адрабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак.
1. Разлічыцца за даўгі, атрыманыя грошы і пад. сваёй працай. — Дзякуй вам, дзякуй! — пачаў паўтараць.. Даніла і ледзь не кланяецца гаспадыні. — Мы заплацім, як прыедзе сын, а то я адраблю валі, кашоў напляту. Кулакоўскі.
2. Разм. Скончыць працаваць. Адрабіўшы, можна і адпачыць. // Перастаць рабіць, папрацаваўшы доўгі час, аддаць працы многа сіл, стаць непрыгодным для працы. [Сын з нявесткай:] — Не табе, старой, сягоння Раўнавацца з намі, Ты сваё ўжо адрабіла, Справімся і самі. Русак. — Дзед ужо не работнік... — ледзьве прагаварыла маці праз плач. — Дзед сваё адрабіў... Якімовіч. // Знасіцца ад працяглай работы (пра машыны, прылады і пад.).
3. Папрацаваць нейкі час. Пастушэня гутаркай кароткай быў узрушан, хоць нямала ён у праектнай адрабіў канторы, розных шмат спраектаваў мастоў. Русецкі.
4. чаго, што. Зрабіць так, каб вярнуць што‑н. да ранейшага стану. Адно для Сценкі было ясна: цяпер ён за парогам бацькавай хаты. Таго, што зрабілася, назад не адробіш. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акружы́ць, акружу, акружыш, акружыць; зак., каго-што.
1. Стаць, размясціцца вакол каго‑, чаго‑н., утварыўшы круг або замкнёную лінію. Дзяўчаты акружылі ложак настаўніцы. Брыль. // Быць, аказацца размешчаным вакол каго‑, чаго‑н. Лес акружыў поле.
2. Абвесці, абнесці чым‑н.; размясціць што-небудзь вакол чаго‑н.; акаймаваць. Акружыць горад валам. □ Каб не смелі яблыньку Паламаць вятры, Мы акружым дрэўцамі У радочкі тры. Тарас.
3. Абысці кругом, узяць у кальцо, пазбавіўшы магчымасці выхаду, адступленне; асадзіць. Акружыць ворага. □ Тым часам генерал Бялоў даў загад, каб частка людзей пеша акружыла горад. Мікуліч. Ляснік хутка выйшаў з пакояў, а пан стаў меркаваць, як бы акружыць лес і зрабіць аблаву. Чарот.
4. перан. Стварыць для каго‑н. кампанію, акружэнне, прыблізіўшы да яго патрэбных, жаданых людзей. Акружыць дзіця нянькамі. Акружыць блізкімі. // Стварыць вакол каго‑н. пэўную атмасферу; устанавіць пэўныя адносіны да каго‑н. Акружыць увагай і клопатам, Акружыць пашанай жанчыну-маці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заслані́ць, ‑сланю, ‑слоніш, ‑слоніць; зак., каго-што.
1. Закрыць, загарадзіць сабою або чым‑н. Нізкія і вузкія дзверы зямлянкі засланіла вялікая постаць чалавека. Шамякін. Антось падбег да акна, спіной засланіў разбітую шыбу. Мележ. // Закрыць засланкай (печ). [Люба] загарнула жар, засланіла печ, дастала штосьці з-пад прыпека і пачала вячэраць. Чорны. // перан. Пазбавіць магчымасці чуць, бачыць, разумець і пад. (пра органы пачуццяў). Усё памутнела ў галаве, вочы засланіў нейкі густы змрок. Шчарбатаў. / у безас. ужыв. Слухае маці і нічога не цяміць, як бы ёй розум засланіла. Колас.
2. перан. Адсунуць на задні план. Уражанні першага школьнага дня, здавалася, засланілі ўсе іншыя інтарэсы і падымалі ў хлопцаў настрой. Колас. Іншае, моцнае і радаснае пачуццё засланіла на момант усё астатняе. Якімовіч.
•••
(Увесь) свет засланіць — а) зрабіць жыццё пакутным, бязрадасным. Вайна, як гром, абарвала добрыя надзеі, засланіла цемрай свет. Кавалёў; б) прымусіць забыць пра ўсё на свеце. Дзіця засланіла Клаўдзіі Аляксееўны ўвесь свет. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засты́ць, ‑стыну, ‑стынеш, ‑стыне; зак.
1. Загусцець, стаць цвёрдым пры ахалоджванні (пра рэчывы). Лой застыў. Смала застыла.
2. Разм. Падмерзнуць, прымерзнуць; пакрыцца лёдам (пра ваду). Тут рачулка зусім не замерзла, толькі, .. запарушаная снегам, застыла. Сачанка.
