Ле́зіва 1 ’плеценая з сырамяці вяроўка, якой бортнікі карыстаюцца, калі лазяць па дрэве да калод з пчоламі’ або ’вяроўка, на якой паднімаюць калоду пчол на дрэва’ (Эрэміч., Очерки, 8; рэч., Мат. Гом.), ле́зва ’тс’ (Маш.; гродз., Сл. паўн.-зах.), лельч., ельск. лезьва (Мат. Гом.). Ст.-бел. лезиво, лезыво (1507 г.). Укр. лезиво, лізиво, рус. лезиво (лезево), польск. leziwo ’лезіва’, а ў XVI ст. — ’борць’. Паўн.-слав. lěz‑ivo. Да лазіць, лезці (гл.). Няма патрэбы гаварыць пра запазычанне з польск., як сцвярджае Булыка (Лекс. Запазыч., 94).

Ле́зіва 2 ’лязо’ (Нас.), ле́зьвіе, лезвіг, лезка ’тс’ (лаг., Шатал.; браг., Мат. Гом.; паўд.-усх., КЭС), лязо ’вострая частка рэжучай ці сякучай прылады’ (ТСБМ, Шат., Касп., Гарэц.; мін., Шн. 2, КЭС, лаг., Бяльк.), ’тонкая стальная пласцінка для галення’ (Сцяшк.), лэзо, лезо, лёзо ’вастрыё сякеры’ (Тарн.). Укр. ле́зво, уманск., валынск. ле́зо, харкаўск. лі́зко ’лязо’, рус. лез, лёз ’струг для апрацоўкі клёпак’, калін. ’вастрыё касы’, казан., ніжнегар., уладз. леза, лёза, іркуцк. лезвище ’вастрыё касы’, паўн.- і паўд.-рус. лезьё ’лязо’. Паводле Варбат (Этимология–1964, 41–43), гэты даволі позні прасл. дыялектызм генетычна суадносіцца з дзеясловамі lězti — laziti > лезці (гл.), семантыка якіх змянялася наступным чынам: ’паўзці, прабірацца’ > ’расчысціць, выраўняць, каб прайсці’ і ’узлезці, каб вычысціць, выразаць’ > ’рубаць, выраўноўваць, рэзаць’ > ’тое, што рэжа’. Застаецца няясным канец формы лезвіг. Іншыя менш імаверныя версіі гл. Фасмер, 2, 476.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асе́ць, осець, восець, сець. Геаграфічнае пашырэнне слова і яго фанетычных варыянтаў гл. у ДАБМ, к. 233. Пра пабудову асеці гл. Малчанава, Мат. культ., 38–40. Рус. осеть, асеть адзначаецца, паводле Даля, на захадзе, дакладней: смал., пск., бранск., укр. чарніг. о́сить, польск. усх. osieć. У беларускіх помніках з 1579 (Карскі, 1, 293). Геаграфія слова быццам бы ўказвае на латышскую мову як крыніцу гэтага слова. Таму трэба ўказаць лат. sẽrt ’класці зерне ў сушню’, sęrt ’класці зерне ў сушню’, sęrs зерне, пакладзенае для сушкі’, а таксама sę̃ta ’мужыцкі дом’, ’дом наогул’, двор’, sę̃tas māja ’будынак у двары’, sẽtiena ’частка двара’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 820, 931, 833). Спробы этымалагічнага тлумачэння слова пакуль што не далі выніку. Нельга прыняць тлумачэнне Брукнера, 383, які параўноўваў слова з ц.-слав. сетьн‑ ’апошні ці посѣтити ’наведаць’; Фасмер (3, 159) слушна адкідвае спробы этымалогій Петарсана, 64–65, які імкнуўся звязаць асець з лац. sitis ’прага’, siccus сухі’ (Вальца–Гофман, 2, 548, іначай), ст.-інд. kṣā́yati спальвае, абжытае’, грэч. ξηρός ’сухі’. Той факт, што, паводле Мацкевіч, Працы IM, 2, 149, асець ’частка току, дзе сушаць снапы’ (магчыма, гэта значэнне пазней не пацверджана, бо ў ДАБМ адсутнічае), не дазваляе цалкам адкінуць магчымасць сувязі з рус. осек (зафіксаваным яшчэ Сразнеўскім) ’загароджанае месца, выган, агарод, агароджа’. Аднак найбольш верагодна сувязь беларускага слова з латышскімі, што патрабуе далейшага ўдакладнення. Гл. Коген, Запіскі, 2, 9, 91.