ця́жкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікую вагу, з грузам вялікай вагі. Калун быў вялікі і цяжкі. Якімовіч. Адна ідзе старая Аксіння. Адна са сваімі ціхімі думамі і цяжкім мехам травы за спінай. Ракітны. / Аб прадметах большай вагі, аб’ёму, як звычайна. Цяжкія кроплі. Цяжкія каласы. □ [Кацярына] ціха плакала. Цяжкія слёзы каціліся адна за другой па твары. Васілевіч. Усе яны анямелі, здаецца, перасталі дыхаць, у каго скацілася, у каго толькі набегла цяжкая мужчынская сляза. Янкоўскі. // Які пакідае ўражанне вялікай вагі, цяжкасці (буйнымі памерамі, цёмным колерам, характарам прапорцый). Цяжкія хмары. □ Неба чорнае, цяжкае і таксама мёртвае. Гамолка.

2. Вялікі, грузны (пра чалавека, жывёлу). Здалёку пачулася нейкае няроўнае чвяканне, быццам нехта цяжкі і нязграбны прабіраецца па багністай і гразкай глебе. В. Вольскі. // Масіўны, грувасткі, вялікі (пра пабудовы, мэблю і пад.). Страшны замак, цяжкі, грозны. Пара вежаў, як адна. Колас. Хтосьці барабаніў рукамі па раялі, хто трымаў партрэты польскіх каралёў у цяжкіх залачоных рамах, а хто калом вокны павыбіваў. Бядуля.

3. Пазбаўлены лёгкасці, прыгажосці, хуткасці (пра паходку, рух і пад.). [Ян] пайшоў да дзвярэй цяжкай хадой стомленага чалавека. Чарнышэвіч. [Лукаш] ішоў ззаду ўсіх сваёй цяжкаю паходкай. Сабаленка. // Пазбаўлены тонкасці, прыгажосці, занадта пышны ці грувасткі, нязграбны. Цяжкі стыль. Цяжкі пераклад.

4. Які патрабуе вялікай працы, энергіі, сіл, напружання для ажыццяўлення, разумення і пад. Шлях быў цяжкі наш і доўгі, Гартаваны ў барацьбе. Астрэйка. Усё прыходзіла з гадамі, Набыта цяжкаю цаной: Ад неўсвядомленага «ма-ма» Да бессмяротнага «За мной!» Жычка.

5. Які пераадольваецца з цяжкасцю; абцяжараны, з турботамі. Суцяшаў, суцяшаў дзед [Міколку], але ад цяжкага жыцця захварэў, злёг. Лынькоў. Маці наша расказвала, што маленства ў хроснага было цяжкае: сіратой ды калекам пры нямоглай матцы і старэйшым браце. Брыль. // Разм. Які з цяжкасцю паддаецца выхаванню, уздзеянню. [Вера Мікалаеўна:] — Не згодна я. Няма цяжкіх дзяцей! «Звязда». // Які звязаны з хваравітымі адчуваннямі, болем. У .. [Марыны Архіпаўны] былі вельмі цяжкія роды. Шамякін. // Вельмі сур’ёзны, небяспечны (пра хваробу ці стан хваравітасці). Аляксея Шыраева даставілі ў Рэчыцу, у спецыяльны санаторый, у вельмі цяжкім стане. «Беларусь».

6. Сумны, змрочны, пануры. А з мястэчка партызаны неслі цяжкую навіну. Паўлаў. // Які выражае змрочнасць, суровасць, панурасць. Андрэй цяжкім позіркам акінуў сястру. Чарнышэвіч. Паліцай адарваўся ад дакумента, цяжкім позіркам укалоў Сцяпана. Шыцік.

7. Вельмі густы, моцны, непрыемны (пра паветра, пах і пад.). Паветра вельмі цяжкае, душыць, няма дзе дзецца... Бядуля. Кіслы, цяжкі дух сустрэў Якуба, калі ён пераступіў парог свае хаты. Крапіва.

8. Які мае вялікія габарыты і магутную зброю. Супраць крэпасці было выстаўлена дзевяць лёгкіх і тры цяжкія артылерыйскія батарэі 45‑й дывізіі. «Беларусь». // Які вырабляе машыны вялікай магутнасці і вялікіх габарытаў. Цяжкае машынабудаванне.

9. Змрочны, невясёлы, сумны. Цяжкія думкі перабіў скрып варот у гумне і моцны смех. Васілевіч. [Жонка] варочалася з боку на бок, накрываючыся з галавою, нібы хаваючыся пад коўдру не толькі ад Вацікавага храпення, а і ад цяжкіх думак. Марціновіч. // Непрыемны, нязручны. Дзяўчына адвярнулася і хутка пайшла назад, нібы ўцякаючы ад гэтага месца. Уражанне было вельмі цяжкае. Маўр. Ведала [Ганна]: будзе непрыемная, цяжкая гаворка, але гатовая была да яе. Мележ.

10. Навіслы, змрочны. Цяжкая хмара была ўжо зусім блізка. Гамолка. // перан. Які цісне, маральна ўшчамляе. Словы паліцыянта, здавалася, былі цяжкія, як волава. Сабаленка.

11. Моцны, вялікі, глыбокі; які з цяжкасцю праходзіць, адбываецца, утвараецца, звязаны з непрыемнымі фізічнымі адчуваннямі. Цяжкае гора. Цяжкі сон. □ І, выдых хаваючы цяжкі, Карэнні хаваюцца ўглыб. Гаўрусёў.

•••

Цяжкая атлетыка гл. атлетыка.

Цяжкая вада гл. вада.

Цяжкая кавалерыя гл. кавалерыя.

Цяжкая прамысловасць гл. прамысловасць.

Цяжкія металы гл. метал.

Цяжкая рука; цяжкі на руку гл. рука.

Цяжкі на пад’ём — а) пра чалавека, якога цяжка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.; б) пра таго, хто з неахвотай прымаецца за што‑н., ідзе на што‑н.

Цяжкі хлеб гл. хлеб.

цяжкі́, а́я, ‑о́е.

Тое, што і ця́жкі. [Чарнавус:] Дапамажыце выйсці з цяжкога становішча, у якое я трапіў з нечае ласкі. Крапіва. Наперадзе будзе цяжкое спатканне... Дубоўка. Паслухаць бы драздоў свістанне У час ружовага світання, Калі цяжкі мядзведзь з бярлогі Высоўвае на сонца нос. Панчанка. Дзецям ногі баляць, іх стамляе дарога цяжкая. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хадзі́ць, хаджу́, хо́дзіш, хо́дзіць; незак.

1. Мець здольнасць, магчы рухацца, ступаючы нагамі (пра чалавека і жывёл). — Шкадуе бацька вельмі, што не можа хадзіць, — паведаміла шэптам Вера. Шамякін.

2. Тое, што і ісці (у 1 знач.), аднак хадзіць абазначае рух, які паўтараецца, адбываецца ў розны час і ў розных напрамках.

