інтарэ́с, ‑у, м.

1. Увага, цікавасць, якія праяўляюцца да каго‑, чаго‑н. Каб выклікаць у Лаўрэна Карпавіча інтарэс, пачаў [Павел расказваць] аб сваім дзяцінстве. Гроднеў. // Тое, што прыцягвае ўвагу; што‑н. цікавае, займальнае. У сяле не меней інтарэсу. Многа спраў чакае вашых рук. Прануза.

2. звычайна мн. (інтарэ́сы, ‑аў). Імкненні, мэты. Эканамічна, сацыяльна і духоўна разняволены сучасны селянін жыве тымі ж ідэаламі, тымі ж інтарэсамі, што і ўвесь савецкі народ. Машэраў. [Паходня і Марынка] жылі рознымі інтарэсамі і, здавалася, не заўважалі адно аднаго. Хадкевіч.

3. звычайна мн. (інтарэ́сы, ‑аў). Патрэбы, імкненні, неабходнасць у чым‑н. Класавыя інтарэсы. Інтарэсы грамадства. // Разм. Дзелавая патрэба, інтэрас (у 1 знач.). — Скажыце, ці можна будзе, назад едучы, да вас заглянуць... інтарэс у мяне ёсць... Гурскі.

4. Карысць, сэнс. Навуковы інтарэс. Практычны інтарэс. □ — Вялікі то мне інтарэс гібець тут з вамі... Лынькоў.

•••

Пры сваіх інтарэсах — у тым самым становішчы, з тым, што мелася (астацца, застацца і пад.).

[Ад лац. interest — мае значэнне, важна.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пчала́ ’пчала’ (ТСБМ, ЛА, 1; паст., З нар. сл.; Сл. ПЗБ, Бяльк.), пчола́ ’тс’ (ТС), пшчала́ ’тс’ (ЛА, 1; воран., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), пшчола́ ’тс’ (ЛА, 1; Бес.), пшчо́ла ’тс’ (іўеў., З нар. сл., Сл. ПЗБ), пшчо́лка ’чмель’ (трак., Сл. ПЗБ), ласк. пчы́лка ’пчолка’ (Дразд.), пшча́лка ’тс’ (воран., Шатал.), укр. пчола́, бджола́, рус. пчела́, польск. pszczoła, в.-луж. pčoła, н.-луж. coła, чэш., славац. včela, серб.-харв. пчѐла, чѐла, славен. čẹ̑la, балг. пчела́, макед. пчела, ст.-слав. бъчела, бьчела. Разглядаюцца дзве версіі: згодна з першай, прасл. *bьčela ад гукапераймальнага дзеяслова тыпу буча́ць ’гудзець’, першаснае значэнне ’гуллівая кузурка’ (SP, 1, 456); другая версія зыходзіць з рэканструкцыі прасл. *bьčela < і.-е. *bhei̯‑, што адлюстравалася ў ст.-ірл. bech, літ. bìtė, ст.-в.-ням. bini, швед. bi, англ. bee ’пчала’, лац. fūcus ’труцень’ (Фасмер, 3, 416; Саднік-Айцэтмюлер, 6, 481–482; Сной, 67; Банькоўскі, 2, 523). Варбат (гл. Чарных, 2, 86, дзе аддаецца перавага першай версіі) прапануе выводзіць *bьčela з *bъčela ў выніку міжскладовай асіміляцыі ъ : е > ь : е. Беларускія назвы з пачатковым пшч‑ запазычаны з польск. pszczoła (Карскі, 1, 390), параўн. ст.-польск. pczoła. Сярод дэрыватаў уяўляе цікавасць пчаладзёр ’той, хто выдзірае пчолы, мёд; злодзей’ (Янк. 3., Пятк.) — несумненны архаізм на аснове спалучэння драць пчолы ’красці мёд, рабаваць вуллі’ (ТС), а таксама пчалі́на ’асобная пчала’ (Бяльк.), пчаліна́ ’тс’ (докш., Янк. Мат.; віл., лаг., в.-дзв., Сл. ПЗБ) з суфіксам адзінкавасці ‑іна, што сведчыць аб генералізацыі назвы мн. л. пчо́лы ’рой, пчаліная сям’я’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

распалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., каго-што.