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абза́ (БРС, Бір. дыс., Касп., Мядзв.), абзой (Бір. дыс., Сцяшк., Бяльк.), абзол ’апошні знадворны слой дрэва’ (Бяльк., Пятк., КСТ). Абзоістая дошка — дошка, якая ідзе за аполкам (калі робяць дошкі з бервяна). Варыянты гэтага слова (абза, абзой, абзол), магчыма, гавораць аб запазычанні, але крыніца пакуль што не знойдзена. Наступныя разважанні можна разглядаць толькі як рабочыя гіпотэзы. Найбольш верагодна абзой (> абзол, як назой > назол) < абзой < эзяць (словаўтваральна як серб.-харв. осо́ј < сја̏ти). Гэта версія мае семантычныя цяжкасці. Параўн., аднак, обзол ’упадзіны, якія застаюцца пры апілоўванні або часанні няроўнага ствала’ (КСТ), «абза ў тым месцы, дзе бярвенні прылягаюць адно да аднаго, але не шчыльна» (Мядзв.), літ. žiógauti (< žióti) ’пазяхаць, зяваць’ і žiōgris ’плот з планак (няшчыльна прыгнаных)’, гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2. Параўнанне з польск. obza ’прывязь жывёлы, якая пасецца’ ў Свобады Зб. Унбегауну, 247, трэба прыняць пад увагу, калі ўлічыць значэнне obza ’ліпавая аборка’. Каб прыняць гэта супастаўленне, трэба аддзяліць польск. obza (obdza) у значэнні ’вяроўка, аборка’ ад obdza ў значэнні ’аглобля ў сасе’, якая да бел. абжа (параўн. Турска, SFPS, 5, 112–113). Наўрад ці сюды ж чэш. obza ’скура на клубах каля хваста’ (этымалогію гэтага слова гл. Махэк₂, 408). З іншых спроб этымалагізавання неабходна адзначыць: рус. обзельные доски, доски c обзелом, обзолом, обзолком, да ob‑zelъ, zelъ (Патабня, Из записок, III, 66) і obьza ∼ літ. ìžiti ’лушчыцца’ (Варбот, Балто-слав. исслед., 47). Параўн. абжа (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апало́нік 1 пало́нік ’разліўная лыжка’. Рус. половник, уполовник, укр. ополоник, половник, абл. уполовник ’тс’. Ст.-рус. половьникъ ’мера сыпкіх цел’, уполовьникъ, упольникъ ’коўш на доўгай ручцы’. Ст.-бел. ополоник 1538–1539, полоник 1556–1571 (Мар. дыс.), ополоникъ (Шакун, Гісторыя, 114). Балг. половница ’сасуд 1/2 л’; макед. арх. половник ’1/2 вядра, торбы і інш.’, серб.-харв. устар. поло̀вњак ’мера збожжа каля 25 кг’, славен. polovník, polovnìca ’старая мера сыпкіх цел’. Параўн. яшчэ ўкр. половник ’засек для паловы’; славац. polovník ’сумесь з аўса (жыта) і ячменю’. Абодва прыклады на упольникъ у Сразн. аб меранні мора ўпольнікам. Апалонік, палонік звязаны са старарускай назвай меры половьникъ, уполовьникъ; апошняя цалкам, магчыма, генетычна звязана з паўднёваславянскімі формамі. Далейшыя этымалагічныя хады няпэўныя; магчыма сувязь з пол ’1/2’. Улічваючы славен. рòl ’чарпак (для лодкі)’ і ст.-рус. упольник, нельга гаварыць аб непасрэднай сувязі з палова ’рэшткі пры апрацоўцы зерня’. Фасмер (4, 164) няпэўна (як сам адзначае) параўноўвае уполовник, упол, уполовьня з палаць ’веяць’ (гл.), палоць.

Апало́нік 2, пало́нік (Нас., БРС). Укр. ополоник ’палонік’, рус. дыял. полоник ’тс’ (бранск.). Перанос па знешняму падабенству з назвы лыжкі; параўн. балг. попова лъжичка ’тс’.