а) Перамяшчацца, ступаючы нагамі, робячы крокі (пра чалавека і жывёлу). Па-над рэчкай у лузе квяцістым Мы хадзілі, бывала, не раз. Колас. Круг за кругам гракі ходзяць услед за трактарамі. Бялевіч. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар падобнага руху. Збляднелая, змізарнелая Гертруда Паўлаўна ходзіць на дыбачках. Навуменка. Цяпер [свякроў] хадзіла згорбіўшыся і ўсё подбегам, трушком, быццам ёй горш, як усяму свету, часу не хапала. Брыль. // Карміцца на пашы, пасвіцца (пра жывёлу). За фермай на пасецы ля лесу хадзіла скаціна. Пташнікаў. Людзі ўбачылі нават Архіпа, статак якога хадзіў недалёка ў кустах. Пестрак.

б) Перамяшчацца пэўным маршрутам; ездзіць, плысці, ляцець (пра сродкі перамяшчэння). Паміж горадам, дзе вучылася Ганна Прыбыткоўская, і Якубавічамі хадзіў аўтобус штодзень. Чорны. — Вазьмі ж мяне, лётчык, хачу я.. На моры зірнуць хоць раз вокам, Як ходзяць па іх караблі. Купала. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар такога перамяшчэння. Хадзіць на вёслах. □ [Чмаруцька:] — У мае часы і вугалю было малавата, паравозы хадзілі на дрывах. Лынькоў. // Плаваць, ездзіць у якасці члена экіпажа, вадзіцеля. Хадзіць у міжгароднія рэйсы. □ [Павел Пятровіч:] — У час другой сусветнай вайны хадзіў матросам на гандлёвых параходах. Кухараў.

в) Перамяшчацца ў пэўным кірунку (пра свяцілы, хмары і пад.). Дзякуй сонцу, што ў небе хадзіла высока і сцяблам аддавала бацькоўскую сілу. А. Вольскі. Ходзяць зоры над краінай, Дрэвы стомленыя спяць. Глебка. Яшчэ раніцаю на захадзе хадзілі чорныя хмары, цяпер яны аблажылі кругом неба. Гурскі.

г) Перамяшчацца, рухацца масай, патокам, чарадой. Вецер то ходзіць пругка, шырока, нібы пнецца паваліць нешта, то скуголіць прарэзліва і дзіка. М. Стральцоў. Важка ходзіць ужо, не ляжыць акіян. Русецкі. На Случчыне, дажджамі ўмытай, што і казаць, гаспадары: высокай хваляй ходзіць жыта і побач высяцца капры. Вялюгін. / Пра рыб, дробных звяроў. Чародамі ў рэках хадзілі самы. Броўка. Увесь Дняпро ў кругах: ходзіць рыба шалёна. Караткевіч. // Разносіцца, быць чутным (пра гукі, пахі). Смех адказны, смех шчаслівы Ходзіць на пагорках. Колас. / у вобразным ужыв. Ходзіць па нівах бязмежных Вясна маладая. Танк. На снежных шырокіх прасторах Хадзіла зіма і мароз. Глебка.

3. у што, на каго або з інф. Тое, што і ісці (у 2 знач.), аднак хадзіць абазначае рух, які адбываецца ў розны час, у розных напрамках. Хадзіць у госці. Хадзіць у школу. □ Корпацца дзень у дзень на гаспадарцы і хадзіць дзень у дзень на работу ніхто не мог бы патрапіць. Чорны. Такіх асілкаў я калісьці сустракаў у Сібіры і на Далёкім Усходзе. З імі не страшна хадзіць на мядзведзя. Паслядовіч. З шчасцем і ў грыбы добра хадзіць. Прымаўка. // Бываць дзе‑н., наведваць каго‑, што‑н. Тэкля любіла хадзіць па суседзях — вельмі гутарлівая баба была. Бядуля. Некалькі гадоў жонка хадзіла па дактарах, ездзіла на курорты. Навуменка. // Выступаць у паход супроць каго‑н., нападаць. Хадзіць вайною. □ На ворага [народ] хадзіў у бітвы, хоць вораг быў аж вельмі люты. Дубоўка. Партызаны біліся не на жыццё, а на смерць. Дванаццаць дзён трымалі абарону і самі не раз хадзілі ў атакі. «Маладосць».

4. Пераходзіць, перадавацца ад аднаго да другога. Гэты ліст [жонкі Шышкіна] хадзіў па ўсёй батарэі. Няхай. А гуцулы п’юць, гуляюць, Ходзіць чарка па руках. Зарыцкі. // Распаўсюджвацца, станавіцца вядомым многім (пра чуткі, весткі і пад.). Пра горку хадзіла легенда, нібы пахаваны на ёй у далёкія-далёкія часы казачны волат-асілак. Лынькоў. Пра Гарбачэўскага ходзяць легенды, — пачаў Шыманскі. — Ён сотні людзей выратаваў ад смерці... Гурскі. // Праяўляцца то ў адным, то ў другім месцы. Эпідэмія ходзіць. □ Словы аб тым, што ёсць на свеце шчаслівыя землі, па якіх не ходзіць жоўтая хвароба, засталіся марай аб лепшым, што рыхтавала.. [Арцёму] будучыня. Самуйлёнак.

5. Быць у руху; рухацца ўзад і ўперад або ўверх і ўніз, з аднаго боку ў другі. А там, за доўгімі сталамі, У стол уткнуўшыся насамі, Сядзяць пісцы, як гною кучкі, Скрыпяць іх пёрцы, ходзяць ручкі. Колас. Лоўка ходзіць моцны струг, Стружкі сыплюцца наўкруг. Дзеружынскі. // Зыбацца, ківацца (з-за няшчыльнага прылягання, злучэння). Маснічына ходзіць пад нагамі. // Калыхацца, дрыжаць. Дзірван пад намі ходзіць (Кол забіваем мы), Каб мог і ён адводзіць Калючыя грамы. Свірка.

6. Падымацца і апускацца пры глыбокім дыханні, пры напружанні і пад. [Колас:] — Я ў Грына моцна надыхваюся марскога ветру, грудзі ходзяць, як у дваццаць гадоў. Лужанін. У.. [Паўліка] нават сапраўдных мускулаў на руках няма, а ў Міколкі яны вунь якімі тугімі гузакамі пад скурай ходзяць. Бяганская.

7. Укісаючы, брадзіць. Цеста ходзіць. // перан. Быць узбуджаным, усхваляваным, узрушаным. Ходзіць лагер, нібы ў віры, Бо загад аддан. А тым часам камандзіры Вывучаюць план. Колас.

8. за чым. Разм. У спалучэнні з назоўнікамі азначае выкананне пэўнай работы, дзеяння пры дапамозе прылады, названай назоўнікам. Юрка патузваў лейцы, гукаў на каня і ўслед за ім, вельмі паволі, хадзіў за бараною. Чорны. [Марыя] хадзіла і за плугам, і за бараной, брала ў рукі і касу. «Звязда».