1. Прымусіць гарэць агнём, падпаліць (дровы і пад.). Каваля ў кузні сапраўды ўжо не было. Рыгор сам распаліў вугаль. Капусцін. // Раскласці, развесці агонь дзе‑н., у чым‑н. Распаліць печ. Распаліць горан. □ Пасля вячэры распалілі касцёр, паселі кружком пад соснамі. Навуменка. Іван Сяргеевіч прыпомніў, што ў кедрачы, каля сухастояў, ляжала сухое галлё. Пайшоў туды і распаліў агонь. Мяжэвіч.

2. Моцна нагрэць агнём, жарам. — Калі чыгун распаліць, а потым у халодную ваду кінуць — трэсне. Асіпенка.

3. перан. Узмацніць якое‑н. пачуццё, жаданне і пад.; давесці да высокай ступені развіцця. Распаліць цікавасць. Распаліць спрэчкі. □ Відаць .. [немцы] распалілі апетыт іншым, бо неўзабаве прыняліся за яду амаль усе. Шамякін. // Прывесці ў стан узрушэння; запаліць якім‑н. жаданнем. Бацьку гэтыя падказкі [ратнікаў] толькі яшчэ больш, распалілі. Ён хапіўся за Лаўрэнаву стрэльбу, сарваў яе з пляча. Якімовіч.

4. перан. Развязаць, распачаць (барацьбу, вайну). Пра мірныя годы гавару і пра тых, Хто распаліць на прасторах хоча пажары вайны. Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Не́раст ’нераставанне’ (Яруш., Сцяшк., Шат., Сл. ПЗБ, ТСБМ), тое ж не́рас, на́раст, но́раст, нэ́раст (Сл. ПЗБ; полац., З нар. сл., Касп.), не́раст ’час нераставання’ (Гарэц.), не́рэс, не́рэст ’нераст, нерасцілішча’ (ТС); сюды ж нерастава́ць, нарастава́ць ’адкладваць ікру’ (Шат., Сл. ПЗБ), нерэсці́цца ’тс’ (ТС), укр. не́ресть ’нераставанне’, рус. нерест, нерост, нерс, норост, нересть ’тс’, нереститься, не́рститься, норости́ться ’нераставаць’, польск. mrzost, mrzoszczyć się, каш. nėrx, н.-луж. nerek, в.-луж. ńerk, ст.-чэш. neřest, славац. neres(ť), славен. mrȇst, drȇst, mrestiti se, drȇstiti se, серб.-харв. мре̑ст, мре́стити се, балг. мреет, мре́стя се, мак. мрести се. Прасл. *nerstъ, nerstiti (), роднаснае літ. ner̃šti, лат. nḗrst ’адкладваць ікру’, з чаргаваннем галосных, літ. nar̃šas ’ікра’, лат. nársts ’нераставанне, спарванне’, што дае падставы для рэканструкцыі асновы *nors‑ (Зубаты, 1, 2, 108–109; Фасмер, 3, 65; Махэк, 396; Бязлай, 2, 200; Шустар-Шэўц, 13, 996). Гл. таксама Атрэмбскі, Slavia, 19. 74–75; Голамб, Палянскі, Slavia, 29, 528; Атрэмбскі, WSl, 10, 273–274. Варбат (ОЛА, 1975, 129–140) прапануе гіпотэзу аб роднасці балтаславянскага *ners‑ (< і.-е. ners‑, насуперак Міклашыч, 213; Буга, 2, 504, з *nerk‑), рус. не́ршиться ’нераставаць’ і но́рохтиться ’мець намер, жаданне да чаго-небудзь; спрабаваць, рабіць спробу што-небудзь зрабіць’. Гл. таксама Шаў, Slavia, 49, 208–214; SP (Brno) 25, 332–237; Лаўчутэ, Балтизмы, 146 («сумніцельны балтызм»). Паводле Бязлая (2, 200), семантыка слоў з асновай *ners‑, *nors‑ у славянскіх мовах служыць для абазначэння апладнення ў рыб, жаб і птушак; у гэтай сувязі выклікае цікавасць значэнне тур. не́рэс ’гон’: Грыб у ве́рэс, заец на нерэ́с (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пі́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які патрабуе неадкладнага выканання, неабходны, тэрміновы. Толькі сыдзе снег — і да позняй восені не было часу займацца падрыхтоўкай: хапала іншай, больш пільнай работы! С. Александровіч. Сёння дзед Аляксей прыйшоў па вельмі пільнай патрэбе да начальніка міліцыі. Паслядовіч. Радыё — бясспрэчна, цудоўная рэч, але ж які неасцярожны гэты Віцька Радзюк, калі карыстаецца ім без пільнай патрэбы — няхай чуе ўвесь свет. Хадкевіч.

