зрэ́заць, зрэжу, зрэжаш, зрэжа; зак., каго-што.

1. Аддзяліць якім‑н. рэжучым інструментам. Зрэзаць кветкі з клумбы. Зрэзаць мазоль. □ Шура зрэзаў дзве арэшыны, аздабляе палкі ўзорамі. Навуменка. // Спілаваць. Зрэзаць сасну. // Збіць, сарваць, аддзяліць (ударам, стрэлам, выбухам і пад.). Адна міна, выбухнуўшы паблізу акопчыка, як касой, зрэзала палову алешыны. Мележ. Ноччу раптам сарваліся з прычала плыты, як брытвай, зрэзалі адзіны праз раку пантонны мост. Асіпенка. // Зняць няроўнасць або частку якой‑н. паверхні, зрабіць выемку ці скос на чым‑н. У гэтых курганах мы і зрабілі цір, ці, як называе яго Сяргей, палігон. Зрэзалі рыдлёўкамі схіл аднаго кургана, паставілі дошкі, абгарадзілі пляцоўку чырвонымі сцяжкамі. Жычка. // перан. Разм. Скараціць ці паменшыць памеры чаго‑н. Зрэзаць ліміты. □ На лаўках у куце лаяліся, відаць, рабочыя леспрамгасцы ў замасленых.. і старых фуфайках, — некаму недзе зрэзалі прагрэсіўку. Пташнікаў.

2. Пакрыць паглыбленнямі, палоскамі; спаласаваць. Канавы зрэзалі ўсё поле. □ Там, дзе гай бярозавы З песняй салаўінаю, Хтосьці ўсю дарожаньку Зрэзаў каляінамі. Дзеружынскі.

3. Парэзаць усё, многае для якой‑н. мэты. Зрэзаць салому на корм жывёле.

4. перан. Забіць стрэлам. — Падпусціў я іх як мага бліжэй, — лясь! — і няма аднаго. Другі назад кінуўся, але не дабег да траншэі, яго сержант Леўкін зрэзаў. Корбан.

5. Моцна збіць, адсцябаць. — То глядзі ж, — паўтарыў .. [бацька] яшчэ раз, — каб ні гуку, бо зрэжу да смерці... Дайліда.

6. Разм. Паставіць нездавальняючую адзнаку. Юзіку таксама хацеў [бацька] даць.. прафесію, але таго «зрэзалі» на выпускных экзаменах. Пальчэўскі.

7. Падаць мяч рэзаным ударам. Зрэзаць падачу.

•••

Зрэзаць круг (паваротку) — пайсці напрасткі, каб скараціць шлях. Чалавек другі раз ідзе па той самай дарозе. Ён зрэжа павароткі, дзе што пераступіць, а дзе што абыдзе. Ермаловіч.

Зрэзаць на горкі яблык — тое, што і збіць на горкі яблык (гл. збіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

к 1, нескл., н.

1. Дванаццатая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «ка».

2. Глухі, заднеязычны, выбухны зычны гук.

к 2, прыназ. з Д.

Спалучэнне з прыназоўнікам «к» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні кірунку руху або дзеяння ў бок якога‑н. прадмета або асобы, якія ўсведамляюцца як прасторавая мяжа ці мэта; тое, што і да (у 1 знач.). Ісці к сыну. Зваць к сабе. Хіліцца к захаду. □ З ведама Букрэя ладзіцца дзед Талаш у свой паход к Доўгаму Броду. Колас. Сялом вясковы гарманіст Ідзе к дзяўчатам на вячоркі. Хадыка.

Часавыя адносіны

2. Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці дзеяння да пэўнай часавай мяжы. Зжаць жыта к нядзелі. □ Схіляецца дзень к надвячорку. Колас. Збіралася к начы на дождж. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

3. Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці да таго, што з’яўляецца матывам, стымулам гэтага дзеяння; тое, што і да (у 9 знач.). Клікаў ён народ свой к волі. Колас.

4. Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці стану, уласцівасці або дзеяння да чаго‑н., сувязі ўласцівасці або прыметы з чым‑н.; тое, што і да (у 11 знач.). Мы — беларусы з братняю Руссю разам шукалі к шчасцю дарог. Клімковіч. Шырай жа к праўдзе дарогу! Крапіва. Ахвота бліжэй к дому быць. Грахоўскі. // Ужываецца ва ўстойлівых спалучэннях (зняважлівых выразах, лаянкавых словах). Усё роўна пойдзеш к чортавай матары, басяк! Колас.

5. Ужываецца пры абазначэнні далучэння да чаго‑н.; тое, што і да (у 7 знач.). Каласок к каласку ў снапы Клапатліва збірае рука. Астрэйка.