9. каля (ля) каго-чаго. Клапаціцца аб кім‑, чым‑н., даглядаць каго‑, што‑н. Змалку прывучыў.. [Сёмку] бацька хадзіць каля зямлі, любіць яе і даглядаць. Гартны. [Доктар:] Я Антону Мітрафанавічу медыкаментаў пакіну і раскажу, як каля раны хадзіць. Крапіва.

10. за кім. Заляцацца да каго‑н. За.. [Валяю] хадзілі хлопцы, але ніводзін не быў падобен да.. [Кавальчука]. Чорны. — Вы, цётка, думаеце, Сак за мной ходзіць? Не. Ён хоча браць Раю. Сягоння б ажаніўся, каб пайшла. Ермаловіч.

11. Насіць што‑н., апранацца як‑н., у што‑н. Цяпер Антон хадзіў чыста, галіўся, нават паправіўся. Ракітны. Адзін жыў — у лапцях хадзіў, у калгас прыйшоў — каптан знайшоў. Прымаўка.

12. Разм. Быць у якім‑н. званні, на якой‑н. пасадзе, на якой‑н. рабоце. [Баба Параска:] — А ты стаў культурны. Усё дзякуй ды дзякуй. На кожным, лічы, слове. Нябось вывучыўся недзе, можа ў начальніках ходзіш? Чыгрынаў. Не сорамна цяпер Марыі Пятроўне за дачку. У перадавіках ходзіць. «Работніца і сялянка».

13. Быць, знаходзіцца ў якім‑н. стане, настроі. Панурыя, злыя хадзілі мужчыны, аб чымсьці перашэптваліся, спрачаліся, дамаўляліся. Лынькоў. Слава, якому Тоня дазволіла неяк раз мазнуць пэндзлем, хадзіў сярод братоў і сясцёр ледзь не героем: лічыў сябе амаль запраўскім маляром. Даніленка. Вясёлы, гаманкі быў [Сцяпан Лісоўчык], калі ў хлопцах хадзіў. Ракітны. // Разм. Быць цяжарнай, чакаць дзіця. — Дык гэта ж у іх, пэўна, радзіны! — пляснула цётка рукамі. — Саша ж ходзіць апошнія дні. Васілевіч.

14. Выкарыстоўвацца тым або іншым чынам, у той або іншай запрэжцы (пра коней і пад.). [Сомік] адмаўляўся, што ў яго конь малады, у цяжкім возе ніколі не хадзіў, а каню было ўжо чатыры гады. Крапіва.

15. Рабіць ход якой‑н. фігурай, картай. Хадзіць канём. Хадзіць козырам.

16. Разм. Адпраўляць натуральную патрэбу. Хадзіць на двор.

17. заг. хадзі́(це). Разм. Запрашэнне ісці куды‑н., прыступаць да чаго‑н. — Ну, хадзі за стол, нябога; Сядзь і ты, стары, сюды, Пасілкуйцеся з дарогі... Колас. Хадзіце, хадзіце к марозу! Хадзіце ў госці хутчэй! Купала.

•••

Вецер ходзіць дзе гл. вецер.

Вецер ходзіць у галаве — тое, што і вецер гуляе ў галаве (гл. вецер).

Галава ходзіць кругам — тое, што і галава ідзе кругам (гл. галава).

Далёка хадзіць не трэба гл. трэба.

З торбай хадзіць — жабраваць, прасіць міласціну.

Каб ты па гары хадзіў ды сонца не бачыў! — ужываецца як праклён.

Каб ты па свеце не хадзіў! — ужываецца як праклён.

Па адной дошчачцы (маснічыне) хадзіць — дагаджаць каму‑н., падпарадкоўвацца ва ўсім.

Пад стол пяшком хадзіць — быць яшчэ зусім малым.

Пад сядлом хадзіць — выкарыстоўвацца для верхавой язды (пра коней).

Справа ходзіць пра што (аб чым) — тое, што і справа ідзе пра што (аб чым) (гл. справа ​1). Дзед Талаш — чалавек пераважна замкнуты. Сваімі думкамі не з кожным падзеліцца і думае іх спакваля, грунтоўна, асабліва калі справа ходзіць аб важных рэчах. Колас.

У золаце хадзіць — быць багатым.

Улегцы хадзіць — не быць нагружаным працай.

У чубы хадзіць — тое, што і брацца за чубы (гл. брацца).

Хадзіць арлом (гогалем) — хадзіць важна, ганарыста.

Хадзіць бабылём — доўга не жаніцца, жыць адзінока, без сям’і.

Хадзіць гужам (роем) за кім — выказваць сваё захапленне кім‑н.; пра поспех у многіх.

Хадзіць козырам (кандзібоберам) — паводзіць сябе ганарліва, незалежна; задавацца.

Хадзіць кругом ды навокала — гаварыць намёкамі, абыходзячы сутнасць справы.

Хадзіць на галаве — дурэць, сваволіць, нікога не слухацца.

Хадзіць (стаяць) на задніх лапках перад кім — прыслужвацца, выдыгаць перад кім‑н.

Хадзіць на мяккіх лапах — а) хадзіць крадучыся, цішком, каб не чулі; б) перад кім услужваць каму‑н., выслужвацца перад кім‑н.

Хадзіць на пальчыках — далікатна абыходзіцца з кім‑н., выказваючы павагу, шкадуючы каго‑н.

Хадзіць на пары́пра цяжарную перад блізкімі родамі.

Хадзіць на часах — тое, што і хадзіць на пары́.

Хадзіць пад пенай — цяжка, заўзята працаваць.

Хадзіць па зямлі — жыць.

Хадзіць па людзях — набірацца, жабраваць.

Хадзіць па лязе — рызыкаваць, быць у небяспецы.

Хадзіць па руках — а) пераходзіць ад аднаго да другога, быць у карыстанні то ў аднаго, то ў другога; б) уступаць у любоўныя зносіны то з адным, то з другім мужчынам (пра жанчыну). — Хто ведае, .. што было б з тою шляхцянкаю, што адзін час нават па руках хадзіла? Бажко.

Хадзіць па струнцы — быць вельмі дысцыплінаваным, паслухмяным; бясспрэчна падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н. Сыны, дочкі, унукі і праўнукі хадзілі па струнцы, разам садзіліся за стол і, пад’еўшы, дзякавалі бабцы, хоць яна даўно не кухарыла. Лужанін.

Хадзіць у воўчай скуры (шкуры) — маскіравацца з пэўнай мэтай. [Багуцкі:] — Мне нельга, аднак, адкрыта гаварыць з імі [рабочымі] і мне абрыдла.. хадзіць у гэтай воўчай скуры і адчуваць, як кожны позірк нашых людзей нібы распаленым жалезам працінае маё сэрца. Лынькоў.

Хадзіць у запрэжцы — а) быць запражным, выкарыстоўвацца ў якасці запражнога (пра каня, вала і пад.); б) рабіць адну справу.

Хадзіць улукаткі — хадзіць зігзагамі, крыва, віляючы з боку ў бок.

