варо́чаць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да вярнуць ​1.

варо́чаць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Перамяшчаць, пераварочваць з боку на бок што‑н. цяжкае. Варочаць бярвенні, мяшкі. □ На дварэ яшчэ грымела, нібы там хто варочаў каменне. Ваданосаў. Цэлую ноч Васілю снілася, што ён арэ: варочае і варочае велізарныя глыбы. Кулакоўскі. // перан.; што і без дап. Выконваць цяжкую работу. [Мазавецкі:] — Ты адно націскай на.. [Гушку], і ён табе, як вол, будзе работу варочаць. Чорны. // што. Паварочваць другім бокам, варушыць. Варочаць сена. □ Хто пёк сала, хто варочаў у прыску бульбу, а хто лежачы, напяваў сам сабе песню... Нікановіч.

2. што. Валіць на бок, перакульваць. А паны варочаюць кублы, куфры ў хаце, растрасаюць усё. Нікановіч.

3. што, чым. Круціць вакол восі. Гукаў цягнік, здаволены адпраўкай, варочаў каламі хутчэй штораз. Гілевіч. // Круціць, паварочваць у розныя бакі. [Захар Зынга] падбег да варот, выхваціў з рук чалавека пісьмо, доўга варочаў яго ў руках. Чорны.

4. перан.; чым. Разм. Распараджацца; кіраваць. Варочаць мільёнамі. Варочаць справамі.

•••

Варочаць мазгамі — абдумваць, разважаць.

Горы варочаць — выконваць работу, якая патрабуе вялікіх намаганняў.

Ледзь варочаць языком — з вялікай цяжкасцю, вельмі павольна гаварыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заграба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Захопліваючы, грабучы, збіраць у адно месца, у кучу; зграбаць. Заграбаць сена. □ Ячны .. заграбае рукамі ў кужэльны беленькі фартух залатыя зярняты. Брыль. // (звычайна са словамі «нага», «ногі»). Чапляць, ссоўваць зямлю пры хадзьбе. Заграбаць нагамі. □ Акаваныя жалезам боты пакінулі след... Можа Змітрок Шэмет? Не. У Змітрака адна падкова трэснула, да таго ж, ён заграбае абцасам зямлю, не пакідаючы яснага следу. Бажко. // перан. Разм. З прагнасцю захопліваць, прысвойваць; многа атрымліваць, зарабляць. — Паны заўсёды заграбалі лепшыя землі сабе, заўсёды адціскалі нашага брата бліжэй да балота і пяскоў. Брыль.

2. што. Закопваць у што‑н. сыпкае. Пакуль Андрэй заграбаў у снег Зялёнкавы транты, у галаве яго зусім праяснілася. Чарнышэвіч.

3. Грэбці вёсламі, рукамі і пад. Міканор Іванавіч рытмічна апускаў вёслы, адкідваўся назад і моцна, напружваючы сілы, заграбаў. Даніленка. Нейкі момант Казік яшчэ спрабаваў утрымацца ў паветры. Дрыгаў нагамі, сутаргава заграбаў рукамі. Шыловіч.

4. Незак. да загрэбці (у 2 знач.).

•••

Хоць граблямі (лапатай) заграбай — пра вялікую колькасць чаго‑н.

Чужымі рукамі жар заграбаць — карыстацца вынікамі чужой працы ў сваіх карыслівых мэтах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Хапаць, раніць зубамі. Сабака дужа злосны, усіх кусае. // Сціскаць, шчыпаць дзюбай (пра птушак). Гусак кусае. // Раніць джалам, хабатком (пра насякомых). Пчолы кусаюць. Мурашкі кусаюць. // Захопліваць, сціскаць зубамі, пакусваць (пры хваляванні і пад.). Алёша бліснуў позіркам у бок Раі, але яна не ўзнімала вачэй ад падручніка і кусала рог хусткі. Шамякін. Марцін сядзеў на драбінках калёс, звесіўшы ногі, і нецярпліва кусаў пахучую завялую травінку, выцягнутую з сена. Мележ. // перан. Крыўдзіць, дапякаць чым‑н. І свой жа брат цябе кусае, Бо кожны выслужыцца хоча. Колас.

