесь год свежыя фрукты, яркія кветкі. В. Вольскі.

2. перан. Разм. пагард. Пра чалавека з адмоўнымі якасцямі; тып, суб’ект. Бач ты, фрукт! Яшчэ малако на губах не абсохла, а павучае ўжо, куранё! Каршукоў.

[Лац. fructus.]

фруктаўшчы́к, ‑а, м.

Той, хто мае фруктовы магазін або гандлюе фруктамі.