Сон1 ‘спанне’, ‘тое, што сніцца’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ). Параўн. укр., рус. сон, польск., чэш., славац. sen, в.-луж. són, н.-луж. són, славен. sën, серб.-харв. са̏н, балг. сън, макед. сон, ст.-слав. сънъ. Прасл. *sъnъ з *sъpnъ, роднаснага спаць (гл.). Роднасныя: літ. sãpnas ‘сон; тое, што сніцца’, лат. sapnis ‘тое, што сніцца’, ст.-інд. svápnas ‘сон; тое, што сніцца’, лац. somnus ‘сон’. Гл. Фасмер, 3, 716–713 з літ-рай; Махэк₂, 541; Шустар-Шэўц (1334); Глухак, 540.

Сон2 ‘травяністая расліна з вялікімі ліловымі кветкамі-званкамі, якая цвіце рана ўвесну’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Мат. Гом., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС), ‘розныя віды расліны Pulsatilla L.’ (Кіс., Меер Крыч.), сон-трава ‘расліна сон’ (Байк. і Некр., Касп., Нар. лекс., Кіс.), сонь ‘тс’ (Сл. ПЗБ), со́нчык ‘тс’ (гродз., Кіс., Сл. ПЗБ), сасо́ннік ‘тс’ (Шат.), бабі́н сон ‘расліна Crocus Heuffelianus Herb.’ (Бейл.). Укр. сон, сон‑зі́лля, сон-трава́ ‘расліны Anemone pulsatilla L. і Anemone pratensis L.’, рус. сон, сон‑дре́ма ‘расліна Pulsatilla palena, сон’, таксама сон, сон-трава́ ‘расліна Atrapa belladonna’. Назвы раслін у іншых славянскіх мовах: польск. sasanka, ст.-польск. sesenki, sasenki, sesanki, чэш., славац. sasanka ‘анемона’, серб.-харв. са́са ‘тс’, балг. са́са́н, съ́сън ‘анемона’ і ‘пралеска, Hepatica triloba’, дыял. съса́нка, саса́нка ‘анемона’. Этымалогія няпэўная. Дурыданаў (Зб. Лер-Сплавінскаму, 81 і наст.) славянскія словы лічыць звязанымі з ст.-егіп. s‑šš‑n ‘лотас’, араб. susan ‘лілія’, тат. susan ‘касач’. Яны былі запазычаны з ст.-грэч. σουσον ‘лілія’ і ў праславянскай набылі формы *sъsъnъ, *sъsьnъ або *sъsenъ. Пасля вакалізацыі ераў паводле народнай этымалогіі былі звязаны з *sъnъ ‘сон’, што не беспадстаўна, таму што некаторыя віды раслін, напрыклад Pulsatilla patens L., у беларускай народнай медыцыне ўжываюцца як заспакаяльны і снатворны сродак (гл. Лекарственные растения и их применение. Минск, 1976, 482), а ў Сафійскім краі ў Балгарыі кветкі расліны кладуць у калыску дзецям. Іншая версія звязана з тым, што расліны роду Anemone у час дажджу і ноччу закрываюць кветкі, што звешваюцца ўніз (нібы спяць), гл. Краўчук, БЛ, 6, 66–67. Ва ўсходнеславянскіх мовах слова, відаць, было поўнасцю атаясамлена з сон1. Гл. яшчэ Махэк₂, 537–538; ЕСУМ, 5, 352.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сон 1, сну, м.

