Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯНЕ́ВІЦКІ КАСЦЁЛ МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў сярэдзіне 18 ст. ў в. Касцяневічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. Прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Сцены апрацаваны плоскімі пілястрамі. Гал. фасад завершаны атыкавым франтонам складанай формы з паўцыркульным аконным праёмам. Франтон упрыгожаны валютамі, пілястрамі, шматслаёвым карнізам. Да ўсх. крыла далучана прыбудова з атыкавым барочным франтонам над уваходам. Падлога касцёла выкладзена каляровай мазаікай. Алтар аздоблены 6 паўкруглымі калонамі з іанічнымі капітэлямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
адна з гал. хрысціянскіх святынь Беларусі. Ушаноўваецца правасл. і грэка-каталіцкай цэрквамі як цудатворны. Знаходзіцца ў Жыровіцкім Успенскім манастыры. Абраз — авал з яшмы, на адным баку якога рэльефная выява Маці Божай тыпу Замілаванне з дзіцем на правай руцэ. Паводле царк. падання, з’явіўся ў 1470 пастушкам у лесе на грушы-дзічцы. Гісторык П.М.Жуковіч лічыў больш верагоднымі датамі падзеі 1493—95. З пач. 17 ст. абраз стаў славіцца за цудоўныя вылячэнні. Пакланіцца яму прыязджалі людзі розных саслоўяў, у т.л. каралі Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV, Ян Казімір, Ян III Сабескі, Аўгуст II, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У 1730 на абраз ускладзены прывезеныя з Рыма кароны, зроблены дарагі абклад, кароны аздоблены каштоўнымі камянямі, падараванымі Ганнай Сангушкай. У 1660 абраз вывозілі ў Быценскі кляштар базыльян, у 1915 — у Маскву, адкуль ён вярнуўся без большасці аздоб. З яго шматразова рабіліся жывапісныя копіі на дошках і палатне, выконваліся гравюры, найб. вядомая Л.Тарасевіча (1682) па малюнку П.Бацэвіча. Абраз пашкоджаны пажарам, верагодна, у 1-й пал. 16 ст. Свята абраза адзначаецца 7(20) мая.
Літ: Пуцко В. Жыровіцкі рэльеф // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1989. № 2; Жировицкая святыня: (По материалам митрополита Антония Мельникова) // Вестн. Бел. Экзархата. 1990. № 3; Карнілава Л. Цудатворныя абразы Гродзеншчыны: Абраз Маці Божай Жыровіцкай // Гарадзенскія запісы. Гародня, 1993. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
адзін з найб. шанаваных каталіцкіх абразоў на Беларусі. Знаходзіцца ў касцёле Ушэсця Маці Божай у в.Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Паводле касцельнай гісторыі, падараваны ў 1598 папам рымскім Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу з нагоды яго пераходу з кальвінізму ў каталіцызм. Пасля смерці Паца абраз перайшоў капелану І.Салакаю, які ў 1613 падараваў яго Будслаўскаму кляштару бернардзінцаў; шату для абраза падараваў у 1-й пал. 17 ст. віленскі гвардыян бернардзінцаў Ф.Калецкі. Тут абраз праславіўся цудамі вылечвання, якія апісаны настаяцелем Э.Зеляевічам у кнізе «Задыяк на зямлі» (1650). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 часова быў вывезены ў Саколку (Беласточчына). Бернардзінцы літ. правінцыі прапагандавалі культ абраза, з пач. 19 ст. друкавалі з яго гравюры. Пасля скасавання кляштара ў 1859 вядомасць абраза зменшылася. З пач. 1990-х г. аднаўляецца яго культ, адбываюцца паломніцтвы пілігрымаў, прымеркаваныя да 2 ліпеня. 2.7.1996 папскі нунцый арцыбіскуп Д.Грушэўскі абвясціў папскае пасланне, у якім Маці Божая Будслаўская названа патронкай Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, г. зн. Беларусі. Абраз намаляваны алеем на палатне памерам 72 × 65 см, іканаграфічна належыць да зах.-еўрап. тыпу Адзігітрыі. Рэстаўрыраваны ў 1991—92 В.Лукашэвічам.