*Апало́нік 3, ополо́нык ’перапечка з цеста’ (Вешт., 393). Параўн. палёшки ’малыя вараныя ці печаныя перапечкі’ (Вешт., 398). Магчыма, з назвы лыжкі, пры дапамозе якой наліваюць цеста (няпэўна). Параўн. паляніца, апалька (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́ла, зал ’вялікі пакой’. Рус. зал, уст. зала, зало, укр. зал, зала, польск. sala, в.-луж. sal, sala, чэш. sál, славац. sála, серб.-харв. са́ла, балг. за̀ла < рус., макед. сала. У Бярынды (1627 г.) і ў ст.-бел. (1582 г.) саля. Зала, зал < рус. < ням. Saal. Саля < польск. < франц. ці іт. < герм. (франк., лангб.) sala ’дом, будова’. Шанскі, 2, З, 42; Фасмер, 2, 76; Біржакава, 362; Булыка, Запазыч., 293; Брукнер, 479.

Зала́ 1 ’попел’, ’луг’, ’брудная вада, што застаецца пасля мыцця бялізны’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зола́ ’попел’, укр. зола́ ’попел’, ’луг’, польск. zoła ’луг з попелу’, чэш. zola ’тс’, славац. zola ’попел з вапнай (у гарбарскай справе)’, с.-луж. zoła ’луг’, балг. уст. зола̀ ’вада з попелам’. Параўн. літ. žilas ’шэры’, лат. zils ’блакітны’ і іншыя і.-е. словы; гл. зялёны. Зубаты, Studie, 1, I, 124; Траўтман, 365. Прасл. zola < і.-е. *gʼhel‑ і інш. ’светлы, святлець, блішчаць’. Покарны, 1, 430; Фасмер, 2, 103; Брукнер, 656; Шанскі, 2, З, 104. Думка Махэка₂ (718) пра запазыч. з ням. Sole ’салёная вада’ не абгрунтаваная, паколькі слова мае агульнаслав. пашырэнне. Параўнанні са ст.-в.-ням. kolo ’вуглішча’, ст.-інд. jválati ’гарыць’, прапанавання Младэнавым (194), БЕР (1, 652), фанетычна недастаткова абгрунтаваныя, ням. Kohle хутчэй з і.-е. *g(e)u‑l‑o, Покарны, 1, 399; гл. жураць, жуляць. Гл. заліць 2.

Зала́ 2 ’кепскае надвор’е з дажджом і снегам’ (Касп.). Гл. золь 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Знушча́цца ’здзекавацца’ (Жд. 2; Мат. Гом.; ЭШ), змушча́цца ’тс’ (Жд. 2). Рус. зах. бранск. знущаться ’тс’, паўд. змущаться ’тс’, вяцк., смал. змуща́ть ’схіляць, спакушаць, падбухторваць, нацкаваць’, укр. знуща́тися ’здзекавацца’. Булахоўскі (Питання, 65; Вибр., 2, 71) выводзіў укр. знуща́тися з *згнущатися. Трубачоў (Проспект, 83–84) рэканструюе прасл. дыял. sъn‑uščati (sę) і, параўноўваючы з польск. poduszczać ’падбухторваць’, выводзіць бяспрэфіксны дзеяслоў uščati < ustjati ад usta (гл. вусны) і дае для дзеяслова балт. паралелі: літ. дыял. áuščioti ’балбатаць, гаварыць’, лат. aūšât ’балбатаць’. Параўн. і Трубачоў, Слав. языкозн., V, 179. Мартынаў (Бел. укр. ізал., 48; Лекс. Палесся, 13–14) далучае да гэтых паралелей мін.-маладз. ушчуваць ’лаяць’, ушчувацца ’крыўдзіцца’, а таксама ст.-рус. наустити (параўн. і рус. наущать), рэканструюе ўсх.-балт. *san‑austjati і лічыць, што яно пранікла ў бел., укр. Трэба, аднак, улічыць, што наустити не ст.-рус., а ст.-слав. факт, прадстаўлены ў Зогр. і Мар. евангеллях, таму тут больш верогодна не пранікненне, а генетычная роднаснасць (як мяркуе Трубачоў). У бел., відаць, адбываецца ўзаемадзеянне знушчацца і змушчацца (параўн. рус. смущаться да смутить, гл. муціць), якое першасна мела значэнне ’выклікаць непакой’. Ці не трэба ўлічыць пры тлумачэнні польск. уст. znękać ’засмучаць, знясільваць’, в.-луж. znućić ’прымусіць’? Параўн. таксама бел. зні́шчыць, укр. знищити ’спыніць існаванне’ і ст.-рус. изнищити ’зрабіць жабраком’. Семантычны бок цікавай гіпотэзы Трубачова патрабуе ўдакладненняў, сярод якіх магчыма і ўздзеянне ўказаных слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казёнка 1 ’невялікая кадушка, па форме (часцей) — усечаны конус’, аб’ём — на пуд-два збажыны, з адным ці двума вушкамі; карыстаюцца, калі перасыпаюць, пераносяць збажыну’ (Янк. 2). Няясна. Магчыма, як і казёнка ’сякера, шуфлік’ да казённы. Не выключана, што тут выпадак іншага роду. Рус. гаворкі ведаюць слова казёнка ў розных значэннях. Галоўныя з іх: ’шафа, камора, склеп, памост, ляжанка каля печы, адгароджаная частка хаты, лавачка і інш.’. Звяртаюць на сябе ўвагу такія дэфініцыі, як наўг. ’лаўка каля печкі ў выглядзе скрынкі’, ніжнегар. ’закрытая лаўка як разнавіднасць скрыні каля ўвахода ў хату’, па якіх можна меркаваць, што натуральнае значэнне ’ёмішча’ магло пашырыцца такім чынам, што казёнкамі называлі розныя канструкцыі з дрэва для захоўвання прадуктаў. З апісання рэаліі відаць яе дапаможнае прызначэнне; магчыма, гэта і не перанос з казёнка ’емішча’, а назва на сумежнасці, функцыянальнай сувязі з казёнкай ’каморай’. Пярэчыць гэтаму той факт, што само бел. казёнка ў значэннях, адэкватных прыведзеным вышэй рус., не фіксуецца і толькі некаторыя з іх (’лавачка’, ’кухня’, ’ляжанка’) ведаюць гаворкі, суседнія з беларускімі.