Мэтавыя адносіны

6. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння або прызначэння прадмета. Пячэнне к чаю. □ Як песня птушкі раніцою К жыццю ўздымае поле, гай, — Вось так і ты, паэт, спявай, Каб вечна песня маладою Жыла ў народзе. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.

1. Нацягнуць, напяць тужэй. Падцягнуць пасак. Падцягнуць атосы. □ Варанецкі падцягнуў папругі свайму жарабку, ускочыў на сядло, і яны панесліся напрамкі цераз поле да свінафермы. Дуброўскі. Доктар усхапіўся, хуценька надзеў фуражку, падцягнуў гальштук. Сіпакоў. // Разм. Закруціць тужэй, падшрубаваць. Падцягнуць гайку. // Нацягваючы, падняць вышэй. [Костусь] падцягнуў вышэй халявы паляўні[чы]х сваіх ботаў,.. саскочыў з весніц. Чорны. [Зарубін] усё-такі падаслаў газету, акуратна падцягнуў штаны на каленях і толькі пасля гэтага сеў. Мехаў.

2. Цягнучы, наблізіць да каго‑, чаго‑н. Манг выбраў доўгую галіну, зачапіў човен, падцягнуў да берага. Маўр. Хутка ўжо драбіны былі закладзены даверху, аставалася ўскінуць некалькі бярвенняў, якія мы падцягнулі да воза. Дамашэвіч. Круцізна берага і густы чарот перашкаджалі падцягнуць рыбіну бліжэй. Ляўданскі.

3. Сабраць, сканцэнтраваць дзе‑н., перамясціць бліжэй да каго‑, чаго‑н. (вайсковыя сілы, часці). Першымі пачалі.. [вайну] белапалякі.. Падцягнулі .. войска, падвезлі гарматы, бронемашыны, зброю. Колас. Абарона была прарвана, і мы апынуліся ў Карпатах. Аднак і немцы не зявалі. Яны падцягнулі новыя сілы і злучылі лінію фронту. Няхай.

4. перан. Разм. Прымусіць лепш выконваць работу, свае абавязкі, падняць дысцыпліну. Каб мець час падцягнуць дачок па музыцы, Сасноўскія ў гэтым годзе раней, чым звычайна, прыехалі з дачы. Карпаў.

5. і без дап. Далучыцца да таго, хто спявае, падпяваючы яму. Нечакана за алешнікам, каля ракі, у вышыню ўзляцела вясёлая песня. Зазвінелі маладыя жаночыя галасы.. Ім падцягнулі мужчынскія басы. Шамякін.

6. безас. Разм. Уцягнуць унутр (жывот, бакі і інш.). — Які ты худы, косці адны. — Гаварыла [жонка] шэптам. — Адны косці. І жывата зусім няма, бач, падцягнула як. Галавач. Губы і шчокі.. [жонцы] падцягнула, у старасці ўжо гаварыць не магла, толькі шамкала. Кулакоўскі.

•••

Жывот падцягнула (падвяло) — хочацца есці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Накіроўваў позірк куды‑н., на каго‑, што‑н.; глядзець. Студэнт курыў папяроску і задумёна пазіраў на шызы дымок. Бядуля. Людзі наўкола смяюцца, а.. [Паўлюк] усё моўчкі стаіць ды сур’ёзна гэтак пазірае. Быкаў. // Выглядваць з-за чаго‑н., адкуль‑н. Міхалка стаяў ужо ў цёмным вялікім пакоі і пазіраў з-за шалёўкі ў акно. Чорны // Разм. Наглядаць за кім‑, чым‑н. — Ты пазірай, камандзір, а што якое — свісні, — адказалі хлопцы. Грахоўскі.

2. Час ад часу глядзець на каго‑, што‑н., куды‑н. Хлопцы штохвілінна пазіралі на гадзіннікі і адзін на аднаго, недаўменна паціскалі плячыма. Новікаў.

3. Адносіцца нейкім чынам да каго‑, чаго‑н. Косця снедаў, а пані Ванда стаяла збоку і са спагадаю на яго пазірала. Арабей. Стары певень пазіраў з пагардай на вераб’іную мітусню. Лынькоў.

4. перан. Быць скіраваным на каго‑, што‑н., у які‑н. бок. Пазірае ў клуб лагодна Месяц праз акно. Журба. Хата стаіць у лесе, вокнамі пазірае на поле. Дамашэвіч.