1. Фізіялагічны стан спакою арганізма, пры якім поўнасцю або часткова спыняецца работа свядомасці і аслабляюцца некаторыя фізіялагічныя працэсы. Хіліць да сну. Адагнаць сон. Прачнуцца ад сну. □ Сон валіў усіх; з чорнага неба цадзіўся нудны дожджык, і ад гэтага спаць хацелася яшчэ мацней. Мележ. Толькі на досвітку Сідар супакоіўся і заснуў, але сон быў трывожны, і ён не адпачнуў. Гартны. / Аб жаданні або магчымасці ўпадаць у гэты стан. [Булай:] — А як у вас сон? Нармальны? [Алесь:] — Не скарджуся. Шыцік. Не пытайся ж, маці, Не пярэч ты выйсці: І цябе ў семнаццаць Сон не браў калісьці. Гілевіч. // Спячка (пра жывёлін). Зімовы сон мядзведзя. // перан. Зімовы спакой, здранцвенне прыроды. Вясна была яшчэ ўпачатку, Але снягі ўжо раставалі, І дружна ў полі балбаталі Раўкі, рачулкі, і ў грамадку Яны ваду сваю злівалі, Ад сну гаі, лясы будзілі І людзям душу весялілі. Колас. Яблыні, ахутаныя інеем, Да вясны заснулі моцным сном. Смагаровіч. // перан. Пра пасіўнае існаванне каго‑, чаго‑н. Народу, абуджанаму ад векавога сну, патрэбны былі выражальнікі яго дум і пачуццяў. Ярош. Беларускі народ Скінуў цяжкі свой сон, Сталі явай адвечныя мары. Журба.

2. Тое, што сніцца. Можа, на адну хвіліну заснула Саша ў тую ноч і адразу ўбачыла сон. Шамякін. Ноччу мне прысніўся.. страшны сон — вайна. Карпюк. // Пра што‑н. ілюзорнае, незвычайнае. Гэта былі не вёдры, не начоўкі, не лыжкі, а дзіўны сон пекных форм. Бядуля. // Пра мару, летуценне. Чакаюць людзі свайго свята, Ажыццяўлення сваіх сноў. Колас. Ёсць настроі... А ў іх — пералівы. Ёсць часіны — здаюцца сном. Лявонны. Яваю стапецца сон мільёнаў. Купала.

•••

Летаргічны сон — тое, што і летаргія.

Багатырскі сон — моцны сон.

Выбіцца са сну гл. выбіцца.

Забыцца сном (у сне) гл. забыцца.

Заснуць вечным сном гл. заснуць.

І ў сне не снілася гл. сніцца.

Праз (скрозь) сон — у час сну.

Са сну — толькі што прачнуўшыся.

Сон у руку (жарт.) — пра сон, які спраўдзіўся.

Спаць вечным сном гл. спаць.

Спаць мёртвым сном гл. слаць.

Як (нібы) праз (скрозь) сон — няясна, невыразна. Бацькоўскую хату і бацькоў памятаю нібы праз сон. Бядуля. — Чуеш, дзед, як вада шуміць у сенцах? — Чую, дык што? — як праз сон адказаў Яўсей. Пальчэўскі.

Як у сне — пра стан чалавека, які паглыблены ў свае думкі і нічога не заўважае вакол сябе. Да самай пятніцы [Гендарсан] жыў як у сне. Чарнышэвіч.

сон 2, сну, м.

Травяністая расліна сямейства казяльцовых з вялікімі ліловымі кветкамі-званкамі, якая цвіце рана ўвесну. Ніколі не бачыла, як расце сон — буйныя ліловыя званкі на крохкіх калматых ножках. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і чаго.

1. Старацца знайсці, выявіць (скрытае, схаванае, згубленае). Дрыготкімі ад узрушанасці рукамі .. [Маша] шукае плацце і не можа знайсці. Мележ. Было чуваць, як .. [незнаёмы] атрасаецца ад дажджу, доўга выцірае ногі і шукае ўпоцемках клямку. Грахоўскі. Памуляліся швагры — нічога не зробіш: трэба ехаць шукаць кабыліцу. Якімовіч. [Крамарэвіч] доўга шукаў сцежкі. Чорны. // Займацца пошукамі, старацца даведацца пра наяўнасць, месцазнаходжанне каго‑, чаго‑н. Шукаць кватэру. □ Як толькі прыходзіў свежы нумар газеты, Міхалка з нецярплівасцю шукаў на яе слупках сваю карэспандэнцыю. Бядуля. [Таня] мусіла брыгадзіра шукаць, а брыгадзір, сказалі ёй, недзе ля трактара, у полі. Гроднеў. // Прабівацца, рабіць праход, выйсце адкуль‑н. Глядзі — скрозь ковы ледзяныя Сачацца кропелькі жывыя, Дарогу новую шукаюць І лёд вадою заліваюць. Колас. Туман. Раса шукае выйсця — Стрывожаная вецярком, З пажоўклых жылаватых лісцяў, Нібы з далоняў, лье цурком. Панчанка.