Хадзіць (прасіцца) у наначкі — хадзіць да каханай дзяўчыны (жанчыны) і заставацца там нанач. За гарадской прапіскаю Вы ідзяце ў нянечкі. Вас у пад’ездах ціскаюць, Салдаты просяцца ў наначкі. Барадулін.

Хадзіць у пазычкі — пазычаць.

Хадзіць фертам — мець бравы, самаздаволены выгляд.

Хадзіць ходырам (хадуном) — а) моцна хістацца, калыхацца. Кузаў рыпеў, патрэскваў, хадзіў ходырам; пасажыраў вадзіла ва ўсе бакі. Ракітны. Ірка спынілася — сталі і.. [алені]. Дыхалі часта-часта, бакі ў іх хадзілі хадуном. Пташнікаў; б) быць у руху, кіпець, хвалявацца. Ды і ад дзеда Хвядоса, і ад даўгінаўскіх дзядзькоў я чуў, што некаторыя фальваркі ўжо хадуном ходзяць, а паны грызуцца паміж сабою, як сабакі. Бажко.

Хадзіць як пад зямлёй — мець прыгнечаны стан, дрэнны настрой.

Чыста хадзіць каля посуду — есці ўсё да канца, усё, што даюць, з апетытам.

Язык гладка ходзіць гл. язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Наводліў ’наводмаш’ (ТСБМ), навотліў ’тс’ (калінк., З нар. сл.), наўотліў: «паганымі рукамі рву [завітку] наўотліў — направа ці налева, толькі не ўверх» (хойн., Полес. этнолингвист. сб. М., 1983, 100), навотляў ’наводліў, наводмаш’ (карэл., Нар. лекс.), навотляй (лях., Янк. Мат.), навотля, наотля ’наводмаш; наадварот, не так, як трэба; ад сябе’ (гродз., Сцяшк. Сл.), навотля, навотлю ’наводмаш; на адлегласці’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж, відаць, навотвіль, наотвіль ’наводмаш’ (ТС), навотляг (стаўбц., Жыв. сл.), навотлях (слонім., Нар. лекс.), na wodlach ’тс’ (Федар. II, 159). Параўн. укр. навідлі, навідлів, навідліг, наодлів ’наводмаш’, польск. naodlew, na odlew ’з левага боку, левай рукой’. Існуе некалькі версій паходжання названага слова: ад ле́вы, параўн. польск. odlew ’з левай рукі, левай рукой; перан. махнуўшы рукой ад сябе, адным замахам’ (Варш. сл.), такой версіі адносна бел. навотліў, навотлю прытрымліваецца Шуба (Прыслоўе, 114), які лічыць іх прыставачна-суфіксальнымі; або ад ліць, як лічыць Брукнер (289), для польск. слова, г. зн. на‑(в)од‑ліў, як на‑(в)од‑маш (ад махаць), на‑(в)од‑шыб (ад шыбаць) і г. д. Не выключае, што тут мы маем справу з узаемаўплывам розных па паходжанні слоў, пра што можа сведчыць спецыфічнае для польск. odlew значэнне ’ад сябе, праз руку’, зафіксаванае ў слоўніку Ольгебранта (у т. зв. Віленскім слоўніку): lać do szklanki na odlew, што, відаць, адлюстроўвае праз т. зв. пальшчызну крэсову ўплыў беларускай мовы. У такім выпадку частка аднесеных сюды слоў можа мець іншае паходжанне: наводлег, навотлях ад легчы, ляжаць (< на‑од‑лег), навотвіль, наотвіль ад віляць і г. д. Улічваючы магічны сэнс розных кірункаў дзеяння (параўн., напрыклад, адліванне, адкідванне хваробы ў знахарскай практыцы), перш за ўсё з мэтай засцярогі («Серпа, косу откідалі от себе, ек грымело», ТС, 3, 280), а таксама недапушчальнасць з пункту погляду народнай этыкі наліваць каму-небудзь ад сябе (што павінна сведчыць пра злыя намеры), можна прыняць для наводліў другую версію. Параўн. таксама Журэк, JP, 57, 1977, 36–38 (польск. na odlew — пра замах шабляй з левага боку).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́кры, пры́крый, прі́крый, пры́клы ’непрыемны, брыдкі; крыўдны; надакучлівы, нязносны; прытарны, агідны; нясмачны’ (Нас., Нік. Очерки, Бес., Ласт., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ; смарг., шальч., баран., чэрв., Сл. ПЗБ; ТС, ЛА, 3), пры́кра ’непрыемна, брыдка; крыўдна; надакучліва, нязносна; прытарна, агідна’ (ТСБМ, Мядзв., Нас., Нік. Очерки, Гарэц., Байк. і Некр., Шат., Бяльк., ТС), ’горка’ (Байк. і Некр.), прі́кра ’прыкра; горка’ (Бяльк.). Сюды ж з іншымі архаічнымі значэннямі: пры́кры ’стромы (бераг)’ (Мат. Гродз., Сцяшк.), пры́кры, пры́крый ’абрывісты, круты (бераг)’ (лід., іван., пін., Сл. ПЗБ; ЛА, 2, ТС), прэ́кры, прэ́крый ’круты, стромкі (пра бераг)’, прэ́кро ’крута, стромка’ (Сіг., ЛА, 2). Таксама сюды ж вытворныя назоўнікі і дзеясловы, якія захоўваюць семантыку прыметнікаў: пры́красць, прікрысь, прікрысць ’непрыемнае пачуццё, непрыемнасць’ (Нік. Очерки, Ласт., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ), пры́кросць ’прыкрасць, непрыемнасць’, ’круцізна, абрывістасць’, прыкрэ́ц ’круты бераг’ (ТС), са стратай каранёвага ‑р‑ пры́кун ’круты бераг’ (Мат. Гродз.); пры́крыць ’надакучваць; назаляць; рабіцца прытарным, агідным’ (Нас., Нік. Очерки, Байк. і Некр.), прыкрэ́ць ’рабіцца прытарным, больш салодкім’ (Нас.), прі́кріцца ’апрыкрыць, надакучыць’ (Бяльк.), пры́крыць ’рабіць непрыемнасці’ (ашм., Сл. ПЗБ); ст.-бел. прикрии, прыкрыи ’круты’, прыкрыи ’непрыемны’, прикритство ’строгасць, жорстскасць’ (Сл. Скарыны). Параўн. укр. при́крий ’непрыемны; моцны, надзвычайны; рэзкі (пра колер); злы; круты; стромы’, рус. дыял. при́крый ’прытарны’, ’цяжкі, недаступны, недасягальны (пра шлях, работу і пад.)’, польск. przykry ’прыкры, аскомісты’, чэш. příkrý, славац. príkry ’прыкры, брыдкі, непрыемны, аскомісты, востры’. Узыходзіць да прасл. *prikrъ(jь) ’круты; востры, горкі; непрыемны; рэзкі і г. д.’, якое калі не спрадвеку было полісемічным, то набыло шэраг значэнняў (аб якіх падрабязна гл. Пятлёва, Этимология–1983, 43–45; тут таксама крытычны агляд папярэдніх версій і аналіз семантыкі) даволі рана, што, безумоўна, можа быць звязана з патэнцыяльна невычэрпнай семантыкай і.-е. *qer‑ ’рэзаць’, да якога (з прэфіксам pri‑) праславянскае слова ўзводзіў яшчэ Петарсан (гл. Фасмер, 3, 364; Пятлёва, там жа). Іншыя версіі (Міклашыч, 264; Голуб-Копечны, 301; Махэк₂, 493) падаюцца пэўнымі ў значна меншай ступені. Кюнэ (Poln., 89) па лінгвагеаграфічных прычынах лічыў польскім запазычаннем у беларускай мове, што не мае падстаў у сувязі з народным характарам слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каза́к1 ’На Русі ў XV–XVII стст. — вольны чалавек, з прыгонных сялян, халопаў, гарадской беднаты, якія ўцякалі на ўскраіны дзяржавы — Дон, Запарожжа, Яік; у дарэвалюцыйнай Русі: з XVIII ст. — прадстаўнік ваеннага саслоўя — ураджэнец вайсковых абласцей (Кубанкай, Арэнбургскай, войска Данскога і інш.), які быў абавязаны несці службу ў асобых вайсковых часцях за льготнае карыстанне зямлёй; радавы асобых (звычайна кавалерыйскіх) вайсковых часцей; ураджэнец некаторых (былых вайсковых) абласцей СССР’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.), ’пра спрытнага маладога мужчыну’ (ТСБМ); сустракаецца і ў народных песнях (Радч. і інш.). Што датычыць слова казак у асноўных значэннях, то гэта ва ўсх.-слав. мовах запазычанне з Усходу: у тур., крым.-тат., казах., кірг., тат., чагай, мовах казак ’вольны, незалежны чалавек; шукальнік прыгод, бадзяга’, кумык. казак ’аружаносец пры феадале, ваенны слуга, дружыннік’. Шлях распаўсюджання слова ва ўсх.-слав. мовах няясны, у ст.-рус. адзначаецца ў грамаце 1395 г., аднак са значэннем ’парабак, батрак’ і ў форме з ‑о‑. Слаўскі (3, 26) мяркуе (пералічыўшы вядомыя ў большасці славянскіх моў формы), што слова трапіла ў гэтыя мовы з укр. Аднак звяртае на сябе ўвагу, што ў балг. казак‑а‑), відавочна, з рус. мовы, а Ліндэ для польск. прыводзіў як неўжывальную форму kazak (таксама, як бачым, з ‑a‑). Аднак у большасці слав. і зах.-еўрап. мовах прадстаўлена менавіта ўкр. форма гэтага слова. Што датычыць бел., яго статус няясны: хоць у ст.-бел. мове і адзначана форма з ‑о, форма козакъ (і вытворныя), відавочна, з’яўляецца асноўнай. Значэнне ’спрытны, малады мужчына’ вядомае ўкр. мове. Так, Грынчэнка адзначае, што слова казак у народнай паэзіі дапасоўваецца да кожнага маладога чалавека, аднак не выключана, што такое значэнне магло быць не толькі вынікам экспансіі слова рознымі шляхамі, у тым ліку і пры пасрэдніцтве фальклору, але і магло ўзнікнуць самастойна на базе як новых значэнняў (’кавалерыст’ і інш.), так і магчымых старых ’бадзяга’. Параўн. у ст.-польск. kozak ’юнак, зух’, дыял. ’смяльчак, завадатар, хлопец’, рус. дыял. казакпра смелага, удалага чалавека’.

