Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фотаграмме́трыя, ‑і, ж.

Тэхнічная дысцыпліна, якая распрацоўвае спосабы вызначэння формы, памераў і размяшчэння розных аб’ектаў у прасторы на аснове вымярэнняў іх фатаграфічных відарысаў.

[Ад грэч. phos, phōtós — святло, gramma — запіс і metréo — вымяраю.]

фотадакуме́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Фатаграфія, якая адлюстроўвае рэальны факт і мае гістарычнае, юрыдычнае і пад. значэнне. І вось, каторы раз, трапляе мне пад рукі знаёмы фотадакумент, здымак дзён партызанскіх. Кавалёў.

фотадакумента́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фотадакументаў; заключае ў сабе фотадакументы. Фотадакументальныя матэрыялы.

фотажурналі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Журналіст-фатограф, фотакарэспандэнт.

фотазды́мак, ‑мка, м.

Фатаграфічны здымак; фатаграфія (у 2 знач.). Злева, на стэндзе, была вітрына з фотаздымкамі перадавікоў-калгаснікаў... Ваданосаў.

фотазды́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Фатаграфічная здымка. Аб’ектыў апарата накіраваны на шырокі экран, да якога прымацаваны фатаграфіі, малюнкі, дыяграмы. Ідзе фотаздымка. Курто.

фотаілюстра́цыя, ‑і, ж.

Ілюстрацыя чаго‑н. у выглядзе фатаграфічнага здымка.

фотаінфарма́цыя, ‑і, ж.

Інфармацыя, якая ажыццяўляецца сродкамі фатаграфіі, прадстаўленая ў фотаздымках. Неўзабаве пачнецца прыём фотаінфармацыі з космасу. «Маладосць».

фотака́мера, ‑ы. ж.

1. Частка фотаапарата, якая з’яўляецца святлонепранікальнай каробкай з аб’ектывам; фатаграфічная камера. Стэрэаскапічная фотакамера.

2. Тое, што і фотаапарат.

фотака́ртка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Картка з фатаграфічным здымкам каго‑, чаго‑н.; фатаграфічная картка. На сценах, у рамках, віселі фотакарткі. Гамолка. На фотакартцы быў мост — вялікі, прыгожы, з фігурамі на шырокіх каменных парэнчах. Арабей.