рухо́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны рухацца (аб прыстасаваннях, механізмах і пад.). Рухомы блок. □ Зроблены новы рухомы круг і прыстасаванні для дэкарацый. «Беларусь».

2. Які не знаходзіцца пастаянна на адным і тым жа месцы, здольны змяняцца. Рухомы націск у слове. □ [Вецер] разрываў полаг хмар, і тады праз рухомыя прасветы згасаючымі іскрамі падалі на зямлю зоркі. Шамякін. // Які пераязджае з месца на месца; проціл. нерухомы. Рухомы лазарэт. Рухомы магазін. // Прызначаны для перамяшчэння з месца на месца. Рухомая артылерыя. Рухомы мост. □ — Будзем ствараць невялікія рухомыя атрады, якія б змаглі знайсці прытулак і ў стэпе, — прапанаваў Андрэй. Няхай.

3. Які можа змяняцца ў залежнасці ад умоў. Рухомыя формы арганізацыі. // Які хутка развіваецца, мяняецца. Стыль пісьменніка, калі разглядаць яго як сувязі, што існуюць паміж асноўнымі вобразамі твораў, — з’ява рухомая. Юрэвіч.

•••

Рухомая маёмасць гл. маёмасць.

Рухомы састаў гл. састаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тале́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Сталовая пасуда круглай формы з шырокім дном і прыўзнятымі краямі. Дэсертная талерка. □ Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю .. і селі піць чай. Колас. На талерках дыміцца лёгкай парай вараная ружаватая трусяціна. Навуменка. // Колькасць стравы, якая ўмяшчаецца ў такую пасуду. [Дзядзька:] — Была б у калгасе сталовая, то капусты б міску вычарпаў, адбіўную б умяў ці верашчакі б талерку блінамі вымачаў. Бялевіч. У міг з’явіўся на стале «журавель» з гарэлкай, а поруч з ім міска мёду і талеркі маласольных агуркоў. Васілевіч.

2. толькі мн. (тале́ркі, ‑рак). Ударны музычны інструмент, які складаецца з двух металічных дыскаў. Аркестравыя талеркі.

3. Спец. Назва розных дэталей, якія маюць форму дыскаў. Буферныя талеркі.

•••

Не ў сваёй талерцы — у нязвычным стане, не ў звычайным для сябе настроі.

[Ад ням. Teller.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фа́за, ‑ы, ж.

1. Перыяд, стадыя, этап у развіцці якой‑н. з’явы, працэсу і пад. К. Маркс у сваёй рабоце «Крытыка Гоцкай праграмы» ўпершыню ў гісторыі сфармуляваў навуковыя палажэнні аб дзвюх фазах развіцця камуністычнага грамадства. Лушчыцкі. Следства, як відаць, зацягвалася на доўгі час, яно як бы набывала кабінетную фазу. Чорны. // У біялогіі — пэўны этап у індывідуальным развіцці арганізма. Фазы спеласці збожжа. Фаза цвіцення расліны.

2. Спец. Пэўны момант у змене формы ці стану чаго‑н. Фазы месяца.

3. У хіміі — аднародная частка якой‑н. неаднароднай сістэмы. Фазы сплаву.

4. У геалогіі — найменшая адзінка часу, якой адпавядае пэўны характар парод.

5. У фізіцы — велічыня, якая характарызуе стан хістальнага працэсу ў кожны момант часу.

6. У электратэхніцы — асобная група абмотак генератара, а таксама далучаны да яе провад, па якім ідзе электрычны ток.

[Ад грэч. phasis — з’яўленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́ша, ‑ы, ж.

1. Старадаўняя пасудзіна для піцця ў форме паўшар’я. З інакшай думкай пойдзе ў свет і людзі Патомак гэты наш: Згібацца ўжо не будзе і не будзе Піць з недапітых чаш. Купала. // Уст. паэт. Кубак для віна. Давайце ўзнімем чашы За Час, працуе што на нас, На спадзяванні нашы. Вярцінскі. // перан.; чаго або якая. Пра ступень радасці, пакут і пад., якія прыйшлося перанесці каму‑н. Поўна з краем чаша гневу майго На людскія грахі ды бясчыннасці. Багдановіч. Людзі апусцілі галовы, бо ўсе ведалі, якая цяжкая чаша Кроеравай гасціннасці. Караткевіч.

2. Якая‑н. пасудзіна, ёмішча круглай формы. Палошчацца ў бронзавай чашы Вечны агонь. Аляхновіч. На прыгожай драўлянай падстаўцы ўзвышаецца велічная, акаймаваная каласамі чаша. «Маладосць».

•••

Перапоўніць чашу (цярпення) гл. перапоўніць.

Поўная чаша — багаты, заможны (пра дом).