2. Старанны, руплівы, дбайны. — Але ж вы кажаце, што ён паслухмяны. А калі чалавек паслухмяны, то і пільны. Пальчэўскі. Самым першым друкаваным тварам «Музыка» паэт [М. Багдановіч] выявіў ужо сваю пільную цікавасць да тэмы мастака і мастацтва. Лойка.

3. Уважлівы, неаслабны. Жыццё і творчасць народнага паэта Беларусі Янкі Купалы прыцягваюць пільную ўвагу даследчыкаў яшчэ з тых часоў, калі выйшла ў свет першая яго кніжка. Навуменка. Старшыня рыхтуецца да гутаркі аб пільным нясенні каравульнай службы. Жычка. Кожная лустачка хлеба была на пільным ўліку. Новікаў. // Зоркі, чуйны, праніклівы. Анісім спалохаўся пільнага Алімпінага позірку. Сабаленка. Затое ў Генадзя вока пільнае. Зрок у яго проста выдатны. Васілёнак.

•••

Мець пільнае вока гл. мець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прышчапі́ць 1, ‑шчаплю, ‑шчэпіш, ‑шчэпіць; зак., што.

1. Перасадзіць, частку жывой расліны (вочка, чаранок) на тканку другой, каб перадаць пэўныя ўласцівасці. Аднак жа ў мяне і рука такая лёгкая: бывала, што ні пасаджу, што ні прышчаплю — усё прымецца. Кулакоўскі. // Надаць расліне якія‑н. ўласцівасці шляхам перасадкі на яго часткі другой расліны. «Мы выгадуем і прышчэпім сорак тысяч дзічак», — казаў камандзір на агульным сходзе. Паслядовіч.

2. Увесці ў арганізм вакцыну, каб папярэдзіць або вылечыць якую‑н. хваробу. Прышчапіць воспу.

3. перан.; каму-чаму. Дамагчыся засваення (якой‑н. думкі, пачуцця, навыкаў і пад.). Кожны [з настаўнікаў] любіць свой прадмет, імкнецца прышчапіць гэтую любасць вучням. Дубоўка. Бацька тады пачаў як мае быць прывучаць сына да сальнай справы, думаючы ўтлумачыць сыну і на практыцы прышчапіць яму гандлярскую дыпламатыю, каб пасля ён мог павялічыць маштабы свайго фамільнага таленту. Чорны. Васіль адмахнуўся ад пустых размоў і настойліва дамагаўся аднаго: прышчапіць людзям любоў і цікавасць да вучобы. Шамякін.

прышчапі́ць 2, ‑шчаплю, ‑шчапіш, ‑шчэпіць; зак., што.

1. Зачыніць на зашчапку; зашчапіць. [Рыгор] уварваўся ў кватэру, нават забыўшы прышчапіць дзверы, і, не распранаючыся, сеў за пісанне. Гартны.

2. Прычапіць пры дапамозе якой‑н. прышчэпкі, зашчапкі. Кірдун падышоў да Алеся і прышчапіў да яго збройнага раменьчыка кінжал і пісталет. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́кавы 1, ‑ая, ‑ае.

Спец. Зроблены, пашыты з ціку ​2. Цікавая навалачка. Цікавы чахол.