Каза́к2 ’народны танец з паступова нарастаючым тэмпам, а таксама музыка да гэтага танца’ (БРС, ТСБМ). Статус слова няясны, магчыма, другаснае ўтварэнне ад казачок, а магчыма, тое ж, што і ўкр. казак ’танец. Што датычыць этымалогіі, то нельга сцвярджаць упэўнена: паходзіць гэта слова ад казак1, ці мае нейкія адносіны да каза ’танец’ (рускія гаворкі, напрыклад, ведаюць слова казак у значэнні ’самец розных жывёл і птушак’, параўн. таксама рус. арханг. казак с казачихой). Паводле лінгвагеаграфіі і экстралінгвістычнай інфармацый, другая версія пакудь што менш надзейная.

Каза́к3 ’лён-даўгунец’ (БРС, Уладз.), ’сорт высокаўраджайнага аўса’ (Сцяц.). Як можна меркаваць па прыкладах, гэта параўнальна новае слова. Сінонім — вельколён: «Простый лʼон пэршы був, а вэлʼколʼун у воjну мыколаjивсʼку поjавывся» (Уладз., 198). Другое значэнне ’авёс’, магчыма, другаснае, перанос назвы паводле прыкметы ’вялікі, ураджайны’. Гаворкі рус. мовы ведаюць слова казак у дачыненні да розных раслін. Улічваючы, што размова ідзе пра яўна культурны тэрмін, ёсць вялікая верагоднасць таго, што ён запазычаны разам з рэаліяй. Тэарэтычна магчымы і іншы варыянт: самастойнае ўтварэнне ад казак ’малады, спрытны мужчына’ (параўн. характэрныя дыял. назвы лёну, аўса: скакун, скочень, ростун) або моўная трансфармацыя (муж. род) каза ’лісце, каліва цыбулі і інш.’ Структура такога тыпу (з суф. ‑ак) вядома як у бел., так і ў іншых слав. мовах, параўн. балг. козак ’расліна Tragopogon majus’, чэш. kozak ’назва грыба’ і інш.