2. Дабівацца, патрабаваць чаго‑н., старацца атрымаць што‑н. Шукаць сустрэч. Шукаць дапамогі. □ Вольга Аляксандраўна доўга шукала работы. Новікаў. [Шабуня] нібы шукаў падтрымкі ў камісара. Мележ. Верка ўпарта шукала выпадку бліжэй пазнаёміцца з Косцем. Карпюк. // Імкнуцца, крочыць да чаго‑н. новага, перадавога, больш дасканалага. Шукаць, ствараць Такое трэба нам сугучча, Дзе б сэрца Леніна жыло, — Яно да дружбы неўміручай Народы нашы прывяло. А. Александровіч. — Цьфу! Якая гэта агіднасць! — думаў далей малады настаўнік: — Жывеш, складаеш планы, чагось шукаеш, чагось дабіваешся, спадзяешся, а прыйдзе час — і ты будзеш труп, гніль, спажытак чарвей. Колас.

•••

Бобу ў гаросе шукаць — рабіць што‑н. бяссэнснае, недарэчнае, бязмэтнае.

З хлеба крошак шукаць — быць незадаволеным тым, што ёсць, рэальна існуе.

Удзень са свечкаю (днём з агнём) шукаць — пра тое, што вельмі цяжка, немагчыма адшукаць, знайсці.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць — ад добрага ды шукаць лепшага.

Шукаць вачамі — імкнуцца ўбачыць каго‑, што‑н. [Партызаны] вярнуліся ў сасоннік, дзе Шура начаваў, — ён шукаў вачамі мясціну, выкладзеную хваёвымі лапкамі, і не знаходзіў. Навуменка.

Шукаць ветру (лавіць вецер) у полі — пра марныя пошукі каго‑н.

Шукаць гуза — нарывацца на непрыемнасці.

Шукаць дурняў — старацца абхітрыць, падмануць каго‑н.; хітрасцю прымушаць каго‑н. рабіць што‑н.

Шукаць лёгкага хлеба — пазбягаць цяжкасцей, старацца ўсё рабіць, не прыкладаючы ўласнай працы, намаганняў.

Шукаць пятлі на шыю — лезці ў небяспечныя, рызыкоўныя справы.

Шукаць слоў (слова) — з цяжкасцю падбіраць патрэбныя словы, мець цяжкасці з выражэннем думак.

Шукаць учарашняга дня — спадзявацца вярнуць тое, што назаўсёды страчана, чаго ўжо няма.

Шукаць як хлеба — надта шчыра, старанна шукаць чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзелавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Звязаны з работай, службай, якой‑н. справай. Дзелавая размова. Дзелавая перапіска. Дзелавая паездка. Дзелавыя сувязі. □ Не паспеўшы яшчэ прысесці, .. [інспектар] зараз жа звярнуўся да Трахіма Пятровіча з чыста дзелавымі пытаннямі: ці ёсць прылады пісьма, ці ўсё падгатавана ў школе, ці павешаны на сцяне карты. Колас. // Які датычыць сутнасці справы, практычна карысны; істотны. Дзелавая заўвага. Дзелавое абмеркаванне. Дзелавая падтрымка. □ Усе, хто зварочваецца да яе, заўсёды ўпэўнены ў тым, што ад Марусі яны атрымаюць дзелавы адказ. Брыль. Былі і кароткія дзелавыя рэзалюцыі з прапановамі абраць містэра Лаяна .. пажыццёвым старшынёй. Лынькоў.