2. Захопліваць зубамі, аддзяляць, адкусваць невялікімі кускамі ад чаго‑н. Лукаш апетытна еў з чыгуна бульбяную кашу, кусаў хлеб і запіваў з вялікага белага кубка малаком. Ермаловіч. // Разм. Есці. [Скіба:] Ад учарашняга абеду не кусаў нічога. Крапіва. // Разгрызаць, раскусваць што‑н. цвёрдае. Кусаць арэхі. // Адразаць кавалачкамі. Кусаць дрот.

3. Разм. Моцна раздражняць скуру, пячы (пра крапіву і некаторыя іншыя расліны, а таксама пра вецер, мароз і пад.). У школу ідзе Майка, а мароз такі кусачы, кусае і падганяе. Лынькоў.

•••

Кусаць (сабе) локці — шкадаваць аб чым‑н. упушчаным, непапраўным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

злажы́ць, злажу, зложыш, зложыць; зак., каго-што.

1. Палажыць многія прадметы разам у адно месца; палажыць у пэўным парадку, прыдаўшы пэўную форму, від. Злажыць дровы. Злажыць бярвенне штабялямі. Злажыць сена ў стог. // Сабраўшы, змясціць у што‑н. Злажыць рэчы ў скрыню. // Разм. Падрыхтаваць рэчы ў дарогу, паклаўшы ў што‑н. Злажыць чамадан. Злажыць партфель.

2. Перагнуўшы, скруціўшы, надаць новую форму, паменшыць у аб’ёме. Злажыць газету. □ Садраў [дзед] з воўка скуру, вымыў у снезе рукі,.. злажыў скуру, закінуў яе на плячо. Колас.

3. Пабудаваць, зрабіць шляхам кладкі, рубкі ​1. Злажыць печ. Злажыць зруб.

4. Скласці, стварыць (песню, верш і пад.). Шмат злажылі казак, І легенд, і песень Людзі пра балота, Пра сваё Палессе. Купала.

5. Паваліць, палажыць (пра ўсё, многае). Вялізныя жывыя дрэвы ляжалі на зямлі, мясцінамі па некалькі, адно на адным. Шалёны віхор злажыў іх. Сташэўскі.

6. перан. Перакласці віну на каго‑н. — Даўно ж ужо не было.. [кражы] ў Мядзведзічах. Аж з таго часу, як у Марціна Крываношкі пару коней вывелі, ды на пасэсара злажылі. Крапіва.

•••

Злажыць (скласці) галаву (косці) — загінуць у баі, памерці.

Злажыць рукі — перастаць дзейнічаць, працаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Скінуць што‑н. з чаго‑н. у некалькі прыёмаў. Скідаць дровы з воза.

2. Кідаючы, сабраць што‑н. у адно месца. Скідаць каменне ў кучу. □ Зрэзалі .. [сасну] з пня, ацерабілі. Не прыбралі ні верху, ні сукоў — не скідалі ў кучу. А летам тады — пажар... Пташнікаў. [Міхась] узяў рукзак, скідаў туды свае пажыткі, падхапіў на плечы і падаўся ў хмызняк. Ваданосаў.

3. Кідаючы ў адно месца (сена, салому), скласці стог. На Доўгім грудзе расце добрая дзяцеліна, дзікі гарошак. Калі лясгас дазволіць, яны, хлопцы, скосяць гэтую траву і скідаюць там стажок. Паслядовіч.

4. Разм. Зрабіць сяк-так якую‑н. будыніну. Папрацаваўшы гэтак усё лета, Ільюк пад зіму скідаў сабе хатку. Лобан. Асталася .. [Грасыльда] адна. Хату ёй скідалі сяк-так талакой. Пташнікаў. [Анішчук:] Трэба гумно якое скідаць, а то жыта няма дзе складаць... Гурскі.

5. Разм. Сшыць што‑н. на скорую руку. Я таксама маю світку. Маці скідала мне яе з бацькавай старой, і выйшла яна, як новая. Баранавых.

скіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да скінуць.

•••

(Аж) з ног скідае (валіць) — пра вецер, буру і пад., што не даюць магчымасці ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ца́ца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тое, чым можна забавіць дзіця; цацка. — Ты глянь, Валерык: бачыш — цаца! А вось сувойчык палатна. Колас.

