збіцца, саб’юся, саб’ешся, саб’ецца; саб’ёмся, саб’яцеся; пр. збіўся, ‑лася; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ссунуцца, з’ехаць з месца ад удару, рэзкіх рухаў. Шапка збілася набок. Павязка збілася. ▪ Белая віхрастая чупрына [дзецюка] збілася ў адзін бок. Няхай. // Парушыцца ад зруху, змяшчэння. Настройка прыёмніка збілася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца непрыгодным ад удараў, штуршкоў. Падковы збіліся. // Разм. Стаптацца, скрывіцца (пра абутак). Абцасы збіліся.

3. Адхіліцца, сысці ўбок (пры хадзе, яздзе і пад.). Збіцца са сцежкі. Збіцца з лыжні. Збіцца з курсу. // Згубіць дарогу, заблудзіць. Толькі зоры, якія ўжо выступілі на цёмнай палавіне неба, здаецца, пільнавала нас, каб мы нідзе не заблудзіліся, не збіліся з дарогі. Сабаленка.

4. Адхіліцца ад правільнага, дакладнага выканання, ажыццяўлення чаго‑н. Збіцца з рытму. ▪ А шпулек тых — лічыў, лічыў Тараска і збіўся. Юрэвіч. // Набыць другі напрамак (пра думкі, размову). Збіцца з тэмы гутаркі. ▪ Косця сцішыўся, на яго нахлынулі раптоўныя думкі, збіліся, змяшаліся. Адамчык.

5. Памыліцца, зблытацца. Эма ўспомніла, што тады яна расхвалявалася і нават крыху збілася, пачала гаварыць не па запісу, а ад сэрца. Васілевіч. Тут ужо Васіль, баючыся яшчэ раз збіцца, не спяшаўся. Кулакоўскі.

6. на што. Неўзаметку схіліцца, перайсці да чаго‑н., у што‑н. У такой рамантызаванай фальклорнай паэме, як «Сказ пра Вяля», Максіму Танку лягчэй за ўсё было збіцца на ўмоўна-рытарычны стылявы штамп. Бугаёў. — А што, у школе вартаўніка няма? — спытаў Лемяшэвіч, адчуваючы, што расказчык зноў здольны збіцца на якую-небудзь «соль». Шамякін.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца разам, у адно месца на невялікай прасторы. Каровы збіліся ў кучу, таўкліся, калолі адна адну, ускідалі на рогі. Пташнікаў. На выгане хлапчукі збіліся ля Грышы ў кучу. Капыловіч.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыгатавацца, вырабіцца шляхам узбоўтвання, збівання. Масла збілася.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Зблытацца, зваляцца (пра шэрсць, валасы). Травы збіліся трубою, збіліся, як лямец, так, што не прасунуць рукі. Дуброўскі.

•••

Збіцца з капейкі — застацца без грошай.

Збіцца з ладу — страціць стройнасць, паслядоўнасць (думкі, гаворкі).

Збіцца з нагі — згубіць такт, ідучы ўдваіх, парай або маршыруючы.

Збіцца з ног — стаміцца, змучыцца ад клопатаў, беганіны.

Збіцца з панталыку (толку, тропу) — а) прыйсці ў замяшанне, зблытацца; памыліцца; б) тое, што і збіцца з (правільнай) дарогі.

Збіцца з (правільнай) дарогі — пачаць весці няправільны, заганны спосаб жыцця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)