чаша, ‑ы, ж.

1. Старадаўняя пасудзіна для піцця ў форме паўшар’я. З інакшай думкай пойдзе ў свет і людзі Патомак гэты наш: Згібацца ўжо не будзе і не будзе Піць з недапітых чаш. Купала. // Уст. паэт. Кубак для віна. Давайце ўзнімем чашы За Час, працуе што на нас, На спадзяванні нашы. Вярцінскі. // перан.; чаго або якая. Пра ступень радасці, пакут і пад., якія прыйшлося перанесці каму‑н. Поўна з краем чаша гневу майго На людскія грахі ды бясчыннасці. Багдановіч. Людзі апусцілі галовы, бо ўсе ведалі, якая цяжкая чаша Кроеравай гасціннасці. Караткевіч.

2. Якая‑н. пасудзіна, ёмішча круглай формы. Палошчацца ў бронзавай чашы Вечны агонь. Аляхновіч. На прыгожай драўлянай падстаўцы ўзвышаецца велічная, акаймаваная каласамі чаша. «Маладосць».

•••

Перапоўніць чашу (цярпення) гл. перапоўніць.

Поўная чаша — багаты, заможны (пра дом).

Чаша (цярпення) перапоўнілася — няма больш сіл, магчымасці цярпець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)