Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вадацёк, ‑у, м.

Спец. Агульная назва для натуральных і штучных водных патокаў (рэк, каналаў і пад.), якія маюць свабодную водную паверхню; паток вады.

ваджэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. вадзіць (у 2 знач.).

вадзі́ца, ‑ы, ж.

Ласк. да вада́ (у 1 знач.). Звініць песня ў полі, звініць, Уторыць сярпу і касе, Бурліцца вадзіца з крыніц, Купаецца сонца ў расе. Купала. У светлай крыніцы Вадзіца-жывіца. Броўка.

вадзі́цель, ‑я, м.

Той, хто кіруе самаходнай машынай (аўтамабілем, танкам, катэрам і пад.). Вадзіцель павысоўваліся з кабін, сям-там выйшлі з машын пасажыры. Лынькоў.

вадзі́цельскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вадзіцеля. Не адчуваецца ў.. [Бачуры] вадзіцельскай упэўненасці, лёгкасці, вядзе машыну напружана. Краўчанка.

ва́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

Разм. Сварыцца, лаяцца, спрачацца з кім‑н. Хоць віном, а не вадзіцай Поіш мяне, сваціца, — Не хачу з табой вадзіцца, Бо ты любіш вадзіцца. Гілевіч.

вадзі́цца, ваджу́ся, во́дзішся, во́дзіцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць, жыць (пра жывёл, птушак і пад.). Вадзіліся ў гэтым лесе мядзведзі, ласі і нават такі драпежны звер, як рысь. Лупсякоў. На гарышчы валаснога будынка вадзілася многа кажаноў. Лобан. // Быць у наяўнасці. У хаце не толькі не вадзіўся хлеб, але гадамі не было солі. Дуброўскі.

2. безас. Быць звычаем, правілам. [Суседка] прынесла паўбохана.. хлеба і для прыстойнасці, як гэта водзіцца ў час праводзін, засталася ў хаце. Ракітны.

3. з кім. Разм. Мець справу, сябраваць. [Маці:] — Васіль абы каго не пашле. Васіль абы з кім вадзіцца не будзе... Няхай.

4. Разм. Доўга і беспаспяхова змагацца з кім‑н. Вось-вось-вось ён ляжа, здэцца, Але пнецца — не здаецца. Так вадзіліся яны Цэлу ноч, як певуны. Крапіва. [Пятрок і Кузьма] браліся загрудкі, доўга вадзіліся, саплі і, нарэшце, так і разыходзіліся. Нікановіч.

ва́дзіць, ‑дзіць; безас. незак. (часцей з адмоўем).

Разм. Шкодзіць, перашкаджаць. [Паўлюк Трус] трохі своеасабліва вымаўляў «р», але гэта не толькі не вадзіла, а рабіла чытанне яшчэ прыемнейшым. Лужанін.

•••

Не вадзіць — так і трэба; не шкодзіць.

вадзі́ць, ваджу́, во́дзіш, во́дзіць; незак.

1. каго. Накіроўваць хаду каго‑н., памагаць ісці. Вадзіць дзіця за руку. Вадзіць хворага. □ Мы вадзілі коней у лес, у такое месца, куды не вельмі хто трапляў. Кулакоўскі. // Хадзіць з кім‑н., паказваючы яму што‑н. [Дзядок:] — Учора зяць з дачкой вадзілі мяне ў тэатр. Корбан. // каго-што. Хадзіць на чале каго‑, чаго‑н., кіраваць; узначальваць. Вадзіць полк у атаку. // Разм. Прыводзіць з сабою каго‑н. Вадзіць сяброў да сябе ў хату. // Даглядаць, ахоўваць (пра птушак, звяроў). Вадзіць куранят. // Прымушаць хадзіць з сабою. Тады цыганы ў горадзе Смаргоні абучалі мядзведзяў розным фокусам, пасля чаго вадзілі іх па гарадах. Бядуля.

2. што. Кіраваць рухам самаходнай машыны. Вадзіць камбайн. Вадзіць цягнікі.

3. чым па чым. Рухаць чым‑н. па паверхні чаго‑н. Вадзіць алоўкам па карце. □ Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас. Сеецца, дрыжыць мрок. Здаецца, чуваць, як нехта ўгары водзіць далонню па шурпатым палатне. Пташнікаў. // чым. Рухаць, перамяшчаючы з аднаго боку ў другі. Лаўніцкі, гартаючы кнігу, хутка вадзіў вачыма па старонках, час ад часу спыняўся і нешта запісваў у блакнот. Шахавец. Не хапаючыся, не высільваючыся, ашчадна трацячы сілы, мерным, спрактыкаваным рухам вадзіў.. [Васіль] касою. Мележ.

4. што, з кім. Падтрымліваць (знаёмства, дружбу і пад.). Вадзіць блізкае знаёмства. □ Да яго [земляка] зайшоў на службу, У ягоны кабінет: Як-ніяк — вадзілі дружбу Многа зім і многа лет. Бялевіч.

5. пераважна безас. каго-што. Хістаць у бакі, заносіць пры хадзьбе, яздзе. Машыну пачало вадзіць на мокрай дарозе. □ Ішоў.. [малады чалавек] так павольна і так яго вадзіла ў бакі, што льга было думаць, што ён некалькі тыдняў нічога ў рот не браў. Чорны.

6. Кіраваць гульнямі, танцамі. Вечарынкі-карагоды Пад баян вадзіла ты. А. Александровіч.

•••

Вадзіць дзяды — драмаць, седзячы спаць.

Вадзіць за нос — абяцаць і не выконваць, уводзіць у зман.

вадзі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Ласк. да вада (у 1 знач.).

вадзя́начны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вадзянкі. Вадзяначныя ацёкі.

вадзяне́ць, ‑ее; незак.

Рабіцца вадзяністым.