Чаша (цярпення) перапоўнілася — няма больш сіл, магчымасці цярпець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эстэты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да эстэтыкі (у 1 знач.). Эстэтычныя катэгорыі. □ Творчасць Багушэвіча з’яўляецца самым аб’ектыўным доказам таго, што ён падзяляў эстэтычную тэорыю рускай рэвалюцыйнай дэмакратыі. Лушчыцкі. М. Гарэцкаму было ўласціва разуменне эстэтычнай прыроды мастацтва, .. апасродкаванай сувязі мастацкай творчасці з сацыяльна-жанамічнай асновай грамадства. Мушынскі.

2. Звязаны з успрыманнем прыгожага ў жыцці і ў мастацтве. Эстэтычны крытэрый. □ Усё гэта звычайныя чалавечыя рысы, але от так жа бывае, што наша ўяўленне само дарысоўвае тое, што патрэбна эстэтычнаму густу. Скрыган.

3. Выкліканы прыгожым у жыцці ці ў мастацтве. Эстэтычная асалода. □ І хоць формы гэтыя не далі пачатку пэўнаму мастацкаму стылю, што пазней склаўся на беларускіх землях, усё ж пазнанне іх узбагаціла наша ўяўленне аб развіцці эстэтычнага пачуцця напярэдадні эпохі, калі на этнічна беларускіх землях узніклі першыя помнікі манументальнага дойлідства. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Зубе́ль, зубля́, зу́блэнь, зубы́ло ’яловае галлё ці рыззё на палцы для падкурвання пчол’ (Анох.), зубе́ль, зу́бяль ’дымар для падкурвання пчол’ (чачэр., Жыв. сл.; рагач., З нар. сл.). Славен. zúbelj ’полымя’, zúblja ’факел’, серб.-харв. зу̏бља ’тс’. Міклашыч (404) звязваў з літ. žiburỹs ’святло, полымя’ (якое звязана з žibė́ti ’блішчаць, прамянець’, на што ўказаў Безлай (IX seminar slovenskega jezika…, 1973, 12). Фрэнкель (1304), аднак, іх не спалучае, а этымалогію літ. слова лічыць няяснай). Скок (3, 664) параўноўвае са ст.-ісл. kafli ’палена’, ням. Kabel ’падрыхтаванае дрэва’ і ўзводзіць да і.-е. *gʼebh‑ ’кавалак дрэва’ (Покарны, 1, 353, без слав. прыкладаў). Але слав. і балт. вакалізм у гэтым выпадку не тлумачыцца; спасылка на варыянт *gʼombh‑, апрача гіпатэтычнасці такой сувязі, не тлумачыць славен. ‑u‑ (замест чаканага ‑o‑). Безлай рэканструюе для балт. *gʼōibh‑ (зыходзячы з формы, дадзенай Міклашычам, žiuburỹs), а для слав. *gʼoubh‑; такой формы Покарны не дае. І.‑е. праформа патрабуе далейшага вывучэння. Супрун, Полесье и этногенез славян, 1983, 61.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́жны ’кожны’ (лаг., КЭС; мал., драг., Нар. словатв.), кажный ’тс’ (Бяльк., Грыг., Нас.), кажан ’тс’ (лаг., КЭС), кажен ’усякі’ (Нас.), кажэнь ’кожны’ (жытк., браг., Мат. Гом.), кажон (драг., Нар. словатв.), кажын ’тс’ (Мат. Маг., Сцяшк.), кажынный ’тс’ (віц., Нар. сл.; вілен., Нас.), кажнюткі ’кожны’ (ваўк., Сцяшк.). Укр. дыял. кажний (і памянш. формы), кажінний, рус. смал. кажан, дыял. кажинный, кажиный, кажин, кажней, кажний, кажный. Як паказваюць рус. (паўдн., паводле Даля, — укр.?) каждный, польск. każden, каш. kazdulny, пам.-славін. kouždèrï і інш., існавала тэндэнцыя да ўзмацнення абагульнення або ўдакладнення прасл. kažьdъjь суфіксальным спосабам. Паводле ESSJ, 2, 398, суф. ‑n(ъ)‑ быў устаўлены паміж асновай слова і суф. ‑jь. Калі ў групе зычных пасля заняпаду «ераў» знік галосны, група спрасцілася. Нягледзячы на тое што суфіксальна ўскладненыя формы зафіксаваны ў некалькіх паўн.-слав. мовах, можна думаць, што сепаратных сувязей не было і рэалізавана была агульная тэндэнцыя, якая і прывяла да вялікай колькасці варыянтаў ускладненага kažьdъjь. Адносна дублетнасці кажны/кожны былі розныя меркаванні, падрабязней гл. кожны. Аб прасл. kažьdъjь гл. кажды.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кле́ваць ’ледзь дыхаць, трапятацца, быць слабым’ (Жыв. сл., Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.). Параўн. кляваць (гл.). Літ. klevoti ’тс’ (Сл. паўн.-зах., 2, 486). Лаўчутэ (Балтизмы, 67) таксама дапускае балтыйскі ўплыў, але не прыводзіць вышэй адзначанай літоўскай формы. Прыклады з дысертацыі Вяржбоўскага, на якія робіць спасылку аўтар, семантычна і фармальна далёкія. Трубачоў (Эт. сл., ІО, 28) адносіць беларускія формы да праславянскай лексікі *klevati/*klevili (). Аднак балгарскія і македонскія паралелі, якія ён прыводзіць, семантычна вельмі далёкія, за выключэннем макед. sä kli > vamмучыцца’. Больш блізкімі семантычна, але з рэканструкцыяй *kleviti sę (там жа, 18) здаюцца паралелі чэш. klevili se ’гнуцца, курчыцца’, славац. kťavieť ’калець, дубець’, якія, магчыма, да літ. kliauti̯ ’гнуць’, лат. klaut пахіляць’. Сумненні выклікае геаграфія беларускіх слоў, якія не маюць украінскіх і рускіх паралелей, а калі прыняць паралелі чэшскія і славацкія, дзіўным здаецца, што апошнія таксама не маюць паралелей сярод іншых заходнеславянскіх моў. Такая рэдкая эксклюзіўная беларуска-чэшска-славацкая ізалекса, калі яе дапусціць, павінна атрымаць спецыфічнае тлумачэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напа́рстак (Нас., ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’напарстак’, ’металічны абручык, з дапамогай якога каса прымацавана да касільна’ (слуц., Нар. словатв., Сцяц., Янк. 2), неперсток ’тс’ і ’пярсцёнак’ (ТС), неперстак ’металічнае колца, якім прымацавана каса да касся’ (навагр., свісл., кап., Шатал., Ян.), напэрсток ’тс’ (драг., Нар. словатв., пруж., Выг.), ’сякерка для кляпання кос’ (драг., Жыв. сл.), сюды таксама наперснік ’напарстак’ (ТС), ’пярсцёнак’ (Ян.), наперснык ’пярсцёнак’, ’напарстак’ (Мат. Гом.). Формы з а ў беларускай мове успрымаюцца як запазычанні з польск. naparstek (параўн. заўвагу Насовіча: «употребляется шляхтою»); што датычыць іншых форм, то яны могуць быць працягам даўніх утварэнняў ад *pьrstъ ’палец’, у тым ліку вытворнага *napьrstъkъ, параўн. рус. напёрсток, укр. наперсток, чэш., славац. naprstek серб.-харв. напрстак, балг. напръстек, дыял. радоп. напарстек, макед. напрсток, першапачаткова, відаць, ’пярсцёнак’ або іншае ўпрыгожанне, якое надзявалася на палец. Значэнне ’рэхва, колца ў касе’ — вынік пераносу. Формы на ‑нік, вядомыя і іншым славянскім мовам (рус. наперстник, в.-луж. naporstnik, славен. naprstnik, балг. напръстник), пазнейшыя па ўтварэнню (Брукнер, 354; Махэк₂, 486–487; Шустар-Шэўц, 13, 988).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́таваць (ра́товаць) ’ваяваць за нешта; шумець, буйстваваць’ (Нас.). Параўн. рус. ра́товать ’змагацца, адстойваць’, дыял. ’біцца’, серб. ра̏товати ’ваяваць’. Да раць (гл.).

