ВІ́ДЭРБЕРГ ((Widerberg) Бу) (н. 8.6.1930, г. Мальмё, Швецыя),

шведскі кінарэжысёр; адзін з пачынальнікаў т.зв. новага шведскага кіно. У фільмах «Дзіцячая каляска» (1962), «Варонін квартал», «Каханне, 65» (1965), «Прывітанне, Раланд!» (1966) цікавасць да сац. праблем, духоўнага свету пасляваен. пакалення, пошукі новай кінематаграфічнай формы. Сярод фільмаў: «Эльвіра Мадзіган» (1967), «Джо Хіл» (1971), «Змяіная сцежка» (1986), камедыя «Сапляк» (1974), дэтэктыў «Чалавек на даху». Аўтар кн. «Панарама шведскага кіно» (1962).

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́СКІ СКАРБ.

Знойдзены ў г.п.Глуск у 1960 у збане з чырв. медзі. Ухаваны ў канцы 1750-х г. Вядома 760 сярэбраных і білонных манет 1587—1733 Рэчы Паспалітай, 1640—1786 Прусіі, 1611—54 Шведскай Прыбалтыкі. Асаблівую цікавасць маюць літ. шастак, выпушчаны ў 1706 Гродзенскім манетным дваром, і польскі шастак 1678(?) з кантрамаркай у выглядзе вензеля аднаго з князёў Патоцкіх. Часткова скарб захоўваецца ў Магілёўскім абл. краязнаўчым і Бабруйскім краязнаўчым музеях.

т. 5, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКАЯ ПАЭ́ЗІЯ,

паэзія эпохі элінізму, названая па найбуйнейшым яе цэнтры Александрыі Егіпецкай. Бытавала ў 4—1 ст. да н.э. на тэр. б. імперыі Аляксандра Македонскага. Характэрныя рысы: адмаўленне ад грамадз. тэматыкі, паглыблены псіхалагізм і ўвага да асабістых перажыванняў асобы, павышаная цікавасць да асобных дэталяў побыту, аслабленне веры ў багоў (міф ператвараецца ў займальную казку). У александрыйскай паэзіі пераважала любоўная тэма, сярод жанраў — гімн, элегія, ямб, эпіграма, ідылія. Прадстаўнікі александрыйскай паэзіі: Калімах, Апалоній Радоскі, Лікафрон, Феакрыт.

т. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ПЛІН ((Joplin) Скот) (24.11.1868, г. Тэксаркана, ЗША — 1.4.1917),

амерыканскі піяніст, кампазітар, джазавы спявак. Атрымаў вядомасць як аўтар і выканаўца фартэпіянных твораў (каля 50) у стылі рэгтайм, які паўплываў на стылістыку музыкі яго балета «Танцавальны рэг» (1902), оперы «Трыманіша» (1911), мюзікла «Калі» (1916) і інш. Сярод інш. твораў інстр. п’есы «Сцяг з кляновым лістом» (1899), «Канферансье», мелодыя якой — вядучая муз. тэма фільма «Афера» (1973) — адрадзіла цікавасць да яго творчасці. Аўтар падручніка «Школа рэгтайма».

т. 6, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРЫ́ЗМ (італьян. verismo ад vero праўдзівы),

рэалістычны кірунак у італьянскім мастацтве канца 19 ст., блізкі да натуралізму. Сфарміраваўся пад уздзеяннем тэорыі натуралізму Э.Заля і ідэй італьян. нар.-вызв. Руху. Для верызму характэрныя цікавасць да перажыванняў простага чалавека, вастрыня драм. калізій, увага да сац. праблематыкі. Найб. выявіўся ў л-ры (Дж.​Верга, Л.​Капуана, Г.​Дэледа), оперы (П.​Масканьі, Р.​Леанкавала, Дж.​Пучыні), выяўл. мастацтве (мастакі Ф.​П.​Мікеці, Дж.​Пеліца да Вальпеда, скульптары В.​Вела, В.​Джэміта і інш.).

т. 4, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ЦІН (Кінешамцаў) Гурый

(1630-я г.—1691),

расійскі жывапісец. Жыў пераважна ў г. Кастрама, дзе кіраваў т-вам іканапісцаў. Яго размалёўкам (сумесна з С.​Савіным) у Троіцкім саборы ў г. Пераяслаўль-Залескі (1662—68), у царкве Ільі Прарока ў г. Яраслаўль (1680—81), у Троіцкім саборы Іпацьеўскага манастыра ў Кастраме (1685), Праабражэнскім саборы ў г. Суздаль (1689) і інш., а таксама абразам уласцівы багацце фантазіі, цікавасць да навакольнага жыцця, дэкар. маляўнічасць.