2. У мове дзяцей — што‑н. вельмі харошае, прыемнае.

3. Пра паслухмянае, выхаванае дзіця. [Настаўніца:] — Вы не злуйце на Ліпку, яна была ў нас. Сёння Ліпка — вялікая цаца! Брыль. // звычайна іран. Пра чалавека наогул. Клопату [Надзі] хапала. Работа, дзіця далося ў знакі, ды і ён, Пракопавіч, не цаца быў. Радкевіч.

4. Пра таго, хто важнічае, мае вялікія прэтэнзіі. Маці ўжо цяпер меціцца хоць на якога-небудзь прымака, бо замуж да сябе такую цацу наўрад ці хто возьме. Кулакоўскі. — Цаца не вялікая. Возьмеш посцілку, падушку і палезеш на гарышча. Там сена мяккае. Сіўцоў. Што яна [Каця] ў разведцы разумее? Што яна за цаца такая, каб я перад ёю падымаў рукі ўгору? Сяркоў.

•••

Добрая цаца — пра ненадзейнага, нядобрага, хітрага чалавека. — Ну, па ім [Андрэю Каржакевічу] то плакаць вельмі няма чаго. Гэты набудзе. Сам з чортавых зубоў можа вырваць, добрая цаца, — сказаў Рыгор Варанец. Крапіва.

Цаца-цаца, ды ў кішэнь — пра таго, хто не праміне ўзяць чужое, прысвоіць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны блізка адзін каля другога. На полі бабкі частыя Пасталі ў чараду. Астрэйка. Так што бацькавіцкім закаханым ёсць куды пайсці летнім вечарам, калі на небе высыплюць частыя зоркі, а хітраваты круглы месяц пачне ўсміхацца са сваёй вышыні. Навуменка. // Які ідзе, адбываецца, паўтараецца праз кароткія прамежкі часу. Суха хлопнулі частыя стрэлы. Лынькоў. Частыя, хоць і невялікія дажджы заміналі сушыць сена. Чарнышэвіч. // Які бывае дзе‑н., наведвае каго‑н. праз невялікія прамежкі часу. Часты наведвальнік. □ [Гаспадыня:] — Давайце вып’ем за вашу сустрэчу. Каб не апошняя яна была, каб Пеця быў частым госцем га гэтым сталом... Шамякін.

2. Які складаецца з блізка размешчаных адзін каля аднаго аднародных прадметаў, частак, часцінак; густы. Часты грэбень. Часты дождж. □ Лес тут стаяў часты і высокі. Лобан. // Шчыльна сплецены, сатканы. Частае рэшата. □ Столькі звязалі рукі мае перавяслаў, Столькі звязалі мярэжаў частых, Столькі звязалі вянкоў для зрубаў... Кляўко.

3. Які складаецца з хуткіх рухаў, гукаў і пад., якія ідуць адзін за адным. У кароткіх паўзах чулася частае дыханне дыктара. Беразняк. Белым полем, крокам частым, Хто насустрач мне бяжыць? Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свали́ть сов.

1. в разн. знач. звалі́ць, мног. пазва́льваць; (дерево — ещё) спусці́ць, мног. паспуска́ць; (в одно место, с повозки и т. п. — ещё) звярну́ць; (вину на кого-л. — ещё) звярну́ць;

свали́ть де́рево звалі́ць (спусці́ць) дрэ́ва;

ве́тер свали́л с ног ве́цер звалі́ў з ног;

свали́ть дрова́ в ку́чу звалі́ць (пазва́льваць, звярну́ць) дро́вы ў ку́чу;

свали́ть се́но с пово́зки звалі́ць (звярну́ць) се́на з во́за;

боле́знь его́ свали́ла хваро́ба яго́ звалі́ла;

свали́ть вину́ на друго́го звалі́ць (звярну́ць) віну́ на друго́га;

2. (уменьшиться, ослабеть) разг. спа́сці;

