паме́рці, ‑мру, ‑мрэш, ‑мрэ; пр. памёр, памерла; зак.
1. Перастаць жыць. Некалькі разоў прыходзіла да хлопцаў [сястра], праведвала Сцяпана: яму станавілася ўсё горш і горш. Увечары ён памёр. Мележ. Маці і памерла, як жыла, ціха, непрыкметна. Ваданосаў. // за каго-што і без дап. Ісці на смерць у імя чаго‑н., загінуць, абараняючы што‑н. [Камандзір:] — Рана, Астап, ты выбраўся ў дальнюю дарогу... Рана... Слаўна ты жыў... Слаўна памёр за людзей нашых... Лынькоў. Заўсёды ў час пагранічнік бярэцца за зброю. Заўсёды гатовы перамагчы і заўсёды гатовы памерці. Брыль.
2. перан. Знікнуць, бясследна прапасці. Ён памёр. Расстралялі Якіма... Цёмны гай зашумеў галасней... Але справа магутнага КІМа Не памрэ, — будзе вечна квітнець!.. Трус.
3. перан. Разм. Пазбавіцца сіл, знемагчы ад якіх‑н. пачуццяў. [Данілка:] Яшчэ раз як здарыцца гэткая ночка з пажарам, то я зусім памру ад страху. Купала.
•••
Памерці пад нажом — памерці ў час хірургічнай аперацыі.
Хоць памры — абавязкова (зрабіць, выканаць што‑н.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)