паі́ць, паю, поіш, поіць; заг. паі; незак., каго-што.

1. Даваць піць каму‑н. Жанчына нахіляецца, набірае ў прыгаршчы ваду, поіць хлопчыка і дзяўчынку. Гамолка. На момант заціхае бою гром, І маці хлеб байцам выносіць спешна І поіць іх ля весніц малаком. Лойка. // Даваць піць спіртныя напіткі, частаваць імі. Хлопцы недзе пілі і паілі музыканта. Адамчык. // Выкормліваць малаком (пра маладых свойскіх жывёл).

2. перан. Насычаць вільгаццю, вадой. Усходы набіралі рост і сілу, Дажджы і росы іх паілі, Як маткі малаком сваіх дзяцей. Пушча. Летняе сонца.. варыла святло і цеплыню, навальнічныя дажджы шчодра паілі глебу. Хадкевіч. // Забяспечваць, папаўняць чым‑н. Возера паілі крыніцы, яны, відаць, нябачна білі з дна, таму вада была такая празрыстая і мала награвалася. Навуменка.

•••

Паіць і карміць каго — мець каго‑н. на поўным утрыманні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сірата́, ы́, ДМ ‑раце́; мн. сіро́ты (з ліч. 2, 3, 4 сіраты́), ‑ро́т; м. і ж.

Дзіця або падлетак, які застаўся без аднаго або без абодвух бацькоў. [Вучні:] — Сірата ён [Пеця]. Няма ні бацькі, ні маткі. Ракітны. [Казік] застаўся сіратою ад чатырох год. Чарнышэвіч. [Хлопцы:] — Ён Зосін, а прозвішча іхняе Малец. У яго толькі маці, ён сірата. Брыль. Рос я круглым сіратою. Колас. Сямі гадоў асталася Настулька круглаю сіратою. Цётка. // Чалавек без родных, блізкіх; адзінокі чалавек. [Юзік:] — Жанчыны нашы сіротамі застануцца. Хто цяпер цябе тут заменіць? Крапіва. Крыху адышоўшыся, ціха [стары Казімір] дадаў: — Але не забудзь і таго, што ты мой сапраўдны сын і што без цябе я застануся сіратою... Пестрак. / у паэт. ужыв. Спее адзінокі Колас сіратой. Колас.

•••

Казанская сірата — пра чалавека, які прыкідваецца няшчасным, каб разжаліць каго‑н. [Мікола:] — Яму [Васілю] далягляды адкрываюць, а ён прыкідваецца казанскай сіратой. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успе́рціся, узапруся, узапрэшся, узапрэцца; узапромся, узапрацеся; пр. успёрся, ‑перлася; зак.

Разм.

1. Абаперціся, аблакаціцца на каго‑, што‑н. Стары давалокся да стала знясілены, усцягнуўся на край лавы і ўспёрся ўпалымі грудзямі на стол. Кірэенка. Нехта зноў свіснуў, ужо трохі смялей. Чалавек адказаў яму такім жа свістам і зноў успёрся на локаць. Крапіва. — Не, мне няцяжка, — бадзёра адказвае Косцік. А самому робіцца шкада маткі. Вунь якая яна. Белая і ледзь ідзе. — Ты ўзапрыся на мяне, узапрыся, пойдзем памаленьку, — гаворыць ён. Арабей.

2. Узлезці, узабрацца куды‑н., на што‑н. Адась успёрся на [плот] і пачаў глядзець на балота пад узгоркам. Чорны.

3. Рана ўстаць. Успёрся ў такую рань. □ А заспяваюць другія пеўні — ногі самі сабой ссоўваюцца з ложка. Дзіва — і мёртвы ўстаў бы, калі стары, крэкчучы, успёрся, пачаў сноўдацца па хаце. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́рпацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца і карпа́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

Разм.

