акружы́ць, акружу, акружыш, акружыць; зак., каго-што.

1. Стаць, размясціцца вакол каго‑, чаго‑н., утварыўшы круг або замкнёную лінію. Дзяўчаты акружылі ложак настаўніцы. Брыль. // Быць, аказацца размешчаным вакол каго‑, чаго‑н. Лес акружыў поле.

2. Абвесці, абнесці чым‑н.; размясціць што-небудзь вакол чаго‑н.; акаймаваць. Акружыць горад валам. □ Каб не смелі яблыньку Паламаць вятры, Мы акружым дрэўцамі У радочкі тры. Тарас.

3. Абысці кругом, узяць у кальцо, пазбавіўшы магчымасці выхаду, адступленне; асадзіць. Акружыць ворага. □ Тым часам генерал Бялоў даў загад, каб частка людзей пеша акружыла горад. Мікуліч. Ляснік хутка выйшаў з пакояў, а пан стаў меркаваць, як бы акружыць лес і зрабіць аблаву. Чарот.

4. перан. Стварыць для каго‑н. кампанію, акружэнне, прыблізіўшы да яго патрэбных, жаданых людзей. Акружыць дзіця нянькамі. Акружыць блізкімі. // Стварыць вакол каго‑н. пэўную атмасферу; устанавіць пэўныя адносіны да каго‑н. Акружыць увагай і клопатам, Акружыць пашанай жанчыну-маці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)