Лы́жы ’плоскія драўляныя палазы для перасоўвання па снезе, загнутыя спераду’ (ТСБМ, Маш., Бяльк.; зэльв., Сцяц. Словаўтв.; Сцяшк.), рус. лы́жи, ст.-рус. лыжи (XII ст.); параўн. бел. лы́жвы (гл.). Прасл. паўн. lyži, lyžьveпрыстасаванне для хуткага перасоўвання па снезе або лёдзе’, ’палазы’, ’прадаўгаватыя прадметы: судна, баржа і інш.’ Паводле Фасмера (2, 540), звязана з рус. лызга́ть ’слізгаць па лёдзе’, лызну́ть, лызгону́ть ’вышмыгнуць’, балг. лъзгам се ’катаюся на каньках’, а Слаўскі (5, 448) дадае і каш. łužgi, łużgawki, для якіх першаснымі лічыць łyzga, łyzgawka або łuzga, łuzgawka. Звычайна да іх прыводзяць і.-е. адпаведнікі: лат. lužas, ludes, lug̓es̓ доўгія паляўнічыя лыжы’, літ. šliū̃žes ’палазы’, šliaũžti ’паўзці’, лат. šlūžât ’слізгаць’, гал. sluiken ’красціся’. Куркіна (Этимология–72, 72), прызнаючы роднасць лексемы lyži з lyzgati, выключае супастаўленне яе з балтыйскімі лексемамі. Гл. таксама ZfSl, 8, 877. Сюды ж лы́жнік, лы́жніца, лыжня́ (ТСБМ), якія з рус. мовы (хаця параўн. яшчэ ст.-рус. лыжникъ ’воін на лыжах’; лыжница, лыжня ’след ад палазоў, лыжня’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́пар1, капёр ’металічная або драўляная канструкцыя (козлы) для забівання паляў’ (ТСБМ, Сцяшк., Федар. Рук.; КЭС, лаг.), лельч. ка́пар, ка́пор ’вага ў студні з жураўлём’ (Нар. сл., ДАБМ). Рус. копёр, капер, укр. копе́р, ка́пар, польск. kafar. Мяркуюць, што гэта запазычанне з ням. Käpfer ’галоўка бруса’, з с.-н.-ням. kepere ці з гал. keper (Фасмер, 2, 318; Шанскі, 2 (К), 303–304). Аб запазычанні ст.-бел. капаръ, капоръ са ст.-польск. kafar гл. Булыка, Запаз., 139, і Корчыц, Дасл. (Гродна), 31. Гл. таксама ЕСУМ, 2, 407 і 566.

