шабло́н, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Прылада ў выглядзе лекала, патрона і інш., па якой штампуюцца аднолькавыя па форме, памеру і пад. вырабы. Выразаць шаблон. □ Выконваючы першую самастойную работу, .. [Міхал Гуд] раптам прапанаваў зрабіць металічны шаблон для раздзелкі карнізаў унутраных вуглоў будынкаў. Харкевіч. // Прыстасаванне, інструмент для праверкі правільнасці формы і памеру гатовых вырабаў. Разьбовы шаблон. Радыусныя шаблоны. □ Напарніца Ніны Валянціна Пархоц бярэ цэлулоідны празрысты шаблон і накладае на экран. «Маладосць».

2. ‑у; перан. Неадабр. Агульнавядомы, збіты ўзор, які слепа пераймаюць; штамп. [Захараў:] — Нас, членаў бюро, непакоіць, што ў вас пачаў выпрацоўвацца трафарэт, шаблон у рабоце. Сіўцоў. Можна было б пахваліць аўтара [А. Вярцінскага] і за разнастайнасць саміх тыпаў верша, якімі ён карыстаецца: тут і класічная рыфмаваная сілаба-тоніка, і белы верш, і верлібр. У гэтым таксама відаць імкненне быць арыгінальным, пазбягаць аднапланавасці і паэтычных шаблонаў. Бугаёў.

3. ‑а. Спец. Чарцёж архітэктурнай дэталі ў натуральную велічыню.

[Ням. Schablone.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́кар, ‑а, м.

1. Прыстасаванне для ўтрымання на месцы суднаў, плывучых маякоў і пад. у выглядзе металічнага стрыжня з лапамі, якія зачэпліваюцца за грунт. 22 кастрычніка 1857 года параход «Нахімаў» зняўся з якара і пакінуў Расію. «Полымя». // Эмблема маракоў з адбіткам такога стрыжня з лапамі. Прыйшоў капітан — на сінім Кіцелі ззяюць якары. Калачынскі.

2. Спец. Рухомая частка электрычнай машыны пастаяннага току. Скарачаю разгон ключа, падымаю крыху якар магніта — апарат гучыць выразна, чыста. Шынклер.

3. Разм. Рыбалоўны кручок з трыма зубцамі. Я гляджу на пусты крук і ківаю галавой: як умудрыўся шчупак украсці з якара жыўца? Шашкоў.

•••

Мёртвы якар — нерухомы якар, які пастаянна ляжыць на дне (для ўстаноўкі плывучых маякоў, бочак, прыпынку суднаў).

Рыскавы якар — невялікі якар для манеўравання пры рыску судна.

Кінуць якар гл. кінуць.

Стаць на якар гл. стаць.

Якар ратунку — апошні сродак ратунку, апошняя надзея.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мех 1, меха; мн. мяхі, ‑оў; м.

1. Прадмет дамашняга ўжытку для захоўвання і перавозкі сыпучых цел, дробных рэчаў і пад., зроблены з полкі, складзенай папалам і сшытай з двух бакоў, або з дзвюх роўных полак, сшытых з трох бакоў. Палатняны мех. Радняны мех. Сшыць мех. □ Дзяўчаты ледзь упраўляліся адносіць поўныя мяхі і падвешваць парожнія. Шамякін. Адна ідзе старая Аксіння. Адна са сваімі ціхімі думамі і цяжкім мехам травы за спіной. Ракітны.

2. Разм. Мера для чаго‑н. сыпкага, роўная 3–5 пудам. Пазычыць мех мукі. Зарабіць пяць мяхоў бульбы.

•••

Біцца за пусты мех гл. біцца.

мех 2, меха; мн. мяхі, ‑оў; м.

1. Прыстасаванне для нагнятання паветра (ужываецца ў кавальскай, шкляной вытворчасці, а таксама для прывядзення ў дзеянне некаторых музычных інструментаў). Кузня ў вёсцы маленькая, нават меха няма, каб раздзьмуць вуголле. Навуменка. Гарманіст .. ірвануў раптам мяхі, урэзаў польку. Васілевіч.

