фронт, ‑у, М ‑нце; мн. франты, ‑оў; м.
1. Строй салдат, войск. Выстраіць ва фронт. ▪ Перад фронтам кожнай з паасобных брыгад Баранавіцкага злучэння была зачытана радыёграма начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху. Брыль. // Спец. Размяшчэнне караблёў або самалётаў на лініі, перпендыкулярнай курсу іх руху. // перан. Пра што‑н., што цягнецца лініяй, паласой. Фронт таполяў пры дарозе.
2. Звернуты да непрыяцеля край баявога размяшчэння войск або асобнай вайсковай адзінкі. Фронт расцягнуты на пяць кіламетраў. ▪ У гэты час прыйшоў загад нам наступаць з тылу, а танкам і пяхоце — з фронту. Так меркавалася прарваць нямецкую абарону. Няхай. Ішлі байцы доўга і прайшлі, здавалася, нямала, лініі фронту ўсё яшчэ не адчувалася і ніхто пэўна не ведаў, дзе яна была, гэтая лінія. Кулакоўскі.
3. Месца, раён ваенных дзеянняў і размяшчэння войск у час вайны, у процілегласць тылу. Пасылаліся з далёкага фронту пісьмы ў глухія закуткі палескіх вёсак. Колас. [Пятро:] — Мы ляцелі за чарговай партыяй раненых. Вазілі раненых з фронту ў тыл. Мележ. Карыстаючыся часовым зацішшам на фронце, салдаты і малодшыя камандзіры штаба дывізіі праходзілі кожны дзень страявую падрыхтоўку. Машара. // Адзін з участкаў такога раёна. Паўднёвы фронт. Заходні фронт. // Дзеючая армія ў такім раёне. Вайна зацягвалася, і на фронт пачалі браць запасных. Рамановіч. // Ваенныя дзеянні ў такім раёне. Даўно ўжо франты адгрымелі, Ўзняліся да сонца дубы. Прыходзька.
4. Самае вялікае воінскае злучэнне ў ваенны час. У галоўным штабе фронту пастанавілі выбіць.. [белых] з пазіцый і пачаць адганяць. Чорны. Майстэрства вядзення вайны прасочваецца ў рамане [«Мінскі напрамак» І. Мележа] ва ўсіх яго звеннях — ад камандуючага фронтам да камандзіра аддзялення. Дзюбайла.
5. перан.; чаго. Месца, участак, на якім адначасова выконваецца некалькі працэсаў, работ. Фронт забудовы. ▪ Хлебаробы рэспублікі пашыраюць фронт сяўбы яравых. «Звязда». // чаго або які. Сфера, галіна якой‑н. дзяржаўнай, грамадскай і іншай дзейнасці. Працоўны фронт. Культурны фронт. // чаго або які. Аб’яднанне якіх‑н. грамадскіх сіл, якія ажыццяўляюць дасягненне якой‑н. мэты. Адзіны фронт прыхільнікаў міру. ▪ Ніканор даў сто рублёў у дапамогу жонкам і дзецям байцоў народнага фронту Іспаніі. Бядуля. Вы [камсамольцы] справамі мацуеце сваімі Сусветны фронт барацьбітоў за мір, І ганарыцца вамі ўся Радзіма. Танк.
6. У метэаралогіі — зона падзелу паміж рознымі паветранымі масамі. Сіноптык Мінскага бюро надвор’я.. вылучае на .. [карце] раёны, дзе прайшлі ападкі, дзе стаяла яснае бязвоблачнае надвор’е, дзе праходзяць атмасферныя франты, дзе ціск паветра паніжаецца або павышаецца ў параўнанні з папярэдняй картай. «Беларусь».
7. Спец. Пярэдняя частка чаго‑н. Фронт катла. Фронт абцаса.
•••
Адзіным фронтам — дружна, згуртавана.
На два франты — у двух напрамках (дзейнічаць).
На ўсіх франтах — усюды (паспяваць, спраўляцца).
Шырокім фронтам — шырока, з вялікім ахопам; скрозь.
[Ад лац. frons, frontis — лоб.]