Ка́пар2 ’дзіцячая або жаночая цёплая шапка прамавугольнага пакрою з завязкамі пад падбародкам’ (ТСБМ, Інстр. I; полац. ДАБМ), капе́р (докш., ДАБМ). Рус. ка́пар, ка́пор і роднасныя: укр. капа, ст.-польск. kapa ’спецыяльнае прыстасаванне для закрывання галавы ад укусаў пчол’, в.-луж. kapa, khapa ’чапец, каптур’, славен. kápa ’пакрыццё галавы’, серб.-харв. ка̏па ’від шапкі’, балг. капа ’шапка’. Лексема капар запазычана з гал. kaper ’шапка’ < гал. kap, якое з італ. capparo, capero < познелац. cappa ’накрыццё галавы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мех, міх, міех, мяшок, мішок, машок ’мех — мера, роўная 3–5 пудам’, ’сярэдняя частка невада’, ’сяннік’, ’кавальскі мех’, ’лічынка мурашкі’, ’непаваротлівы, нязграбны чалавек’ (ТСБМ, Нас., Булг., Грыг., Шат., Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ, Тарн., Яруш., Бес., Сцяц.), мяшочак ’плавальны пузыр’ (нараўл., З нар. сл.). Укр. міх, рус. мех, польск. miech, палаб. mech, н.-, в.-луж., чэш. měch, славац. mech славен. mȇh, серб.-харв. ми̏јех, ме̑х, макед. мев, балг. мях, ст.-слав. мѣхъ. Прасл. měxъ ’аўчына’ > ’мех’. І.‑е. адпаведнікі: літ. maĩšas, лат. màiss ’мех’, літ. máisė ’раптух’, ст.-прус. moasis ’кавальскі мех’, магчыма, таксама ст.-інд. mēšá‑ ’баран, шкура’, mēšī́ ’авечкі’, авест. maēša ’авечка’, ст.-ісл. meiss ’кошык’, нарв. meis ’тс’, ст.-в.-ням. meisaпрыстасаванне для ношы на спіне’, і.-е. *moisos (Бернекер, 2, 46; Брукнер, 311; Траўтман, 165; Фасмер, 2, 612; Махэк₂, 356; Скок, 2, 421; Бязлай, 2, 176; Шустар-Шэўц, 12, 896). Аб развіцці семантыкі гл. Аткупшчыкоў, Из истории, 201. Абаеў (Этимология, 1984, 13) выводзіць і.-е. *meiso.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апа́чынапрыстасаванне для кіравання плытом’ (Сцяшк.), пачы́н(а) ’вясло’ (Бяльк.). Ст.-бел., ст.-укр. опачина ’вясло’ (Сінаніма). Укр. опачина ’тс’, (о)пачина ’вязка галля, ламачча, лазы’. Ст.-польск. paczyna ’рулявое вясло’, чэш., славац. opačina ’вясло’, ст.-чэш. дыял. opačina ’руль’, ’доўгі брус у задняй частцы воза’, ’процівага’, паморск. pácəna ’руль’, макед. опачина ’зваротны бок’, серб.-харв. опа̀чина ’грубасць, жорсткасць, паскудства’, балг. опачина ’ўпартасць’, славен. opačina ’памылка’, балг. опашка хвост’, рус. дыял. опачина ’хара’. Паводле Міклашыча, Махэка, Брукнера, польскія, чэшскія, славацікія словы ўтвораны ад opak ’наадварот’, а першаснае значэнне іх ’руль’ (Брукнер, 380); лепш суаднесці гэтыя формы з дзеясловам тыпу ўкр. пачити ’паварачваць’. Значэнне ’вясло’ можа быць выведзена з ’руль, рулявое вясло’. Аднак на магчымасць сувязі з ст.-рус. опашь, балг. опашка ’хвост’ указвае фанетыка рус. сіб. опашня ’вялікае бакавое вясло на барках’; з чэшскім значэннем ’брус у возе’ параўн. рус. дыял. опашина ’бервяно паміж стойкамі ў штольні’. Укр. (о)пачина ’звязка’, згодна з Бялецкім-Насенкам, ад фашина, якое з ням. Faschine. Гл. фашына.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стром ‘спілаванае завіслае дрэва’, ‘схіл страхі’, ‘куча галля’ (ТС), ‘прыстасаванне для лазення на дрэва’ (ЛА, 1), ‘строп страхі’ (узд., ЛА, 5), стро́ма ‘дах’ (Шушк., Сл. Брэс.), ‘круты схіл, абрыў’ (ТСБМ, Гарэц.), страмо́віна ‘выварочанае з коранем дрэва’ (Нар. Гом.). Укр. дыял. стром ‘фруктовае дрэва’, ‘круча’, стрім ‘схіл; тое, што тырчыць угору’, рус. стро́мы ‘кроквы; поручні’, польск. дыял. strom ‘дрэва; фруктовае дрэва’ (ведаць, з чэш., славац.Борысь, 580), чэш., славац. strom ‘дрэва’, старое н.-луж. strom ‘дрэва’, старое серб. стром, харв. strum ‘ствол дрэва’, славен. strȍm ‘тс’, ‘страха над загарадкай для авец’. Прасл. *stromъ ‘тое, што ўзносіцца ўгару, стаіць вертыкальна’, адпрыметнікавы назоўнік ад прым. *stromъ ‘стромкі, круты’ (Борысь, 580) ці паралельны да прыметніка аддзеяслоўны назоўнік ад *strьměti ‘тырчаць, выдавацца’ (Борысь, Etymologie, 181); гл. яшчэ Фасмер, 3, 781 з аглядам літ-ры. Бязлай (3, 332) праславянскае слова лічыць першасным nomen agentis ад дзеяслова *strēmti > прасл. *stręti, *stręnǫ, параўн. застра́ць ‘застрагнуць у праходзе, захраснуць’ (Нас.). Сюды ж строме́ц ‘козлы, якія прыціскаюць салому на вільчыку’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

магазі́н, ‑а, м.

1. Прадпрыемства рознічнага гандлю; крама. Прадуктовы магазін. Прамтаварны магазін. □ — А гэта вось дом стаіць, — кажа.. [Люся]. — Вялікі-вялікі! І магазін, дзе прадаецца хлеб. Брыль.

2. Спец. Прыстасаванне ў апараце або прыборы ў выглядзе каробкі або трубкі, куды закладваецца некалькі аднародных прадметаў (напрыклад, патронаў у аўтамат). Як толькі пачало цямнець, я засунуў пісталеты ў кішэню, паклаў туды ж запасныя магазіны з патронамі і пайшоў на ўмоўленыя кватэры. Карпюк. // Запасное месца ў вуллі для мёду на выпадак багатага медазбору. // Дапаможная прылада для электратэхнічных вымярэнняў.

3. Рэзервуар у лямпе, куды наліваюць газу. Моўчкі наліла [Галіна] ў магазін газы, падраўняла нажнічкамі кнот, запаліла яго і павесіла лямпу ў куце над сталом. Галавач.

4. Уст. Будынак, у якім захоўвалася грамадскае збожжа. Праходзячы міма вёсачкі, сябры ціхенька падкраліся да магазіна, дзе хавалася збожжа, і прыбілі на сценах некалькі лістовак і брашур. Колас.

[Фр. magazin, іт. magazzino ад араб. mahāzin — склады.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзед 1, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Бацькаў або матчын бацька. А вакол стаяць дзяўчаты, Шмат хлапцоў, мужчын, кабет. Тут сынок, ды тут і тата, Тут і ўнучак, тут і дзед. Крапіва.