3. Разм. Моцна змерзнуць, закарчанець. Застыць на марозе. Рукі застылі. // Прастудзіцца. Застыць у дарозе.
4. Астыць, ахаладзець (пра труп).
5. Стаць нерухомым; замерці (звычайна ў якой‑н. позе, у якім‑н. становішчы). Сустрэча была такая нечаканая, што Марылька аж скаланулася і нерухома застыла на месцы. Чарнышэвіч. Маці як несла патэльню на стол, так і застыла з ёю на паўдарозе. Шамякін. // Астацца нерухомым, нязменным (пра выраз твару). Таямнічая ўсмешка з хітрынкай застыла на яго твары. Пестрак. А на твары як застыла, так і не раставала зацятасць і злосць. Адамчык. // перан. Спыніцца ў сваім развіцці. Ведалі і тое, што хлопец не застыў у сваім развіцці, ён працягвае завочна вучыцца ў педінстытуце. Шчарбатаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заця́ць, затну, затнеш, затне; затнём, затняце; пр. зацяў, ‑ла, ‑ло; зак., што.
1. Заціснуць, сцяць. Зацяць зубы. Зацяць вусны. □ Маці будзіць жаць, Але сон зацяў твае павекі... Глебка. // перан. Затаіць у сабе, у душы. Відавочна было, што пытанне гэтае, аб якім з самага пачатку ўсе думалі, турбаваліся.., прымусіла цяпер усіх зацяць у душы балючы, трывожны сум. Быкаў. // перан. Прыпыніць, сцішыць, зрабіць нячутным (дыханне). Іван зацяў дыханне, стараючыся як найлепей пацэліць, і, трошкі не падпусціўшы сабаку да каменя, стрэліў. Быкаў.
2. Пазбавіць магчымасці дыхаць, гаварыць. Увайшоўшы ў бацькаў пакой, .. [Сашка] не выгаварыў ні слова, быццам паралюш зацяў яму мову. Чорны. / у безас. ужыв. Вада была такая халодная, што ў Ніны зацяло дыханне. Мележ. // безас. Разм. Адняць мову, голас. Бабы змоўклі адразу, як зацяло ім. Чорны.
•••
Няма за што рук (рукі) зацяць (зачапіць) — нічога няма, няма чым заняцца. [Сярмяжка:] — Паглядзеў я, хлопча, што сумна табе, няма за што рукі зацяць. Дадзіёмаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
млець, млею, млееш, млее; незак.
1. Траціць прытомнасць, свядомасць; абміраць. Маладыя мужчыны і хлопцы сёння пакідалі сем’і і кіраваліся ў горад.. Леапольд Гушка прыйшоў з Адасём дадому збірацца.. Маці млела на ганку. Чорны.
2. Слабнуць, дранцвець, нямець (пра часткі цела). Глянуўшы наперад, у .. дарожную далячынь, Данік адчуў, як ад няспыннага напружання ў яго пачалі млець рукі, заныла спіна. Краўчанка. Толькі вылазячы з чоўна, Саша адчула, які перажыла страх, калі ўбачыла самалёты, — ногі былі як чужыя, млелі і не згіналіся ў каленях. Шамякін. // Знемагаць, нясілець ад гарачыні, спёкі. Парыла так, што ў Куранях і навокал усё млела ў духаце. Мележ.
3. перан. Заміраць ад якога‑н. моцнага пачуцця. [Серж] аж млеў ад шчасця, бачачы, як машыну акружылі натоўпам яго аднакласнікі. Чорны.
4. У кулінарнай справе — доўга парыцца ў накрытай пасудзіне. [Пятро:] — Вось бы сюды чыгунок бульбяных аладак, што цэлы дзень млеюць у сале ў гарачай печы. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мяць, мну, мнеш, мне; мнём, мняце; заг. мні; незак., што.
1. Сціскаючы, рабіць мяккім, ператвараць расціраннем у мяккую масу; размінаць. Мяць гліну. Мяць лыжкай бульбу. □ Стары.. доўга разглядаў праз акуляры прынесеную.. зямлю, мяў у пальцах, нюхаў, дробнымі крупінкамі насыпаў на шкло. Кулакоўскі.
2. Тое, што і церці (у 4 знач.). [Марыля:] Добры быў лянок, палола яго, ірвала, слала, а як улежаўся — сушыла, мяла, удваіх з Зоськай нітачку па нітачцы вывелі. Купала.
3. Рабіць няроўным, нягладкім; камячыць. [Бацька] сеў у перадку, каб, мусіць, не мяць таго месца, на якім павінен быў сядзець доктар. Сабаленка. Сцяпан мяў у руках шапку, глядзеў уніз, быццам саромеўся паказаць вочы. Асіпенка.