Казаќ4 ’казакін’ (Мат. Гом.), ’жаночае верхняе адзенне, нажытае ў зборкі’ (рас., Сл. паўн.-зах.). Рус. валаг., наўг., казан. казак ’разнавіднасць паддзёўкі са зборкамі, накрытай сукном’ і вядомае на розн. тэрыторыі ’жаночая кофта ў талію, сукенка ў талію і інш.’, асташ., цвяр., ленінгр. і інш. ’верхняе жаночае адзенне’, польск. уст. казак ’кароткі плашч, куртка’, больш новае ’доўгая блузка, якая носіцца паверх спадніцы’, чэш. kazak, славац. kazak ’кафтан’. Бел. слова, зафіксаванае ў розных моўных арэалах, або сведчыць пра інфільтрацыі ў перыферыйныя зоны з гаворак суседніх моў, або ўказвае на запазычанне, якое станавілася архаізмам і, трапляючы ў пасіўны запас, гублялася ці магло выцясняцца іншым словам (казаціна і да т. п.). Не выключана магчымасць і адваротнай дэрывацыі (казак < казакін і пад.). Як культурны тэрмін, казак вядомы на шырокай тэрыторыі; слова лічыцца запазычаннем, аднак крыніца і шляхі распаўсюджання слова няясныя. Слаўскі (3, 27) прыводзіць папулярную версію аб тым, што гэта запазычанне з захаду: франц. casaque ’кафтан, апанча, плашч; упрыгожаная доўгая блузка’, слова вядома з 1413 г., у польск. мове форма kazak адзначаецца пазней. Іншыя аўтары (Гараеў, Дзмітрыеў) мяркуюць аб запазычанні з усходу; Дзмітрыеў (Тюрк. эл., 25) прыводзіць татар., бат. кэзэки ’нацыянальнае верхняе адзенне мужчын Татарыі і Башкірыі’. Супраць такой этымалогіі рэзка, аднак без аргументацыі выступіў Фасмер (2, 158). Можна звярнуць увагу на тое, што ў рус., бел., укр. гаворках сустракаюцца значэнні ’мужчынскае і жаночае адзенне, блузка’, што больш адпавядае версіі аб заходнім запазычанні. Арыстава (Контакты, 59–60) прапанавала ў якасці крыніцы англ. cassock ’туніка ў англійскіх свяшчэннікаў’, аднак па семантычных і інш. прычынах гэта версія не выглядае надзейнай. На жаль, лінгвагеаграфічны крытэрый адзначыць тут вельмі цяжка, паколькі матэрыял не дазваляе меркаваць, што бел. мова была пасрэднікам распаўсюджання слова. Семантыка прыведзеных слоў паказвае, што разглядаць польск. даныя асобна ад рус. (тут бел. факты былі б інфільтрацыямі з суседніх польск. і адпаведна рус. гаворак) нельга. Што ж датычыць уласна этымалагічнага боку, то думка аб зах.-еўрап. паходжанні слова найбольш абгрунтавана. Крыніцай франц. casaque лічаць звычайна італ. casacca ’кафтан, апанча’, аднак Слаўскі (3, 27–28) прыводзіць вядомыя с.-лац. casaca ’разнавіднасць убрання’, італ. casaca ’куртка’ і інш.

Каза́к5 ’калаўрот або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Борт.). Да каза1, перанос паводле зааморфных атрыбутаў рэаліі — наяўнасці ручак (рагоў), параўн. рус. пск. баран ’вертыкальны калаўрот’, таксама адзначанае Далем спец. (у мяснікоў) ’калаўрот паміж двух слупоў’; ніжагар. ’разнавіднасць санак з ручным калаўротам’.

Каза́к6 ’грыб масляк’ (Бяльк., Сцяшк.), козяк ’абабак, падбярозавік’ (кам., Жыв. сл.), ’грыб любы, ядомы, апрача баравіка’ (маст., Жыв. сл.; слон., Нар. лекс.), козяк ’тс’ (кобр., Жыв. сл.). Сцяцко (Дыял. сл.) дае дэфініцыю казякі ’грыбы (агульная назва)’. Паводле ўласных запісаў Сцяцко (Нар. лекс., 49) слова казякі ведаюць у Маст., Слон., Ваўк. раёнах. Аўтар лічыць, што паходзіць слова ад назвы казлякі (казля́к ’масляк’). Тут можна бачыць суфіксальнае ўтварэнне ад каза1, як аб гэтым думае Сцяцко, Афікс. наз., 146, а магчыма, перанос назвы ад казак ’казляня’, параўн. каза, казёл, казялок ’грыб масляк і інш.’. Што датычыцца значэння ’любы грыб (апрача баравіка)’, то тут праблема не вельмі ясная, ці гэта абагульненне назваў канкрэтных «чорных» грыбоў (маслякі, абабкі), ці незалежнае ўтварэнне, якое дэманструе ўжыванне заоніма для характарыстыкі зніжанасці, абазначэння другароднасці такіх грыбоў.

*Каза́к7, коза́к ’рухавы смелы чалавек’ (ТС). Дакладных адпаведнікаў няма, аднак з іншым значэннем аналагічныя структуры ёсць у некаторых мовах: рус. пячор., арханг. казак ’смелы ўдалы чалавек (пра жанчыну)’, анеж. казакпра жанчыну’, магчыма, сюды ж асташ., цвяр., пск., арл. казаки ’гульня ў гарэлкі’. Як паказваюць структурна адэкватныя лексемы (рус. казак ’грыб падбярозавік, Boletus scaber’, ’лекавая расліна’, казаки ’расліна Plantago’, польск., чэш., славац. kozak ’грыб Boletus scaber’, славен. kozák ’разнавіднасць грыба, жука’, польск. kozak ’пастух коз’, славін. kozak ’недарэка і інш.’, чэш. kozak ’пастух коз’). Параўн. таксама іншыя ўтварэнні ў бел. мове (гл. казак), тут дэрыват ад каза1, аб тыпе словаўтварэння гл. Сцяцко, Словаўтв., 146. Да семантыкі можна прывесці рус. мяшч., калуж. козёлпра жывога, рухавага чалавека’ і рус. казакаться ’важнічаць, наравіцца’, якое па семантыцы быццам бы не супадае, аднак параўн. рус. козокаться ’наравіцца, важнічаць, сварыцца, круціцца, не стаяць на адным месцы і інш.’, козохаться ’тс’, арханг. козой (з іншым суфіксам) ’упарты, лодыр’, козонпра жвавую, вяртлявую жанчыну’, козанокпра малое дзіця, якое дрэнна расце’, ’пра жвавага чалавека’, ’пра жвавую дзяўчынку’, ’пра жвавае, смелае дзіця’, козыкаться ’ўпарціцца’ і ’важнічаць’ (пск. і інш.); параўн. яшчэ рус. дыял. козлиться ’гарэзіць, скакаць’, ’упарціцца’, ’сердаваць, злавацца’, козлокать ’скакаць, гарэзіць’. Пры аналізе першай групы рус. прыкладаў неабходна мець на ўвазе магчымыя ўзаемаўплывы дэрыватаў ад коза і козырь, козыриться, а таксама і інш. слоў. Што датычыць бел. слова, уплыў лексемы казак ’вольны чалавек’ і інш. не выключаны, ім можна тлумачыць спарадычнасць утварэнняў з ‑ак‑ суфіксацыяй ва ўсх.-слав. мовах і паслядоўныя запісы рус. адпаведнікаў (казак) з ‑а‑.

*Каза́к8, коза́к ’укладка нарыхтаваных дроў у лесе’ (ТС). Магчыма (гл. казачок ’мера дроў’), суадносіцца з рус. арл., болхаўск. казак ’мера дроў, 1/16 кубічнага сажня’. Як і іншыя ўтварэнні (параўн. казак), мы лічым гэта слова вытворным ад каза1. Што датычыць семантыкі, параўн. рус. малаарханг., арл. складывать в козлы ’складваць адзін кусок торфу на другі, сценкай’, ’складваць цагліны: адны плазам, іншыя стаўма, каб паміж імі засталіся адтуліны для паветра’, укр. усх.-палес. козлік ’укладка торфу’, магчыма, сюды ж шматлікія дэрываты ад каза, казёл — найменні ўкладкі снапоў, як спецыяльных, ад дажджу, так і традыцыйных. Сувязь з назвай жывёлы становіцца яснай, калі параўнаць з утварэннямі, якія называюць Т‑падобныя прыстасаванні, дэталі (што разумеецца або як зааморфная адзнака непасрэдна або ўскосна), або з рознымі ўкладкамі (снапоў і інш.), як устойлівымі канструкцыямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ниII союз ні;