1. у чым. Капацца ў чым‑н. рыхлым, сыпкім. Корпацца ў пяску. Корпацца ў градах. // Не спяшаючыся, разбірацца ў чым‑н., папраўляючы, наладжваючы. Корпацца ў прыёмніку. Корпацца ў фотаапараце. □ Капоты на дзвюх машынах былі падняты; нешта ладзячы, шафёры корпаліся ў маторах. Шахавец. // Шукаць, перабіраючы што‑н. Корпацца ў паперах. Корпацца ў чамадане. □ Салёнаў доўга корпаўся ў скрынцы — перабіраў шурупчыкі, маткі старога дроту, сапсаваныя ліхтарыкі — шукаў шкларэз. Даніленка.

2. перан. Рабіць што‑н. марудна, не спяшаючыся або няўмела. Пляменніца працавала на ферме, а маці Ліды, пастарэлая і зусім знядужаная, пакрысе корпалася каля дому. Кавалёў. — Дакуль вы будзеце корпацца... Не на вечарынку ж збіраецеся... Васілевіч.

3. перан. Вельмі дэталёва аналізаваць што‑н., абдумваць што‑н., разбірацца ў чым‑н. — І можа зусім не варта гэтак корпацца ў сваёй душы, займацца такім самааналізам. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́хадзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

Разм.

1. што. Абысці пехатою многія мясціны. [Сусед:] — У часе грамадзянскай вайны я ўсе тутэйшыя месцы выходзіў. Галавач. Падлеткам за чужою чарадой Я выхадзіў выжары і пагоркі. Вітка.

2. Прабыць у стане хадзьбы які‑н. час; пахадзіць. У грыбныя часы.. дзядзька Марцін браў каробку і хоць выхадзіць палавіну дня, затое ж прынясе такіх баравікоў, што хоць вязі на выстаўку. Колас. [Лук’янская] выхадзіла некалькі дзён па Камароўцы і не магла дапытацца Шпулькевіча. Чорны.

3. што. Дабіцца чаго‑н., доўга або неаднаразова ходзячы. — А вы вось яшчэ пахадзілі б па полі, — смяяўся з.. [мужыкоў] дзед: — Можа што і выхадзілі б. Колас.

4. каго. Старанна даглядаючы, дабіцца папраўкі хворага. Пасля кантузіі Маша выхадзіла.. [Сіўцова] з матчынай цярплівасцю. Васілевіч.

5. каго-што. Выгадаваць, выкарміць, выняньчыць. Выхадзіць малады сад. Выхадзіць дзяцей без маткі. □ [Цётка Фядора:] — Няхай бы ўжо лепей ягняты прапалі. Усё роўна не выхадзіш іх, не дачакаешся карысці. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схва́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Сутыкненне ў баі, у барацьбе, у бойцы. У рукапашнай схватцы партызаны змялі карнікаў, толькі адзінкі з іх уцалелі. Гурскі. У апошняй схватцы з Анатолем Скуратовічам Міхал, сабраўшы ўсе свае сілы, шпурляе ў чорную багну свайго праціўніка і ворага. Барсток. / Пра барацьбу супрацьлеглых груп, напрамкаў і пад. А ўмацаванне Савецкага Саюза, рост яго сілы азначалі безумоўную перамогу сацыялізма ў адкрытай схватцы з капіталістычным светам. Клімковіч. / Пра барацьбу з сіламі прыроды, стыхійнымі бедствамі, хваробай і пад. У хворага рэзка ўпала сардэчная дзейнасць. Вось тут і пачалася схватка са смерцю, барацьба за жыццё чалавека. «Беларусь». // Разм. Спрэчка, сварка. Схватка характараў. // Спартыўнае спаборніцтва (звычайна па розных відах барацьбы). Моўчкі чакае, хвалюецца цырк — Тужацца дужыя ў схватцы барцы. Чарнушэвіч.

2. звычайна мн. (схва́ткі, ‑так). Сутаргавыя балючыя скарачэнні мышцаў жывата, маткі. Але вось першы раз у жыцці .. [Алена] вымушана гаварыць збялелай ад родавых схватак жанчыне: — Маўчы, Насценька. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

худы́ 1, ‑ая, ‑ое.