4. Прыгінаць, прытоптваць да зямлі (аб раслінах). «Шась-шась», — мялі струхлелы ржэўнік неданошаныя зімою валёнкі. Быкаў. — Дзе ты, Лідачка? .. Чаго ты залезла туды? — хочучы быць суровай, пытае маці. — Ці ж то можна гэтакі лянок мяць? Кулакоўскі.
5. Разм. Есці з апетытам што‑н., умінаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысвяці́ць, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак.
1. каго-што. Прызначыць каму‑, чаму‑н., для каго‑н., якой‑н. дзейнасці. Прысвяціць жыццё мастацтву. □ Надзея рашыла прысвяціць сябе любімай справе, якой так і не здолеў аддацца яе муж. Васілёнак. // што. Затраціць, выкарыстаць на што‑н. Другую палавіну дня напярэдадні адлёту касманаўты прысвяцілі развітанню з Масквой. Шыцік. Некалькі вечароў прысвяціў ксёндз Пацейкоўскі, каб улажыць казанне на першае набажэнства. Колас. У клас Віктар Паўловіч прыйшоў узбуджана вясёлы, увесь урок прысвяціў падагульненню. Шамякін. // што. Напоўніць пэўным зместам, зрабіць адпаведным якой‑н. тэме, якім‑н. пытанням. Чарговыя свае заняткі Зіна прысвяціла чытанню новых рашэнняў партыі і ўрада аб уздыме сельскай гаспадаркі. Кавалёў.
2. што. Зрабіць, стварыць што‑н. у гонар каго‑, чаго‑н., прызначыць каму‑, чаму‑н. (звычайна мастацкі твор) як знак павагі, пашаны да каго‑н. Прысвяціць раман памяці маці. Прысвяціць рэкорд гадавіне Кастрычніка. □ Перад ад’ездам на фронт .. [Пасмітны і Лыкоўскі] прысвяцілі адзін аднаму свае вершы. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распра́віцца 1, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.
1. Учыніць расправу над. кім‑н.; пазбавіцца ад каго‑н., знішчыўшы або абясшкодзіўшы. Расправіцца з ворагамі. □ — Не змаглі вы самі асіліць Волата, дык мы з ім расправімся, — выхваляліся заморцы. Пальчэўскі.
2. перан. Разм. Управіцца з чым‑н., адолець, што‑н. Упэўнены, што калі ён так шчыра ўзяўся за вучобу, то хутка расправіцца з заданнем, Паўлік паспешліва пачаў сам сабе чытаць умову першай задачы. Краўчанка. // З’есці без астатку. Афіцэр расправіўся з курыцаю, выцер хустачкаю рот. Якімовіч. Ледзь толькі сакаляняты расправіліся з першай палёўкай, як маці прыляцела зноў і кінула ім новага грызуна. В. Вольскі.
распра́віцца 2, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.
Зрабіцца роўным, разгладзіцца, выпрастацца. А пойдуць у даль грукатаць перуны, Расправяцца ветразі, высахнуць снасць, — Адзін за адным павяслуюць чаўны. Лужанін. / у перан. ужыв. Прайшло, мінула колькі год, Узрос, расправіўся народ, Пайшоў ў жыцці на ўсё прыплод, Узняўся з поля ўмалот, З’явілася здабыткаў шмат. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Адсунуць адно ад аднаго на нейкую адлегласць, адсунуць у розныя бакі. [Андрэю] з Веркай не было як выйсці з кута, і ім рассунулі сталы. Пташнікаў. [Міхалка] адчыніў стрэшку вулля, рассунуў рамкі, каб быў вольны праход пчолам. Якімовіч. // Раз’яднаць, утварыўшы вольнае месца, раскрыўшы што‑н. Рассунуць заслону. □ Нешта такое мяцежнае было ў голасе маці, што .. [Алесь] раптам кінуўся да шторы і са звонам рассунуў яе. Караткевіч. // Прымусіць расступіцца, расхіліць у бакі. Раманюк адышоў ад трыбуны, рассунуў студэнтаў, якія сядзелі ў прэзідыуме, сеў. Карпюк. [Жанчына] асцярожна пасунулася ў гушчар, рассунула галлё, імкліва падалася наперад. Лынькоў.
2. Зрабіць шырэйшым, раскласці (што‑н. складное, рассоўнае). Антон Авяр’янавіч рашуча ўстаў з канапы і рассунуў стол. Васілёнак. Бацька Стася стаяў трохі воддаль ад людзей. А потым рассунуў сваю казулю-сажань і пайшоў мераць поле. Хомчанка. // Зрабіць шырэйшым, большым. Дык рассунем кола шырай, Патанцуем на памосце. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)