2. Які ведае сваю справу, сур’ёзна ставіцца да яе. Гофман паказаўся Філістовічу дзелавым чалавекам. Паслядовіч. // Уласцівы дзелавітаму, занятаму чалавеку. Дзелавыя якасці. □ Памаўчаўшы, нібы не адважваючыся адразу, Рыгор Васільевіч пачаў дзелавым тонам: — Я хацеў бы, Ганна Мікалаеўна, на нейкі час пасяліцца ў вашай хаце. Грахоўскі.

3. Звязаны са справаводствам; які адлюстроўвае дакументы справаводства. Дзелавыя паперы. Канцылярска-дзелавы стыль. // Які спрыяе паспяховаму ходу справы, работы. На заводзе створана дзелавая абстаноўка, творчая атмасфера. «Звязда». Земнюкову прапазіцыю ўхвалілі.., і на сходзе зноў запанаваў спакойны дзелавы настрой. Зарэцкі.

4. Прыгодны ў якасці матэрыялу для якіх‑н. вырабаў. Дзелавая драўніна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыха́нне, ‑я, н.

1. Працэс паглынання кіслароду і выдзялення вуглекіслаты жывымі арганізмамі; газаабмен. // Убіранне і выпусканне паветра лёгкімі. Бацька заснуў. Дыханне яго было слабое, але роўнае і спакойнае. Чарнышэвіч. // Шум, які ўтвараецца пры дыханні. [Соня] мільганула пад акном, ускочыла ў сенцы, і я ўжо чую яе паскоранае бегам дыханне. Ракітны. // Паветра, якое выходзіць з лёгкіх пры выдыху. Лоб быў сцюдзёны, і Алег пакрыў яго далонню, а потым пачаў хукаць, грэць сваім дыханнем. Ермаловіч.

2. перан. Подых, павёў, праяўленне чаго‑н. Дыханне жыцця. Дыханне часу. □ Дзень пачынаўся без хмурынкі на небе, без дыхання вецярка. Шамякін. Недзе далёка чулася дыханне вялікага горада: шум машын, званкі трамваяў. Шыцік. // Набліжэнне, наступленне чаго‑н. Чуецца дыханне восені. □ Ужо чутно вільготнае дыханне хмары, ужо навакол разліты прыемны водар азону. Гамолка.

•••

Штучнае дыханне — сістэма прыёмаў для аднаўлення натуральнага дыхання, якое часова спынілася.

Другое дыханне — аб новых сілах, аб прыліве энергіі, бадзёрасці ў каго‑н. пасля перыяду стамлення, апатыі, няўдачы.

Дыханне заняло (захапіла, перахапіла) гл. заняць.

Дыханне занялося — стала цяжка дыхаць, спынілася дыханне (ад бегу, работы і пад.). У душы ў .. [Шуры] пахаладзела, дыханне занялося, спёрла, нібы хто сціснуў горла. Ставер.

Затаіць дыханне гл. затаіць.

Перавесці дыханне гл. перавесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

моц, ‑ы, ж.

1. Трываласць, мацунак. Моц тканіны. □ [Масладуда:] — Зрабіць якую рэч з жалеза — не хітрая штука. Жалеза само па сабе моц мае. Лынькоў.

2. Фізічная сіла. Моц мускулаў. □ Чалавек прагна піў ваду, і з кожным глытком яе да яго нібы варочалася страчаная моц. Лынькоў. З кароткіх рукавоў .. шэрай світкі тырчалі доўгія мазольныя рукі, і ў іх адчувалася моц. Чарнышэвіч.

3. Праяўленне чаго‑н.; сіла, ступень гэтага праяўлення. Голасам моцы, ціха і важна Гром пракаціўся ўгары. Колас. Сонца яшчэ не набралася моцы. Беразняк.

4. Магутнасць, аўтарытэт, сіла. Моц савецкай дзяржавы. □ Зачараваныя глядзім На сілу, моц сваёй радзімы, Што ззяе полымем жывым. Танк. // Здольнасць уздзейнічаць; сіла ўздзеяння. [У працы над роллю Благса] я пазнаў моц ўяўлення і фантазіі — іх месца ў творчасці акцёра. Сяргейчык. Шчыра веру я ў моц пажадання. Дзяргай. // перан. Духоўная стойкасць. Моц душы.