З тонкім, сухарлявым целам. — А худы які! — здзівіўся Іван, гледзячы на Міколу. — Чаго так выпетраў? Вобла, а не чалавек. Новікаў. Не захацелася крыўдзіць Чарнова, які, нібы зачараваны, не зводзіў вачэй з худога няўклюднага каня. Васілевіч. // Пра часткі цела. І з усяе шчырасці, колькі быць яе можа ў сына да маткі, цалаваць пачаў яе худыя, сухія рукі. Мурашка. У Леўкіна худы твар, запалыя шчокі, насцярожаныя вочы. Ці можа мне толькі здаецца? Дадзіёмаў.

худы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Разм.

1. Дрэнны. — Цяжка мне, старому мікалаеўскаму артылерысту, да шаблі прызвычаіцца... Ці то шабля худая, ці то рукі аслаблі... — скардзіўся.. [дзед] часам на сваё няўмельства Міколку. Лынькоў. Паўтары дзесяціны худой зямлі. Яе не большала, а сям’і прыбывала. Таўлай. Маці худое жыта жне і спяшаецца, каб не адстаць ад іншых жанчын, каб хутчэй скончыць сваю палоску. Каваль.

2. Дзіравы; стары. — Хто такі? — спытаў Мсціслаў. — Ваўкалака, — ашчэрыўшы зубы, сказаў Кандрат. — Давайце дукаты ў худую суму, давайце княгіню — з сабою вазьму. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пачы́нак1 ’пачатак’ (светлаг., Мат. Гом.), ’новае поле на месцы ляда’, ’закладка новага поля на лядзе, а пасля і пасялення’, ’расцяроба гушчэвіны, падсека’, ’булачка з хлебнага цеста’ (навагр., Сцяшк. Сл.). Укр., рус. почи́нок ’пачатак’, пск. ’першы кавалак хлеба, адрэзаны ад буханкі’, ст.-рус. починъкъ ’пачатак’, ’навасёлак’, польск. poczynek ’учынак’, н.-луж. pocynk ’тс’, ’справа, дзеянне’, pocynki ’звычкі’, в.-луж. počink ’паводзіны’, ’дзеянне’, чэш. počinek ’пачатак’, ’першая купленая рэч’, ст.-слав. починъкъ ’пачатак’. Да прасл. po‑čęti, бел. пача́ць, пачына́ць (гл.).

Пачы́нак2, драг. почы́нок, астр., браг., пачы́нка ’пража, наматаная на верацяно або знятая з яго’ (ТСБМ, Мядзв., Серб., Бір., Бес., Маш., Варл., Дэмб. 2; гродз., Шн. 2), ’дзве ручайкі, перавітыя на адно верацяно’ (лях., карэліц., Янк. Мат.; слуц., Нар. словатв., дзярж., ст.-дар., Нар. сл.; Уладз., Федар. 6, Др.-Падб., Янк. 1, Сцяшк., Гарэц., Чач., Сл. Брэс.), ’вялікае верацяно, на якое перамотваюць пражу з малых верацёнаў’ (Нас., Шат., Сл. ПЗБ; браг., навагр., З нар. сл.), ’верацяно з пражай’ (Касп., Мат. Гом., Ян., ТС), ’клубок нітак, наматаны з адной вітушкі’ (дзярж., Нар. сл.). Укр. почи́нок ’поўнасцю запоўненае верацяно’, рус. кур. почи́нок ’тс’, польск. паморск., сілез. poczynek ’вялікае верацяно з пражай’, ’звітая пража з аднаго або з некалькіх верацён’. Усходнеславянска-польскае. Да пача́ць > пачына́ць (гл.): напрадзеная пража была нібыта асноваю будучага палатна, пачаткам — для асновы яе з пачынкаў звівалі ў клубкі, а для ўтоку — у маткі на матавіле. Аб суфіксе ‑ак гл. Сцяцко, Афікс. наз., 23.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. пра каго-што, аб кім-чым і без дап. Аддавацца роздуму; раздумваць, мысліць. Часта доўга думае стары Яўхім пра сваю дачку і яшчэ мацней яе шкадуе, любіць. Пестрак. Аб чым камандзір думаў так доўга, — цяжка сказаць. Брыль. Доўга думала Ганна і, урэшце, надумалася. Нікановіч.