Казёнка 2 ’сякера заводскага выпуску’ (Жд. 3; Янк. 2), ’шуфлік’ (Мат. Гом.). Утворана аналагічна рус. курск. казёнка ’казённая кватэра’ з выразаў казённая сякера і г. д. Семантычны кандэнсат з тыповай ‑к‑ суфіксацыяй. Параўн.: наступнае слова. Паколькі адпаведнікі не адшукваюцца, можна лічыць параўнальна познімі рэгіянальнымі дэрыватамі, што выцякае і з характару рэаліі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калаба́ны ’абутак на драўлянай падэшве’ (Сержп. Грам., Сцяшк.). Рус. валаг. колобан ’прадаўгаваты ячменны хлябок з завостранымі канцамі (у форме лодкі)’. Звяртае на сябе ўвагу падабенства формы, параўн. яшчэ рус. іркуц. (з запісаў Равінскага) колобан ’горка або сопка выцягнутай, мысападобнай формы’. Не выключана, што некалькі праясняе справу рус. дыял. колобашка, якое, як і колобан, суадносіцца з колоб, аднак, адзначае яшчэ і валаг. ’драўляная міска, чашка’, ’груба зробленая міска і інш.’, ’маленькая драўляная пасудзіна’, пск. ’невялікая драўляная дошчачка авальнай формы ў рыбалоўнай снасці’ і інш. Семантыка, аднак, далёкая; апрача таго, ці можна тут меркаваць аб нейкай суаднесенасці назвы абутку і назвы булачкі (параўн. празрысты перанос з назвы абутку на блін: рус. дыял. лапоть ’лапаць’ і ’тоўсты блін’), або больш перспектыўна суадносіць бел. семему з рус. ’невялікая драўляная дошчачка…’, для колобашка параўн. рус. варонеж., уладз., калуж. і інш. колодка ’драўляная дошчачка/падэшва, якая прымацоўваецца да лапцей у час дажджу’, ніжнегар. колодки ’абцасы’ і інш. Калі сканцэнтраваць увагу на такіх значэннях рус. слоў (дэрыватаў ад колоб або ад асновы колб‑, збліжаных з папярэднімі), як у пск. колобашка ’корань, які застаецца пасля абпальвання дрэва і ідзе на дровы’, ’абрубак дрэва, цурбан’ і пад., можна думаць і аб пераносе падобнай назвы на грубы драўляны абутак. Надзейнасць як апошняга, так і папярэдніх меркаванняў невялікая па прычыне таго, што першаснай лексемы ў бел. мове не зафіксавана. Параўн. яшчэ калабок (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калаварот ’прыстасаванне для ручнога прадзення кудзелі, якое прыводзіцца ў рух панажом’ (Сержп.), коловоротка, коловоруток, коловорыток, коловорыдка; з гаплалогіяй складу: рус. коворыдка, ковориток ’тс’. Магчыма, стары ўсх.-слав. тэрмін, ужыты для намінацыі новай культурнай рэаліі. У краінах Заходняй Еўропы калаўротак ужываецца з XVI ст., значна пазней з’яўляецца на ўсходзе (Нікіфароўскі, Очерки, 174: «Самопрялка… появляется позже и вытесняет веретено и прялку». Параўн. яшчэ Фалінская, II, 1, 80–83. Аб складаных шляхах пранікнення рэаліі сведчаць польск. дыял. kołowrotek francuski, niemiecki, ruski, kółek ruski, francuski. Адна к гэтыя назвы могуць быць параўнальна познімі, а наогул рэалія прыйшла з захаду, і бел. форма з непаўнагалоссем з’яўляецца новай. Але не вельмі ясна, быў тут толькі ўплыў польскай лексемы ці яе запазычанне. Наяўнасць калаварот ’кругаверць’ (Нас.), шэраг значэнняў лексемы калаўротак (гл.) дазваляюць прыняць першую версію ва ўсякім разе для шэрагу значэнняў «не самапрадка». Запазычанне кантактным шляхам (інфільтрацыю) можна сцвярджаць галоўным чынам толькі для некаторых зах.-палес. форм (Фалінская. II, 2, к. 38). Інфільтрацыя, калі яна мела месца, была з польск. літар. мовы. Польск. kołowrót у розных значэннях, у тым ліку і ў многіх тэхнічных, бел. калаварот ’вір’, укр. коловорот, рус. коловорот, в.-луж. kołwrot, н.-луж. kołowrot, чэш. kolovrat, славац. kolovrat, славен. kolovrat, серб.-харв. ко̏ловрат, балг. дыял. больш далёкае фармальна і семантычна коловрътник дазваляюць рэканструкцыю прасл. злучэння kolovortъ (kolo + дэрыват ад vr̥těti). Слаўскі, 2, 371–373, дзе падрабязна аб слав. значэннях і літ-ра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Патароча 1 ’здань, пудзіла, міфічная істота з жудасным тварам і вытрашчанымі вачыма’ (чач., Нас. Сб., Бір. Дзярж.), ’пудзіла’, ’лупаты чалавек’ (Нас.). Укр. поторо́ча ’прывід, страшыдла’. Напрошваецца суаднясенне з рус. вы́таращить (глаза), польск. wytrzeszczyć, чэш. třeštiti ’вытрашчыць вочы’, якія Махэк₂ (657) супастаўляе з генетычна роднасным літ. pastérti ’уставіцца (вачыма)’. Можна дадаць яшчэ pa‑stėrti ’скарчанець, адубець’. Паводле Махэка, у славян была аснова ster‑ з суфіксам ‑sk‑ati (інтэнсіў), у якой пачатковае s‑ адпала ў выніку дысіміляцыі са ‑sk‑ і *ter‑skati перайшло ў групу на ‑iti > terščiti; рус. таращить паходзіць з окаючых гаворак < торощить.