5. Насычанасць, канцэнтрацыя. — Вось летась быў у мяне тытунь, той, праўда, меў моц. Зацягнешся — дух займае. Пальчэўскі.

6. У спалучэнні з асабовай формай дзеяслова, прыметніка або займенніка (часцей з прыназоўнікам) выражае найвышэйшую ступень праяўлення дзеяння. Крычаць на ўсю моц. □ Лілося святло з вокнаў вакзала, на поўную моц гарэлі ліхтары. Васілёнак. Міхась з усяе моцы бразнуў дзвярыма. Савіцкі.

•••

Як (колькі) моцы стае гл. ставаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасве́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прасвяціцца.

2. Свяціцца, віднецца ў прамежках паміж чым‑н., праз што‑н. Праз лісце каштана прасвечвалася неба, яснае, спякотнае. Шамякін. Скрозь галіны дрэў ужо прасвечвалася вепраўскае поле. Колас. Цяпер жа дрэвы парадзелі, і ўвесь парк прасвечваўся з аднаго канца ў другі. Хадкевіч.

3. Прапускаючы праз сябе святло, рабіцца, здавацца празрыстым. Сакавіцкае сонца свеціць Янку ў патыліцу, і Даніку відаць, як вушы Лычыка, нейкія круглыя і адтапыраныя, прасвечваюцца, нібы яны з ружовай паперы. Брыль. / Пра схуднелага, хваравітага, бледнага чалавека, яго цела і пад. Хлопчык тады быў шчупленькі, невысокі ростам, бялявы твар яго з густым рабаціннем, здаецца, прасвечваўся. С. Александровіч. Чалавек той быў такі худы, што ажно рукі прасвечваліся наскрозь. Хомчанка. / Пра што‑н. старое, вынашанае. [Кюблер] патрусіў калашыной сваіх старэнькіх штаноў, якія так пацёрліся і знасіліся, што амаль прасвечваліся. Шамякін.

4. перан. Выяўляцца, станавіцца прыкметным (пра які‑н. ўнутраны стан, якасць, уласцівасць і пад.). З маленькіх шчылінак-вачэй хлопца прасвечваўся смутак і сорам за сваю нязграбнасць. Дуброўскі.

5. Асвятляцца (сонцам, праменямі святла). — Стаім на ўзлеску .. бору, а ён высока на ўзгорку і .. ўвесь сонцам прасвечваецца. Ракітны.

6. Зал. да прасвечваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкме́та, ‑ы, ДМ ‑меце, ж.

1. Адметная рыса, па якой можна пазнаць каго‑, што‑н., вызначыць што‑н. Па слядах, па безлічы толькі яму [егеру] вядомых адзнак і прыкмет ён мог беспамылкова вызначыць дакладную колькасць кожнага віду дзікіх жывёл на сваім участку. В. Вольскі. Прыкметы падышлі якраз: знарок запушчаная барада, два залатыя зубы. Брыль. [Нася:] — Але калі вельмі хочаш выбраць мяне, дык запомні прыкмету: у маіх валасах будзе белая кветачка. Якімовіч. // Тое, што ўказвае на з’яўленне, наступленне чаго‑н. Сённяшняй раніцай у яго з’явіў ся апетыт — верная прыкмета выздараўлення. Шахавец. Яшчэ з поўдня надвор’е гразілася дажджом. На тое былі ўсе неабходныя прыкметы: душнае сонца, парнасць зямлі, смуга ў паветры. Скрыган.

2. У забабонных уяўленнях — рыса, з’ява, якая прадвяшчае што‑н. Бусел, стораж хаціны, склаў гняздо на страсе тут, нібы даў селяніну ён для шчасця прыкмету. Дубоўка. Павук па промню спускаецца ўніз, верыць хачу я ў старую прыкмету: спускаецца — значыць будзе мне ліст. Барадулін. — Добрая прыкмета! — сказаў стары Банэдык. — Калі дарогу перабег воўк — добра. Чарнышэвіч.