ни он, ни она́ не приду́т ні ён, ні яна́ не пры́йдуць;

ни встать, ни сесть ні ўстаць, ні се́сці;

ни взад, ни вперёд ні ўзад, ні ўпе́рад, ні туды́, ні сюды́;

ни то, ни сё ні то́е, ні сёе;

ни с того́, ни с сего́ ні з таго́, ні з сяго́, ні се́ла, ні па́ла;

ни ры́ба, ни мя́со ні ры́ба, ні мя́са;

ни к селу́, ни к го́роду ні к сялу́, ні к го́раду;

ни за что, ни про что ні за што, ні пра што, без дай прычы́ны.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

апо́шні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца на самым канцы чаргі, шэрагу падобных прадметаў, з’яў. На апошняй платформе, хутаючыся ў каўнер кажуха, стаяў вартавы. Мележ. Зораў у апошні раз паспрабаваў адгаварыць Каленіка ад задуманага ім плана. Паслядовіч. Апошняму госцю лыжка ў качарэжніку. Прыказка. // Перадсмяротны. [Зарэччы:] Сябры, таварышы мае, Мой час апошні настае. Бачыла.

2. Адзіны, астатні. І мы не раз з табою ў бітвах Сухар апошні раздзяляла. Прыходзька. // Які падыходзіць к канцу, канчаецца. Сабраўшы апошнія сілы, плюнуў Васіль проста ў вочы палкоўніку. Лынькоў. // у знач. наз. апо́шняе, ‑яга, н. Тое адзінае, што засталося. [Туляга:] [Гарлахвацкі] шчыры, душэўны. Гатоў з чалавекам апошнім падзяліцца. Крапіва.

3. Які адбыўся непасрэдна перад чым‑н. Але гэта былі не апошнія словы развітання. Янкоўскі. // Які толькі што з’явіўся, самы новы. Апошнія паведамленне Апошняе дасягненне тэхнікі. Апошняя мода. □ Праходзяць суседзі і ціха пытаюцца Пра Дон і Растоў, пра навіны апошнія. Панчанка. Асабліва.. [Зоя] любіла кінаартыстаў, запісвала новыя песні з апошніх фільмаў і адчувала сябе шчасліваю. Грахоўскі. // Які толькі што мінуў (пра тэрмін, час). Гэта вада фактычна і была.. адзінай ежай [Мірона і Віктара] за апошнія суткі. Маўр.

4. Канчатковы, рашаючы, заключны. Апошняя цана. Апошняе слова. □ Ведаю — страт яшчэ будзе нямала І ў пераможным апошнім баі. Танк.

5. Вышэйшы, крайні. Апошні сродак. □ Міхалка заўважыў, што бацька гатоў быў пайсці на самую апошнюю сваю прыніжанасць, абы накарміць сваіх дзяцей. Чорны.

6. Самы нязначны з усіх падобных; дрэнны. [Байсак:] — Калі я п’ю, я не чалавек тады, я апошняя жывёліна, без волі, без розуму. Лынькоў. // Непрыстойны (пра брыдкія словы). Узлавалася Юля на яблыньку, пачала яе лаяць апошнімі словамі. Якімовіч.

7. Гэты, толькі што названы. Стала відаць, хто што думае і хто чаго хоча, і хто сам не ведае, што яму думаць і чаго хацець. А гэткія, апошнія, таксама былі. Чорны.

•••

Апошні акорд гл. акорд.

(Апошні) крык моды гл. крык.

Апошні з магікан — апошні прадстаўнік чаго‑н.

Апошняе слова (навукі і тэхнікі) гл. слова.

Апошняя гадзіна гл. гадзіна.

Апошняя дарога гл. дарога.

Да апошняга — поўнасцю, да канца, без астачы.

Да апошняга каліва гл. каліва.

Да апошняй капейкі гл. капейка.

Да апошняй кроплі (каплі) крыві гл. кропля.

Да (апошняй) ніткі гл. нітка.

З апошніх сіл гл. сіла.

Не ты (я, ён, яна) першы, не ты (я, ён, яна) апошні гл. першы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збі́цца, саб’юся, саб’ешся, саб’ецца; саб’ёмся, саб’яцеся; пр. збіўся, ‑лася; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ссунуцца, з’ехаць з месца ад удару, рэзкіх рухаў. Шапка збілася набок. Павязка збілася. □ Белая віхрастая чупрына [дзецюка] збілася ў адзін бок. Няхай. // Парушыцца ад зруху, змяшчэння. Настройка прыёмніка збілася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца непрыгодным ад удараў, штуршкоў. Падковы збіліся. // Разм. Стаптацца, скрывіцца (пра абутак). Абцасы збіліся.

3. Адхіліцца, сысці ўбок (пры хадзе, яздзе і пад.). Збіцца са сцежкі. Збіцца з лыжні. Збіцца з курсу. // Згубіць дарогу, заблудзіць. Толькі зоры, якія ўжо выступілі на цёмнай палавіне неба, здаецца, пільнавала нас, каб мы нідзе не заблудзіліся, не збіліся з дарогі. Сабаленка.

4. Адхіліцца ад правільнага, дакладнага выканання, ажыццяўлення чаго‑н. Збіцца з рытму. □ А шпулек тых — лічыў, лічыў Тараска і збіўся. Юрэвіч. // Набыць другі напрамак (пра думкі, размову). Збіцца з тэмы гутаркі. □ Косця сцішыўся, на яго нахлынулі раптоўныя думкі, збіліся, змяшаліся. Адамчык.

5. Памыліцца, зблытацца. Эма ўспомніла, што тады яна расхвалявалася і нават крыху збілася, пачала гаварыць не па запісу, а ад сэрца. Васілевіч. Тут ужо Васіль, баючыся яшчэ раз збіцца, не спяшаўся. Кулакоўскі.

6. на што. Неўзаметку схіліцца, перайсці да чаго‑н., у што‑н. У такой рамантызаванай фальклорнай паэме, як «Сказ пра Вяля», Максіму Танку лягчэй за ўсё было збіцца на ўмоўна-рытарычны стылявы штамп. Бугаёў. — А што, у школе вартаўніка няма? — спытаў Лемяшэвіч, адчуваючы, што расказчык зноў здольны збіцца на якую-небудзь «соль». Шамякін.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца разам, у адно месца на невялікай прасторы. Каровы збіліся ў кучу, таўкліся, калолі адна адну, ускідалі на рогі. Пташнікаў. На выгане хлапчукі збіліся ля Грышы ў кучу. Капыловіч.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыгатавацца, вырабіцца шляхам узбоўтвання, збівання. Масла збілася.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Зблытацца, зваляцца (пра шэрсць, валасы). Травы збіліся трубою, збіліся, як лямец, так, што не прасунуць рукі. Дуброўскі.

•••

Збіцца з капейкі — застацца без грошай.

Збіцца з ладу — страціць стройнасць, паслядоўнасць (думкі, гаворкі).