Літ.:

Брюсова В.Г. Г.​Никитин. М., 1982.

т. 11, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ЖУРНАЛІ́СТАЎ (МФЖ; International Federation of Journalists). Засн. ў 1952 як альтэрнатыва Міжнароднай арганізацыі журналістаў (МАЖ) журналісцкімі арг-цыямі дзяржаў, якія ў 1946 выйшлі з МАЖ. Яе мэты: абарона свабоды друку, павышэнне прафесійнага ўзроўню журналістаў, збор, захаванне, публікацыя статыстычных і інш. дакументаў, што ўяўляюць цікавасць з прафесійнага пункту погляду. Вышэйшы орган — кангрэс, паміж кангрэсамі — кіруючае бюро. Штаб-кватэра ў Бруселі (Бельгія). Выдае штоквартальны інфармацыйны бюлетэнь «IFJ Information» («Інфармацыя МФЖ») на англ., ням. і франц. мовах, а таксама неперыядычныя выданні пераважна прафес. характару.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́НЕЦ (Аляксандр Валянцінавіч) (н. 31.1.1962, в. Харомск Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1987). Працаваў у творчай майстэрні скульптуры пры АМ СССР (1989—93), з 1996 выкладчык Бел. АМ. Творчасці ўласцівы багацце пластычнай мовы, цікавасць да славутых дзеячаў бел. гісторыі: «Кастусь Каліноўскі» і «Дунін-Марцінкевіч» (абодва 1985), праект помніка Цётцы (1987), памятныя дошкі Ф.​Скарыне на будынках Нац. АН Беларусі (1990) і чэш. Нац. бібліятэкі (Прага, 1996) і інш. Пераможца Рэсп. конкурсу праектаў помніка Ф.​Скарыне для Мінска (1990).

А.Дранец. Памятная дошка Ф.​Скарыне ў Празе на будынку Нацыянальнай бібліятэкі. 1996.

т. 6, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГАЛЕ́ЦЦЕ,

сацыяльна-біялагічная з’ява, якая характарызуецца дажываннем чалавека да высокіх узроставых рубяжоў. Даўгавечнымі наз. людзей, якім больш за 90 гадоў. Многія з іх захоўваюць добрую памяць, цікавасць да навакольнага свету і ў значнай ступені працаздольнасць. У іх добра працуе сэрца, эндакрынная сістэма, моцны і ўраўнаважаны тып вышэйшай нерв. дзейнасці; яны ўстойлівыя да стрэсаў і інфекц. хвароб. Вывучае Д. геранталогія.

Спрыяюць Д. генет. патэнцыял, спадчыннасць, сац.-эканам. ўмовы, матэрыяльны дабрабыт, пэўныя псіхічныя і матэрыяльныя перадумовы, фіз. праца, рэжым харчавання, высокі ўзровень грамадскай санітарыі, аховы здароўя, неўжыванне тытуню і алкаголю. На Беларусі найбольш даўгавечнікаў у Віцебскай вобл.

М.​Ф.​Сарока.

т. 6, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ХВІЦКАЯ (Міра) (Марыя) Аляксандраўна (1.12.1869, С.-Пецярбург — 9.9.1905),

руская паэтэса. Сястра Н.А.Тэфі. Скончыла Аляксандраўскі ін-т (1888) у Маскве. Друкавалася з 1888. Першы зб. «Вершы» (1896; Пушкінская прэмія АН). Асн. тэма творчасці — каханне. Лірыцы Л. уласцівы культ прыгажосці, апяванне свабоднага пачуцця, экзатызм, цікавасць да фальклору, легенды, міфа. Аўтар драм. паэм «Два словы», «На шляху да Усходу», «Вандэлін», «In nomine Domini» («У імя Бога», усе 1900—04) і інш. на сярэдневяковыя і біблейскія тэмы. Многія яе вершы пакладзены на музыку Р.​Гліэрам, С.​Танеевым і інш.

Тв.:

Стихотворения. Т. 1—5. М.; СПб., 1896—1904;

у кн.: Царицы муз: Рус. поэтессы XIX — нач. XX вв. М., 1989.

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)