•••

Мець на прыкмеце гл. мець.

На прыкмеце (быць) у каго — аб тым, хто (што) з’яўляецца прадметам чыёй‑н. увагі, цікавасці і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смуга́, ‑і, ДМ смузе, ж.

1. Лёгкая, падобная на дым атмасферная пялёнка, дымка, туман. Агорнутыя сіняватаю смугою, журботна пазіралі далечы і ніклі ў святле жнівеньскага сонца. Колас. Неба тым часам усё хмурнела. Смуга зрабілася хмарай і схавала сонца. Чарнышэвіч. Ранішняя смуга памалу рассейваецца. С. Александровіч. Дарогі знікалі недзе за Мінскам у летняй смузе, недзе вельмі далёка. Мележ. // Непразрыстае воблака, пялёнка з пылу, дыму, снегу і пад. Залацістая пыльная смуга шугала ад саламатрэса. Паслядовіч. // Покрыва чаго‑н., сляды ад чаго‑н. Напярэдадні прайшоў спорны веснавы дождж, першы ў гэтым годзе. Ён абмыў з зямлі ўсю смугу, што засталася ад зімы. Шахавец. На кожнай яблыні, на ліпе Смуга пажоўклая вісела. Бялевіч. Пасля на вуголлі пачала ўвачавідкі расці тоненькая смуга попелу. Быкаў.

2. перан. Тое, што перашкаджае ясна бачыць, затуманьвае. Вочы.. [Марынкі] ахутваліся смугой, калі яна задумвалася і глядзела перад сабой. Хадкевіч. // Тое, што перашкаджае разумець што‑н. І страх у панскіх мыслях блудзіць, Смуга ў свядомасць забрыла. Колас. // Выраз, праяўленне на твары якога‑н. настрою. Смуга на твары, нібы скруха... Кусянкоў.

3. перан. У некаторых выразах выкарыстоўваецца для абазначэння няяснасці, няпэўнасці. У смузе гадоў. Скрозь смугу стагоддзяў. // Загадкавасць, тайна. Толькі час над сном маленства ўявіўся, Разагнаў рамантыкі смугу. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спод, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Ніз, ніжняя частка чаго‑н. У сподзе кожнага аркуша стаіць лічба 3, а тады — «Якуб Колас. Дрыгва». Брыль.

2. Бок прадмета, процілеглы яго верху. Спод тоўстага кругляка, нібы ступа, быў заліты воскам. Паўлаў.

3. Дно чаго‑н. Але не абышлося без няшчасця, у чоўне Тайдо прапароўся спод аб востры камень, а лішняй кары не было, каб залатаць. Маўр. Стаіць адным бокам, з паднятым на паветра другім бокам і з пагнутым і парваным сподам нямецкі танк. Чорны. Свіст неўпрыцям паклаў на спод кацялка вынутае з торбы Пшанічнага сала. Быкаў. // перан. Глыб, нутро. [Тодару] здавалася, што ён забыўся пра .. [Доню]. Не, сподам душы і думкі адчуваў яе ціхую прысутнасць усе тыя студэнцкія гады. Вышынскі. І ажылі, замітусіліся думкі, што ад раніцы ляжалі пакутліва-цяжкім клубком недзе на сподзе душы. Сачанка.

4. Адваротны бок (тканіны, аркуша і пад.). І ложкі былі, і на ложках не рыззё, не коўдры дамашнія, а пярыны з чырвоным сподам. Мележ. Набягае ветрык — і лісце трапеча, звініць, паблісквае матава-с[е]рабрыстым сподам. Ракітны.

•••

Пад спод; пад сподам — пад ніз, пад нізам. Старыя, жоўтыя [грыбы] кладзём пад спод, а белыя, ядраныя .. наверх. Сачанка. Там .. чарназём з глеем пад сподам, і калі быў мокры год — усё вымакала. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)