2. з дадан. сказам. Лічыць, меркаваць. [Шкуранкоў:] Думаю, што пры наступнай сустрэчы мы лепш зразумеем адзін аднаго. Крапіва. Доўга хварэў пан. Усе думалі, што капцы ўжо яму. Якімовіч. // на каго. Мець падазрэнне, лічыць вінаватым у чым‑н. Думаў на Івана, што ён вінаваты.

3. з інф. Мець намер, збірацца што‑н. рабіць. Хоць у маткі і жылося .. [Аўгінні] нялёгка, але варочацца да Васіля яна не думала. Колас. [Страмілін:] Я думаю паставіць даклад галоўнага інжынера на парткоме. Крапіва.

4. аб кім-чым, пра каго-што. Клапаціцца, турбавацца. Думаць аб бацьках. □ [Людзі] найбольш думалі пра дзённы свой заработак. Чорны.

•••

А што ты думаеш! гл. ты.

Забыць (і) думаць гл. забыць.

І думаць няма чаго — пра поўную немагчымасць зрабіць што‑н.

І не думай (нават) — пра катэгарычную забарону рабіць што‑н.

Трэба думаць гл. трэба.

Я думаю гл. я.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стрый ‘дзядзька па бацьку’ (Нас., Байк. і Некр.; іўеў., Сл. ПЗБ; Бес., Янк. БП), стры́ек ‘брат бацькі’ (Скарбы), стрыёк ‘тс’ (Нас.), стрые́чка ‘дочка дзядзькі’, ст.-бел. стрий, стрый ‘тс’ (Ст.-бел. лексікон), стрыеве ‘дваюрадныя па лініі маці’ (там жа). Параўн. укр. дыял. стрий ‘дзядзька па бацьку’, рус. дыял. строй ‘дзядзька па бацьку; калека, жабрак’, стараж.-рус. стрыи, стръи, строи ‘брат бацькі’, польск. stryj, каш. strij, в.-луж. tryk, чэш., славац. strýc ‘стрый; наогул стары чалавек’, славен. stríc ‘брат бацькі або маткі’, серб.-харв. strȋc, балг. дыял. стри́ко, макед. дыял. стрико ‘стрый, дзядзька, дарослы мужчына’, ст.-слав. стрыи, ‘тс’. Прасл. *stryjь, *strъjь ‘стрый’. Этымалагічныя версіі розныя. Паводле Мікалы (Ursl. Gr., 65), славянскае слова набліжаецца да лац. patruus ‘стрый’, ст.-інд. pitr̥vyas, авест. tūirya‑, ст.-в.-ням. fetiro/fatirro ‘тс’, ням. Vetter ‘пляменнік’ і ўзнікла, відаць, на аснове і.-е. *pətru̯i̯o‑ ‘бацькоўскі’, прыметніка ад і.-е. *pəter‑ ‘бацька’ (параўн. лац. pater ‘тс’), з больш ранняга *ptru̯i̯o‑ ‘кроўны, брат бацькі’ са змяненнем групы ptr > *str, або, як мяркуе Трубачоў (История терм., 79–81), з улікам авестыйскай формы з ttr > str. Доўгае ‑y‑ у корані развілося з напружанага ъ перад i. Гэтую версію падтрымліваюць Мее, Études, 393; Лер–Сплавінскі, JP, 24, 44; Махэк₂, 584. На іншую думку, слав. *stryjь роднаснае літ. *strūjus ‘дзед’, ст.-ірл. sruith ‘стары, паважаны’, вал. strutiu ‘тс’; гл. Буга, РФВ, 75, 147; Траўтман, 290; Брукнер, 522; Покарны, 1037. Супраць Трубачоў, тамсама. Агляд этымалогій гл. яшчэ Фасмер, 3, 780; Сной₁, 614; Бязлай, 3, 328; Борысь, 583; Шаўр, Etymologie, 73–74; ЕСУМ, 5, 442.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)