ці́кавы 2, ‑ая, ‑ае.

1. Спец. Які мае адносіны да ціка ​3, з’яўляецца цікам ​3. Цікавае дрэва.

2. Зроблены з драўніны ціку. Цікавая мачта.

ціка́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае цікавасць, захапляе. Цікавая кніга. Цікавы даклад. □ Дзед умее расказваць такія цікавыя казкі, што заслухаешся. Рылько. // Які вызначаецца сваёй работай, багатымі ведамі і іншымі прыкметнымі рысамі. Паездкі на Бярозаўскую ДРЭС запомніліся і ўсхвалявалі мяне перш за ўсё сустрэчамі з вельмі цікавымі людзьмі. Дадзіёмаў. — Цікавы чалавек наш палітрук. Ён бясконца ходзіць ад адной гарматы да другой, на прыбор, да сувязістаў і разведчыкаў і праводзіць гутаркі. Шамякін.

2. Забаўны; незвычайны. Я сягоння вам хачу Расказаць пра сад дзіцячы, Што там добрага пачуў, Што цікавага пабачыў. А. Александровіч. Акрамя «зайцавага хлеба» ў бацькавай скрынцы бывае шмат якіх цікавых рэчаў. Лынькоў.

3. Знамянальны, характэрны; прыкметны якімі‑н. якасцямі, уласцівасцямі. Ёсць пушчы, якія не менш цікавыя, [чым] далёкія трапічныя лясы. Маўр.

4. Разм. Прыгожы. [Пані Вашамірская] аглядае сябе, — яна яшчэ цяпер, маючы пяцьдзесят гадоў, досыць цікавая, стройная, вёрткая, нібы ёй дваццаць гадоў. Бядуля.

5. Тое, што і цікаўны (у 1 знач.). [Сцяпан:] Вельмі васпанна цікавая! Скора састарышся, каханенькая, родненькая, як усё будзеш ведаць. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падня́ць, -дыму́, -ды́меш, -ды́ме і падніму́, падні́меш, падні́ме; -ня́ў -няла́, -ло́; падымі́ і паднімі́; -ня́ты; зак.

1. каго-што. Нагнуўшыся, узяць (з зямлі, падлогі).

П. аловак.

2. каго-што. Узяць, маючы дастаткова сілы, каб утрымаць у руках.

П. камень.

3. каго-што. Перамясціць наверх, надаць чаму-н. вышэйшае становішча.

П. на ліфце.

П. якар (выцягнуць з вады перад адплыццём). П. заслону сцэны.

П. галаву (таксама перан.: стаць бадзёрым, смелым).

4. каго-што. Дапамагчы або прымусіць устаць; зноў надаць каму-, чаму-н. стаячае становішча.

П. з пасцелі каго-н. (разбудзіць). Сабака падняў зайца (успудзіў). П. павалены плот.

5. каго (што). Прымусіць крануцца з месца з якой-н. мэтай, прымусіць узяцца за што-н.

П. салдат у атаку.

6. перан., каго (што). Натхняючы, схіліць да якога-н. актыўнага дзеяння.

П. народ на барацьбу.

7. што. Зрабіць вышэйшым, узвысіць.

П. падмурак.

П. узровень вады.

8. перан., што. Павялічыць, павысіць.

П. ураджай.

П. цану.

9. перан. Зрабіць больш актыўным, прыўзнятым, палепшыць.

П. дух.

П. цікавасць да чаго-н.

10. што. Наладжваючы, палепшыць, развіць.

П. гаспадарку.

11. што. Зрабіць, пачаць дзеянне, названае назоўнікам.

П. бунт (узбунтавацца). П. смех.

П. трывогу.

П. пытанне.

12. што. Тое, што і узараць (спец.).

П. цаліну.

|| незак. падыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і падніма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. падня́цце, -я, н. (да 1—3, 6—9 і 10 знач.), падніма́нне, -я, н. (да 1—4, 7—9 і 12 знач.) і пад’ём, -у, м. (да 2, 3, 7 і 12 знач.).

|| прым. пад’ёмны, -ая, -ае (да 2, 3 і 7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

асты́ць, астыну, астынеш, астыне; зак.