жар к ве́черу свали́л гарачыня́ пад ве́чар спа́ла;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Па́ра1 ’газ, які ўтвараецца пры выпарванні вады, нагрэтай да высокай тэмпературы; газападобны стан вады’; пар ’паравое поле’, па́рнасць, па́рына, па́раніна, парно́та, парні́к, па́ранка, паро́нка. Агульнаславянскае: рус. пар, укр. па́ра ’паравое поле, выпарэнне’, царк.-слав. пара ’выпарэнне’, польск. par, para, чэш. pára, славац. para, серб.-харв. па̏ра, славен. pȃra, балг. па́ра. Звязана чаргаваннем з прэць, прэю (гл.) (Траўтман, 231; Младэнаў, 411; Праабражэнскі, 2, 20; Фасмер, 3, 203). Параўн. па́рыць.

Па́ра2 ’два аднолькавыя сіметрычныя прадметы, якія складаюць адно цэлае; дзве асобы, мужчына і жанчына, дзве жывёліны, самец і самка; два прадметы, дзве штукі чаго-небудзь’. Рус., укр. па́ра. Праз польск. para з сяр.-в.-ням. pâr ’пара’ ад лац. pār ’роўны, пара’ (Брукнер, 395; Праабражэнскі, 2, 16; Фасмер, 3, 203). Ст.-бел. пара XVI ст. таго ж паходжання (Булыка, Лекс. запазыч., 154).

Пара́ ’час, перыяд; адпаведны час’. Рус., укр. пора́ ’час, пара, узрост’, польск. pora ’выпадак, пара’, балг. по́ра ’узрост’. Пэўнай этымалогіі няма. Лічаць роднасным ‑пор (гл. напор, упор), якое звязана з пярэць, пру, і набліжаюць да грэч. πορεῖν, аорыст ἔπορον, эпір. πόρον ’даць, прадставіць’, ’вызначыць’ (Младэнаў, 489; Праабражэнскі, 2, 166; Мацэнаўэр, LF, 13, 180 і наст.; Фасмер, 3, 328). Міклашыч (240) указвае яшчэ на рус. дыял. пора́ ’падпорка для стога сена’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́плаў1 ’заліўны луг у пойме ракі’ (ТСБМ, Некр., Гарб., Нікан., Шат., Сл. ПЗБ; петрык., Мат. Гом.; ТС, Сл. Брэс.), поплыў ’тс’ (Бяльк.), ’незабалочаная сухадольная сенажаць’ (Янк. 2; лун., Сл. Брэс.), ’луг каля вёскі’ (Бір. Дзярж.; Сл. ПЗБ; драг., Сл. Брэс.), ’месца на рацэ, возеры, якое зарасло трысцём’ (Інстр. 1: слуц., КЭС), ’сенажаць на высокім месцы’ (лун., Шатал.), ’пясчанае месца каля ракі’ (Сл. ПЗБ), по́плава, по́плаво ’тс’ (Скарбы), поплава́ ’выган’ (в.-дзв., лід., Сл. ПЗБ) по́плавына ’тс’ (бяроз., Сл. ПЗБ), ’смецце, нанесенае паводкай’ (Ян., ТС), укр. по́плав ’заліўны луг’, рус. бранск. по́плав ’заліўны луг, выган’, польск. popław ’заліўны луг’, ’сена з такіх лугоў’. Вытворнае ад прасл. *pluti/*plavati ў першасным значэнні ’ліць, цячы’, ’заліваць вадой’, параўн. славен. popláva ’паводка’, poplaviti ’заліць’; азначае як месца, якое заліла вада, так і месца, ад якога вада адступіла з агульным значэннем ’пасля паводкі’. Гл. плаваць.

По́плаў2 ’расліна маннік, Glyceria R. Br.’, паплаво́к, мн. л. плаўкі́ (ТС). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по-, гл. плаваць і плаў як агульная назва для расліннага покрыва на вадаёмах (Расл. св.).

По́плаў3 ’сетка для падлёднай лоўлі рыбы’ (ТС). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- ад плавіць ’сплаўляць па плыні ракі’, перанос семантыкі на прыстасаванне, што дзейнічае, выкарыстоўваючы ток вады, параўн. рус. плавная сеть ’самаплаўная сетка’, польск. popław ’плынь, ток вады’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)