Ратава́ць ’пазбаўляць ад небяспекі, пагрозы, гібелі; берагчы’ (ТСБМ, Касп., Шат., Стан., Сл. ПЗБ), ратава́ць, рытыва́ць, рютува́ць, рятува́ть ’тс’ (Бяльк.), ратава́ць (rataváć) ’дапамагаць’ (Варл., Сл. ПЗБ), ратова́ць, рэтова́ць ’даваць паратунак’ (ТС), ретова́ць ’спяшацца дапамагчы ў бядзе’ (Нас.), ст.-бел. ретовати, ратовати ’тс’. Запазычана праз польск. ratować з ням. retten ’тс’, фанетычна і марфалагічна адаптаванае яшчэ ў сярэдне-польскі перыяд (Нававейскі, Zapożyczenia, 83). Формы з каранёвым ‑е‑ (‑э‑), упершыню зафіксаваныя ў 1514 г. (паводле Карскага, 1, 107: “е на месте а не после мягкого согласного”), больш набліжаныя да зыходнай нямецкай формы, што не выключае прамога запазычання. Ад ретовати магчыма развіццё рус. рято́вать з яканнем, што Фасмер (3, 447) вызначае, як “гіперграматычнае я”. Гл. таксама Булыка, Лекс. запазыч., 41. Сюды ж, відаць, смал. рята́ ’дапамога, ратаванне’ (Дабр., Этн., 4), што суадносіцца з польск. rata!, raty! ’крык дапамогі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)