2. У фатаграфіі — святлонепранікальная частка фатаграфічнай камеры, падобная на гармонік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Прыстасаванне для лоўлі звяроў і птушак. Давялося Нупрэю хадзіць у лес, ставіць пасткі на барсукоў. Жычка. Большы, праўда, старанны быў хлопец, ды вось бяда: змалку ўсё розныя пасткі майстраваў, а як падрос, дык дастаў сабе стрэльбу і не разлучаецца з ёю. Якімовіч. // перан. Месца, адкуль нельга выйсці, якое не мае выхаду; бязвыхаднае становішча. Самы апошні воўк зрабіў некалькі кругоў у сярэдзіне натоўпу, стараючыся выбіцца з гэтай жывой пасткі. Чорны. Мост адразу не пабудуеш, а вузкія палявыя дарогі, залітыя веснавою вадою, ператварыліся ў пасткі для кожнай машыны. Грахоўскі.

2. перан. Хітры манеўр, прыём для заманьвання праціўніка ў небяспечнае становішча. «Што гэта: хітрасць нейкая, пастка?» — пытаў самога сябе Лабановіч. Колас. Ён .. выступаў на сходах і мітынгах, заўсёды шчасліва ўнікаючы пастак меншавіцкай ахранкі. Самуйлёнак.

3. Нечаканая небяспека, засада. [Слуцкаму] здавалася, што за кожным кустом, за кожным дрэвам яму нарыхтавана пастка. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаму́т, ‑а, М ‑муце, м.

1. Частка вупражы, што складаецца з драўлянага каркаса (клешчаў), абкладзенага мяккім лямцам з унутранага боку (хамуцінай). — А конь на грэблі ў самай гразі распрогся: бацька гэтак засупоніў хамут, што супоня развязалася. Сабаленка. Спуджаны конь б’е ў хамут, прысядае на заднія ногі. Бажко.

2. перан. Разм. Пра якую‑н. абузу, клопаты, турботы. Карацей кажучы, [гаспадыня] прапануе мне зноў такі самы хамут, з такім самым, калі не большым, запасам смецця, бітай цэглы, рознага жалеззя... Дубоўка. [Гулякоў:] — Я паспытаў ужо. Жаніўся. Ведаю гэты мёд. Ведаю, што такое хамут на шыю. Кавалёў. // Прыгнёт, паднявольнае становішча. [Міхал:] — І гніся век, цярпі маўкліва, Пакінь ты ўсякую надзею Хамут з сябе зняць, дабрадзею! Колас.

3. Спец. Прыстасаванне кальцавой формы для змацоўвання, злучэння чаго‑н. Рысорны хамут.

4. Разм. груб. Некультурны, неадукаваны чалавек; хамула. Са мной Ігар нават гаварыць не хацеў — лічыў мяне проста вясковым хамутом. Сачанка.

•••

Біць у хамут гл. біць.

Запрэгчы ў хамут гл. запрэгчы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нарва1 ’нарыў, болька’ (Бяльк.). Ад нарвиць, гл. нарыў; паводле Мяркулавай (Этимология–1978, 97), прасл. *пагъиа ’гнайнік’ ад дзеяслова *narbvati ’нагнойвацца, тузаць (пра боль) ’.