Збіцца з нагі — згубіць такт, ідучы ўдваіх, парай або маршыруючы.

Збіцца з ног — стаміцца, змучыцца ад клопатаў, беганіны.

Збіцца з панталыку (толку, тропу) — а) прыйсці ў замяшанне, зблытацца; памыліцца; б) тое, што і збіцца з (правільнай) дарогі.

Збіцца з (правільнай) дарогі — пачаць весці няправільны, заганны спосаб жыцця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падысці́, падыду, падыдзеш, падыдзе; пр. падышоў, ‑шла, ‑ло; заг. падыдзі; зак.

1. Ідучы, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Хлопчыкі падышлі ўжо блізка да агародаў, як учулі плач на ўскраі вёскі. Лынькоў. Ноччу, павольна пасоўваючыся,.. [зубры] падышлі непрыкметна пад самы лагер. В. Вольскі. // Пад’ехаць, наблізіцца (пра машыну, поезд і пад.). [Задруцкі] падаўся да экскаватара — падышоў чарговы самазвал. Дадзіёмаў. [Нілаўна:] — Тузануць за шнур я павінна была тады, калі падыдзе поезд. Якімовіч. // Разм. Прыйсці, прыбыць куды‑н. Тым часам падышлі яшчэ трое чыгуначнікаў з вакзала ды два хлапцы з горада. Мурашка. Час ад часу.. [Мартын] пазіраў у акно і хваляваўся. Павінен быў падысці сын. Ракітны. // перан. Надысці, настаць (пра час, падзею і пад.). Хлеб запах суха і кісла — так, як пахне ён, паляжаўшы ў торбе паўдня на полі, пакуль не даарэцца загон і не падыдзе пара есці. Чорны. Неўзаметку падышлі экзамены. Васілевіч.

2. Прайсці крыху. За.. [Грушэўскім] крыху падышлі сябрукі, але хутка адсталі: ён ім больш не таварыш! Карпюк.

3. Прыблізіцца да чаго‑н., дайсці да мяжы чаго‑н. (пра дарогу, раку, ваду і пад.). Вада падышла да агародаў. □ Хмызняк бліжэй падышоў да рэчкі, голыя мясціны пакрыліся асакой. Дуброўскі.

4. перан. Прыступіць да чаго‑н., узяцца за якую‑н. справу. Заўважыўшы, што Васіль верыць яму, Андрэй падышоў здалёк і да галоўнага. Пальчэўскі. // Паставіцца пэўным чынам да чаго‑н. — Як бачыце, таварышы, справа вельмі сур’ёзная і падысці да яе мы павінны па-сур’ёзнаму. Васілевіч.

5. Здолець заваяваць чыё‑н. давер’е, выклікаць прыхільнасць каго‑н. да сябе. Малады настаўнік стараўся, наколькі мог, бліжэй падысці да дзіцячай душы, заслужыць давер’е вучняў. Колас. [Чубок:] — Пагавары з Кацяй, парай ёй не спяшацца. Далікатна падыдзі да яе... А там відаць будзе. Гаўрылкін.

6. Падняцца, павялічыцца (пра цеста). [Цеста] падышло, паднялося над дзежамі і нагадвала вялізныя шапкі грыбоў. Васілеўская. — Хлеб падышоў, — сказала аднойчы раніцай маці, — а пячы няма на чым — на дрывотні адна сырызна. Курто.

7. Быць прыдатным, адпаведным каму‑, чаму‑н. па сваіх памерах, якасці, форме. Кажуха ў мяне не было. Але мне добра падышла матчына куртка на ваце. Якімовіч. Хоць з бядой папалам, аднак падышла да галавы кепачка дзесяцігадовага Алёшкі. Брыль. [Сашка] падумаў аб сабе, што яму бадай лепш падышла б не цывільная, а вайсковая адзежа. Чорны.

•••

Гады падышлі гл. год.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саба́ка, ‑і, м.

1. Свойская жывёліна сямейства сабачых, якая выкарыстоўваецца для вартаўнічай аховы, язды (на Поўначы), на паляванні і пад. Службовы сабака. Пакаёвы сабака. Паляўнічы сабака. Язда на сабаках. □ Пустата і зацятасць зімняй цішыні прыдавала афарбоўку нейкай асаблівай распачлівасці заложнаму гаўканню кімся патрывожанага сабакі. Колас. На дварэ пільнуюць панскі супакой злосныя сабакі-ваўкадавы. Бядуля. Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць. Прыказка. Дурны сабака і на гаспадара брэша. Прыказка.

2. Самец сукі.

3. перан. Разм. лаянк. Пра нягодніка, злоснага, шкоднага чалавека. — Трэба падавацца ў вёску, — параіў Сталярэвіч, — там вас [Ганну] Ніхто не ведае, а тут можа кожны сабака ўкусіць.... Гурскі. [Лясніцкі] падумаў: «Здраднік. Іш, выгнуўся, сабака». Шамякін. // Груб. Пра чалавека, які не трымае слова, лаецца. Обер — аб’ездчыкам лічыўся, Брахун не горшы ад сабакі. Колас. Ці сабака гаў, ці ён сказаў — то ўсё роўна. Прыказка. / Ужываецца пры выказванні адабрэння, захаплення чыёй‑н. здатнасцю да якой‑н. справы. Добра спявае, сабака.

4. Драпежнае млекакормячае сямейства сабачых. Янотападобны сабака. / у знач. наз. саба́кі, ‑бак. Тое, што і сабачыя (у 4 знач.)

•••

Сабака-сышчык — паляўнічы або службовы сабака, прывучаны да пошуку дзічыны або чалавека па следу.

Вешаць (чапляць) сабак на каго гл. вешаць.

Вось (вот, во) дзе сабака закапаны — вось у чым сутнасць справы, прычына чаго‑н. Ды ты, як бачу, не толькі закаханая ў Тарашкевіча, але і ў яго жонку, — засмяяўся Максім. — Во дзе сабака закапаны! Машара.

(Жыць) як кот з сабакам гл. кот.

З сабакамі не знойдзеш — тое, што і (днём) з агнём не знойдзеш; са свечкай не знойдзеш (гл. знайсці).

Ні адзін сабака не гаўкне — ніхто нічога не скажа.

Па сабаку з рота скача гл. скакаць.

Сабакам сена касіць гл. касіць ​1.

Сабак ганяць гл. ганяць.

Сабаку з’есці ў чым, на чым гл. з’есці.

Сабаку пад хвост (груб.) гл. хвост.

Трэба (патрэбны) як сабаку пятая нага гл. трэба.

У сабакі вачэй пазычыць (пазычыўшы) гл. пазычыць.

Як пабіты сабакапра чалавека, які ў выніку свайго ўчынку няёмка сябе адчувае.

Як сабак — вельмі многа, поўна. Паабапал усёй дарогі было поўна іх [жандараў і салдат], як сабак. Лынькоў.

(Як) сабака на сенепра чалавека, які сам не карыстаецца чым‑н. і другім не дае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)