2. Стары чалавек. Па раёну ходзіць слава, Што Анісім — мудры дзед. Панчанка.

3. Разм. Муж. Добра каша пры хлебе, добра баба пры дзедзе. Прыказка.

•••

Дзед Мароз — казачная істота, увасабленне марозу ў выглядзе дзеда з доўгай сівой барадой, у кажуху, зімовай шапцы, з кіем у руцэ. Вокны друкарні зусім замурованы дзівоснымі ўзорамі Дзеда Мароза. Брыль.

За дзедам-шведам — вельмі даўно.

Следам за дзедам гл. следам.

дзед 2,

гл. дзяды ​2.

дзед 3, ‑а, М ‑дзе, м.

Уст. Прыстасаванне, у якое ўтыкалася лучына для асвятлення хаты. Цьмяна гарэла лучына, уваткнутая ў дзеда — спецыяльна зробленую для гэтага прыладу. Чарнышэвіч. [Гаспадар] схадзіў у цёплую хату, вынес адтуль «дзеда» з лучынай, з запальніцы падпаліў. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патро́н 1, ‑а, м.

1. Гільза з капсулем, зарадам і куляй або шротам. Шура адцягнуў затвор, загнаў патрон у канал ствала. Навуменка.

2. Частка электрычнага прыстасавання, куды ўкручваецца лямпачка. [Рабочы] прынёс і павесіў на цвік, убіты ў сцяну, шнур з электрычным патронам. Арабей.

3. У такарным і свідравальным станку — прыстасаванне для замацавання дэталі, якая апрацоўваецца. Іван замацаваў чарговую дэталь у патрон і ўключыў матор. Ваданосаў.

[Фр. patron.]

патро́н 2, ‑а, м.

1. У Старажытным Рыме — асоба, якая брала пад сваю апеку і залежнасць свабодных, але бедных або непаўнапраўных грамадзян. // перан. Заступнік, абаронца. // У католікаў — святы, якога лічаць заступнікам і апекуном таго, хто носіць яго імя, або апекуном, абаронцам якога‑н. горада, абшчыны.

2. У капіталістычных краінах — гаспадар якой‑н. фірмы, прадпрыемства. // Разм. Непасрэдны начальнік у адносінах да сваіх падначаленых. [Мая] выпісвала і перакладала па тэме свайго патрона розныя весткі з замежных крыніц. Сабаленка.

[Ад лац. patronus — апякун.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разво́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разводзіць — развесці (у 1–3 і 5 знач.).

2. Спец. Агляд і размеркаванне па пастах вайсковых падраздзяленняў, прызначаных у каравул. Удвух усё агледзелі, што трэба агледзець пры здачы дзяжурства, .. зрабілі развод каравулаў, і чырвоная павязка з белым надпісам апынулася на рукаве Макарава. Алешка.

3. Скасаванне шлюбу. [Павалковіч:] — Якім можа быць мужам табе [Тані] вечны арыштант? Мы наладзім развод. Машара.

4. Прыстасаванне, якое дазваляе падоўжыць павозку, драбіны і пад. Драбіны з разводам. // толькі мн. (разво́ды, ‑аў). Разм. Разведзеныя калёсы. Юрка ўспомніў, што браканьеры — два мужчыны на разводах — не ездзяць болей .. у Сырніцу. Пташнікаў.

5. Нахіл зубоў пілы ў процілеглыя бакі адносна яе плоскасці. — Не пацягнуць [пілы]. Мусім па два разы рабіць. — Развод малаваты, — растлумачыў Вежавец. Грахоўскі.

•••

На развод — а) з мэтай развесці, размножыць (пакідаць, даваць каго‑, што‑н.); б) вельмі мала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

строп 1, ‑а, м.

Спец.

1. Канат, трос для падвешвання гандолы да дырыжабля, аэрастата, для ўтрымання чалавека або грузу на парашуце. Ермакоў хутка перарэзаў стропы, якімі, пакунак быў прывязан да парашута, і загадаў несці. Мележ. «Дружа! Ніколі не рабі скараспелых вывадаў!» — паўтарыў .. [Крамнёў] сваю любімую фразу і выпусціў з рук мокрыя стропы парашута. Шашкоў.

2. Прасцейшае прыстасаванне з каната або троса ў выглядзе пятлі, кольца і пад. для падхвату грузу і падвешвання яго па крук пад’ёмнага крана. З вышыні Павел Клімко ўжо ледзь праглядаў не тонкія, тон так дваццаць можна чапляць, стропы вежавага крана. Мыслівец.

строп 2, ‑а, м.

Абл. Стык бакоў страхі. Стаіць толькі адна вялізная, яшчэ бацькава, пуня, пад самы строп напакаваная сенам. Броўка. Пад стропам закапашыліся сонныя вераб’і. Мурашка. Праз усю пярэднюю сцяну цягнецца зашклёная веранда, пасярэдзіне яе — адкрыты ганак з пеўнікам на стропе. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)