На́рва2, мн. на́рвы ’намаразь’ (карэл., Шатал.), нарай ’прыстасаванне, якое кладуць на малыя санкі пры вывазцы бярвення’ (навагр., Сцяшк. Сл.), нарвіна ’тс’ (пін., Шатал.; Бяльк., Мат. Гом.), ’дошка, якая набіваецца паверх вязоў’ (Маслен.), ст.-бел. нарвина (1684) ’перакладзіна’, укр. нарвина ’перакладзіна, што утрымлівае канцы палазоў у загнутым стане пры вырабе саней’, палеск. наврина ’бервяно, што ляжыць на сохах і служыць асновай грэбеня страхі’ (Полесский этнолингв. сб. М., 1983, 161), рус. нарва ’папярэчная дошка для ўмацавання; перакладзіна, што злучае часткі сахі, воза і інш.’ Паводле Фасмера (з літ-рай), з с.-н.-ням. narve, бавар. närb, närw ’засаўка’ (Фасмер, 3, 44; Булыка, Лекс. запазыч., 97). Запазычана таксама ў славенскую мову: narba ’затычка, засаўка’, гл. Бязлай, 2, 214. Пры адсутнасці ў польскай мове застаюцца няяснымі шляхі пранікнення ва ўсходне-славянскія; для беларускіх слоў не выключана другасная сувязь з навіриць ’насаджваць’, асабліва для абазначэння намаразняў, што насаджваюцца на капылы (нарвы < *наўры?, параўн. прыведзены вышэй прыклад з метатэзай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́ліца ’цяжкая дубіна з патоўшчаным канцом, якая ў старажытныя часы служыла зброяй’ (ТСБМ). Рус. па́лица, укр. па́лица, ст.-рус., ст.-слав. палица, польск. palica ’палка’, чэш. palice ’дубінка’, славац. palica ’палка, дубінка, тросць’, серб.-харв. па̏лица ’палка; посах; палена’, славен. pálica ’палка; посах; перакладзіна’, балг. палица ’паліца’. Прасл. palica (SP, 1, 99). Махэк₂ (420) праславянскім лічыць pala (параўн. польск. і чэш. дыял. pala ’палка’). Далейшую этымалогію гл. палка.

Палі́ца ’дошка або некалькі дошак, прымацаваных да сцяны або ўнутры шафы для размяшчэння кніг, посуду і інш.; частка плуга, якая аддзяляе і пераварочвае падрэзаны лемяшом пласт зямлі, адвал; прыстасаванне ў некаторых сельскагаспадарчых машынах’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Бір. Дзярж.), полі́ца ’тс’ (ТС), ’полка’ (Гарэц., Шпіл., Мал., В. В., Грыг., Мядзв., Федар. VI), полі́ца ’полка; насценная шафка’ (Шушк.), поли́ця ’полка’ (Бяс.), ’адвал (плуга)’ (Сцяшк. МГ, Тарнацкі, Studia). Агульнаслав.: рус. поли́ца, укр. поли́ця, ст.-рус., ц.-слав. полица, польск., славац., н.-луж. polica, в.-луж. polca, чэш. police, серб.-харв. по̀лица ’насценная планка’, славен. polica ’дошка ў сцяне; адвал плуга’, балг. поли́ца ’полка, карніз’. Прасл. polica. Ад пол (Фасмер, 3, 310). Далей гл. по́лка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саба́чка1 памянш. да сабака1 (гл.).

Саба́чка2 ’спускавы механізм у агнястрэльнай зброі’, ’прыстасаванне ў машынах, механізмах, якое перашкаджае руху назад зубчастага кола’ (ТСБМ), ’прылада, пры дапамозе якой здымаюць бобы’ (Сцяшк. Сл.), ’частка ткацкага станка’, ’слясак’ (Мат. Гом.), ’дэталь у ніты красён’ (Сл. ПЗБ), ’палачка, якая злучае панажы з нітамі’ (Жыв. сл., Нар. сл.), ’прылада ў кроснах, якая трымае набілкі на патрэбнай вышыні’ (Бяльк.), ’кружкі ў кроснах, на якіх перамяшчаюцца ніткі асновы’ (Сцяшк. Сл.), соба́чка ’вільчак’ (палес., Нар. сл.), соба́чкі ’тры маленькія драўляныя палачкі па абодвух баках ніта’ (Влад.). Агляд семантыкі бел. сабачка гл. таксама Н. А. Старасценка, Бел. мова, 8, 1981, 77 і наст. Параўн. рус. соба́чка ’спускавы механізм у агнястрэльнай зброі’, а таксама назвы дэталяў для захвата, зачэплівання чаго-небудзь, у тым ліку і ў кроснах. Да папярэдняга слова.

Саба́чка3 ’галоўка дзядоўнік, шышка’ (Нас., Байк. і Некр.). Рус. собачка ’тс’. Да сабачка1 па ўласцівасці зачэплівацца. Параўн. яшчэ ваўчкі.