*Патароча 2, драг. поторо́ча ’той, хто настойліва працяглы час гаворыць пра адно і тое ж’ (Лучыц-Федарэц). З дзеяслова торо́чытэ ’гаварыць доўга пра адно і тое ж, несці лухту’, укр. торо́чити ’тс’, якія можна суаднесці з рус. наўгар., цвяр. торо́щиться ’дарма збірацца’ і з серб.-харв. тра́скати ’несці лухту’. Праславянскі архаізм.

Патароча 3 ’няшчасце ў дарозе’ (усх.-маг., КЭС), рус. кур. поторо́ча ’сустрэча, выпадак, падзея, прыгода’, смал. ’выскачка, які ўсюды ўткне свой нос’, пск. поторо́чье ’перашкода’, цвяр. торча́ться ’перашкаджаць сваёй прысутнасцю’, чэш. містршыцк. trči to do tvého? ’гэта табе перашкаджае?’, — усе ўзыходзяць да прасл. tъrčati ’стаяць, вытыркаючыся уверх ці наперад’, ’цягнуцца ўверх’ > тырча́ць (гл.) (Варбот, Этимология–1979, 5–6).

Патароча 4 ’бура’ (Сержп.), рус. арханг. то́рок, то́рох ’бура ў моры, шквал’. Міклашыч (359), Фасмер (4, 84) звязваюць гэта слова з торкаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)