1. Стаць халодным, прастыць. Чай астыў. Абед астыў. □ Куй жалеза, пакуль не астыла яно! Купала. Пятрусь падкідаў вуг[о]лле ў топку, каб паравоз не астыў часам. Лынькоў. Хата за ноч добра такі астыла. Значыць, памацнеў мароз. Пестрак. // Аддаўшы цяпло, прыйсці ў нармальны стан (пра цела). Як конь астыў, [фурманшчык] звадзіў яго пад студню напаіць і ўсыпаў яму аўса. Чорны. Відаць, іх [двух маладых хлопцаў] вось толькі што выклікалі з вечарынкі, яны яшчэ не астылі ад полькі. Лужанін.

2. перан. Стаць спакайнейшым, страціць жвавасць. [Крушынскі:] — Я ўжо астыў. Мне сёлета стукнула сорак год. Бядуля. // Супакоіцца, апамятацца пасля гневу, злосці і пад. Валя ўмомант астыла, і ў словах яе не было ні злосці, ні знявагі да мачыхі. Васілевіч. // Страціць да каго‑, чаго‑н. цікавасць, перастаць цікавіцца кім‑, чым‑н. У Леаніда ўзнікла раўнівае падазрэнне — а можа, яна [Аля] ўжо астыла да яго, можа, гэта спатканне ўжо не ў радасць? Мележ. [Мацвей:] — Я загаруся: вот, здаецца б, усе зрабіў — а назаўтра вазьму і астыну. Лобан. Перамяніўся і.. [Баран] сам. Стаў крыклівы дома, менш бавіўся з дзецьмі, астыў да жонкі. Дамашэвіч. // Аслабець, знікнуць (пра пачуцці). Каб не даць астыць пачуццю .. салідарнасці, ён голасна крыкнуў: — Вольга! Жонка, стань перада мной, як ліст перад травой: ідзі сустракаць маіх прыяцеляў! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

любі́ць, люблю, любіш, любіць; незак., каго-што.

1. Адчуваць глыбокую адданасць, прыхільнасць да каго‑, чаго‑н., быць адданым каму‑, чаму‑н. Любіць радзіму. Любіць сваіх дзяцей. □ Люблю цябе, край волатаў. Бядуля. А харошы ўсё ж бацька... Трошкі пабойваўся яго Міколка, а любіў яшчэ болей. Лынькоў. // Адчуваць сімпатыю, павагу да каго‑н. У нас усе Ладымера Стальмаховіча любяць і шануюць. Чорны. У атрадзе ўсе .. [Валю] ведалі і любілі. Якімовіч.

2. Адчуваць сардэчную прыхільнасць да асобы другога полу; кахаць. [Марыля:] — Люблю я Рыгора, ён верны мне, Чакаць яго буду да смерці... А. Александровіч.

3. Мець цягу, цікавасць да чаго‑н. Любіць музыку. □ Змалку прывучыў .. [Сёмку] бацька хадзіць каля зямлі, любіць яе і даглядаць. Гартны. // Адчуваць задавальненне ад сузірання, адчування чаго‑н. Між іншым, Я сам люблю прыход вясны — Малочнае цвіценне вішань, І спеў драздоў, і шум лясны. Панчанка. // і з інф. Быць схільным да чаго‑н., аддаваць перавагу чаму‑н. [Ярохін] быў здаровы чалавек і, як усе здаровыя, любіў добра паесці. Шамякін. Нашы старыя людзі любяць пагаварыць! Чорны. // з дадан. сказам. Быць задаволеным чым‑н., адчуваць задавальненне ад чаго‑н. Дзед любіць, калі яго хто доўга слухае. Лынькоў.

4. Патрабаваць якіх‑н. умоў як найбольш спрыяльных для існавання, росту і пад. [Лістоўніца] любіць чорную камяністую глебу. Маўр. [Вера:] — Куліку і балота родны дом. На полі яму не жыць. А жаўрук раздолле любіць. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)