Саба́чка4 ’мужчынскі гальштук у выглядзе банта’ (Сл. рэг. лекс.). Да сабачка1 па знешняму падабенству.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Снасць ‘неабходныя інструменты, прылады, прыстасаванні для якога-небудзь занятку’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Сержп., Пятк. 2, Сцяшк., ТС; брасл., пух., лях., Сл. ПЗБ), ‘збруя, панарад’ (Кольб., Сл. ПЗБ), ‘вяроўка, канат’ (Ласт.), снась, снасць ‘доўгая пяньковая вяроўка, якая выкарыстоўваецца для тармажэння плыта’ (падзв., Нар. сл.), снасць (або нарад) до кросёнпрыстасаванне для ткання’ (Уладз.), снасць, мн. л. снасці: рыболоўные снасці ‘прыстасаванні для рыбнай лоўлі’ (Крыв.), сна́сці ‘лапці, сплеценыя з вяровак’ (Сакал.), снасці́на ‘хамут’ (Сержп. Прык.). Укр. снасть ‘каркас; касцяк’, рус. снасть ‘прылады, інструменты’, стараж.-рус. снасть ‘прылады, збруя; узбраенне, даспехі’. Прасл. паўн. *snastь, паводле Слаўскага (SP, 2, 44), утворана пры дапамозе з суф. ‑tʼ‑ ад прасл. *snaditi ‘злучаць, змацоўваць, прыладжваць’; параўн. яшчэ і стараж.-рус. снадь ‘паверхня, верх’. Аналагічна Праабражэнскі, 2, 344; Фасмер, 3, 696–697. Праславянскі дзеяслоў не мае пэўнай этымалогіі. Лічаць роднасным снадны, снадзь (гл.). У якасці паралеляў прыводзяць таксама лат. snāt ‘нямоцна скручваць’, ст.-ірл. snáthe ‘ніць’, ст.-англ. snód ‘павязка на галаву’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 973–974; Фасмер, тамсама; ЕСУМ, 5, 333.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трашча́ць (трашчэ́ць, трашча́ць, трышча́ць) ‘утвараць траскучы гук, трэск’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, Гарэц., Пятк. 2, ТС), ‘цвыркаць’ (даўг., Сл. ПЗБ), ‘трэскацца ад пераядання (пра жывот)’ (віл., шальч., Сл. ПЗБ), ‘стракатаць (пра сароку)’ (брэсц., паўд.-мін., зах.-гом., ЛА, 1), трышчя́тэ ‘трашчаць (аб марозе)’ (кам., Сл. ПЗБ), трашча́ць ‘моцна балець (пра галаву)’ (Ян.), ‘хутка, гучна гаварыць, гаварыць не змаўкаючы’ (мёрск., Нар. лекс., ТСБМ, Мат. Маг.), трышча́ці ‘трашчаць’ (Вруб.), трашчэ́ць ‘бразгатаць, брынчаць (пра пабітую міску)’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трещати, трищати ‘трашчаць’ (ГСБМ). Сюды ж трашчо́ткапрыстасаванне для ўтварэння трэску, шуму, стуку, лёскату’, ‘балбатуха; чалавек, які вельмі хутка гаворыць’ (ТСБМ, Мат. Маг. 2, Шат.), ‘гаваркая жанчына’ (Нар. Гом.); ‘клін для ўмацоўвання пярэдняга навоя ў кроснах’ (мёрск., Ск. нар. мовы), ‘машына для ачышчэння лёну’ (ТСБМ). Параўн. укр. тріщати, рус. трещать, польск. trzeszczeć, чэш. třeštět, славац. trešťať, славен. treščati, балг. трещя́, макед. трешти. Дзеяслоў гукапераймальнага паходжання, параўн.: лес схіляецца чуць не да зямлі, трашчыць і стогне (Сержп. Прымхі, 35); роднаснае літ. treškėti ‘трашчаць, ламацца’ (Борысь, 649). Гл. трэск.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)