апошні, ‑яя, ‑яе.
1. Які знаходзіцца на самым канцы чаргі, шэрагу падобных прадметаў, з’яў. На апошняй платформе, хутаючыся ў каўнер кажуха, стаяў вартавы. Мележ. Зораў у апошні раз паспрабаваў адгаварыць Каленіка ад задуманага ім плана. Паслядовіч. Апошняму госцю лыжка ў качарэжніку. Прыказка. // Перадсмяротны. [Зарэччы:] Сябры, таварышы мае, Мой час апошні настае. Бачыла.
2. Адзіны, астатні. І мы не раз з табою ў бітвах Сухар апошні раздзяляла. Прыходзька. // Які падыходзіць к канцу, канчаецца. Сабраўшы апошнія сілы, плюнуў Васіль проста ў вочы палкоўніку. Лынькоў. // у знач. наз. апошняе, ‑яга, н. Тое адзінае, што засталося. [Туляга:] [Гарлахвацкі] шчыры, душэўны. Гатоў з чалавекам апошнім падзяліцца. Крапіва.
3. Які адбыўся непасрэдна перад чым‑н. Але гэта былі не апошнія словы развітання. Янкоўскі. // Які толькі што з’явіўся, самы новы. Апошнія паведамленне Апошняе дасягненне тэхнікі. Апошняя мода. ▪ Праходзяць суседзі і ціха пытаюцца Пра Дон і Растоў, пра навіны апошнія. Панчанка. Асабліва.. [Зоя] любіла кінаартыстаў, запісвала новыя песні з апошніх фільмаў і адчувала сябе шчасліваю. Грахоўскі. // Які толькі што мінуў (пра тэрмін, час). Гэта вада фактычна і была.. адзінай ежай [Мірона і Віктара] за апошнія суткі. Маўр.
4. Канчатковы, рашаючы, заключны. Апошняя цана. Апошняе слова. ▪ Ведаю — страт яшчэ будзе нямала І ў пераможным апошнім баі. Танк.
5. Вышэйшы, крайні. Апошні сродак. ▪ Міхалка заўважыў, што бацька гатоў быў пайсці на самую апошнюю сваю прыніжанасць, абы накарміць сваіх дзяцей. Чорны.
6. Самы нязначны з усіх падобных; дрэнны. [Байсак:] — Калі я п’ю, я не чалавек тады, я апошняя жывёліна, без волі, без розуму. Лынькоў. // Непрыстойны (пра брыдкія словы). Узлавалася Юля на яблыньку, пачала яе лаяць апошнімі словамі. Якімовіч.
7. Гэты, толькі што названы. Стала відаць, хто што думае і хто чаго хоча, і хто сам не ведае, што яму думаць і чаго хацець. А гэткія, апошнія, таксама былі. Чорны.
•••
Апошні акорд гл. акорд.
(Апошні) крык моды гл. крык.
Апошні з магікан — апошні прадстаўнік чаго‑н.
Апошняе слова (навукі і тэхнікі) гл. слова.
Апошняя гадзіна гл. гадзіна.
Апошняя дарога гл. дарога.
Да апошняга — поўнасцю, да канца, без астачы.
Да апошняга каліва гл. каліва.
Да апошняй капейкі гл. капейка.
Да апошняй кроплі (каплі) крыві гл. кропля.
Да (апошняй) ніткі гл. нітка.
З апошніх сіл гл. сіла.
Не ты (я, ён, яна) першы, не ты (я, ён, яна) апошні гл. першы.