5. перан. Разм. Мець нейкі выгляд; выглядаць. Стары човен, як карыта, Пазірае горка. Купала. Заўсёды смутныя, бы ўдовы, Яны [елкі] найбольш адны стаялі, І так маркотна пазіралі Іх задуменныя галовы! Колас.

•••

Воўкам пазіраць — тое, што і воўкам глядзець (гл. глядзець).

Зверху ўніз пазіраць на каго — тое, што і зверху ўніз глядзець на каго (гл. глядзець).

Не ў той бок пазіраць — тое, што і не ў той бок глядзець (гл. глядзець).

Пазіраць зверам — тое, што і глядзець зверам (гл. глядзець).

Пазіраць коса (скоса) — тое, што і глядзець коса (скоса) (гл. глядзець).

Пазіраць у кусты — тое, што і глядзець у кусты (гл. глядзець).

Пазіраць у лес — тое, што і глядзець у лес (гл. глядзець).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́сці, паду, падзеш, падзе; падзём, падзяце, падуць; пр. паў, пала; зак.

1. Упасці. Пасці на калені. □ І слязінка адна з воч матулі старой пала ў гэта вядзерка з крынічнай вадой. Дубоўка. Заслона важка пала на падлогу. Гартны.

2. Легчы, распаўсюдзіцца (пра цемень, змрок і пад.). На лес, на шлях, На поле пала ноч. Астрэйка.

3. перан. Прыйсціся, трапіць (пра выбар, падазрэнне і пад.). Падазронасць ксяндза пала на сына арганіста, касцельнага вартаўніка і сваіх парабкаў. Машара. Але калі справа павернецца ўсур’ёз? Падзе цень і на яго, Ваўчка. Хадкевіч.

4. Перастаць існаваць, быць знішчаным, звергнутым. Стары лад паў. □ Мы ўпэўнены, Што недалёка той час, Калі ўсе падуць перашкоды І прыйдуць на свята Камуны да нас З’яднаныя дружбай народы. Танк.

5. Быць пераможаным, здацца, скарыцца (пра горад, крэпасць і пад.). Пала варожая крэпасць. □ Ды толькі не здаўся народ Беларусі, Не стаў на калені, не паў, не сагнуўся. Броўка.

6. Загінуць на полі бітвы. Гавораць людзі: — Паў ён за айчыну У бітве смерцю смелых, Як герой. Зарыцкі.

7. Здохнуць (пра жывёлу). — Бяда... Ратуйце!.. — шаптаў, стукаючы зубамі ад хвалявання, пастух Іван Багатоўскі. — Пала адна карова. Місько.

8. Маральна апусціцца, стаць нікчэмным. [Маёр:] Я не паду так нізка, каб гэтыя бачылі, што робіцца ў маёй душы. Кучар.

9. Нар.-паэт. Апусціцца на ваду (пра гусей, лебедзяў). Ой, ляцелі гусі дый з-пад Беларусі, Селі яны, палі на сівым Дунаю! Селі яны, палі, ваду замуцілі. З нар. Селі гусанькі — Гусі-лебедзі, Палі шэрыя на ваду. Трус.

•••

Ні села ні пала — нечакана, без прычыны. — Набылі б яшчэ тыдзень які. А то ні села ні пала, узняліся, як тыя птушкі з перапуду, і толькі іх бачыў. Пальчэўскі.

Пасці духам — замаркоціцца, занудзіцца, страціць надзею.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спля́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. што. Вынішчыць, высечы, ссячы (лес, галлё і пад.). — Шмат чаго, сынок, няма ўжо ў лесе. Дзялянка на дзялянцы. Увесь лес спляжылі. Сачанка. Петрык спляжыў усе бярозы, што раслі на мяжы яго агарода, папілаваўшы іх на дровы. Навуменка. Еўдакія тым часам паспела ўжо спляжыць усё сухое галлё з таполі, знасіць яго ў дрывотню. Кулакоўскі. // Разбурыць, зруйнаваць. — Мінск у руінах, — з выглядам знаўца адказаў сальнік .. — Ушчэнт спляжылі. «Беларусь». // Сапсаваць што‑н. [Мужчына:] — Кажуць, абганяў, а потым затармазіў. От і занесла кузаў. Увесь бок «Масквічу» спляжыў. Карпаў. [Бацька:] — Лайдак пракляты, гультаіна. Такую касу спляжыў. Быкаў.

2. што. Стаптаць, вытаптаць, вынішчыць. Ячмень такі добры ўрадзіўся, аж на табе — спляжылі, здратавалі палавіну кавалка. Баранавых. — Машыны вунь клінок жыта спляжылі, — кіўнуў галавою Мікалай Міхайлавіч. — Дарога ёсць, а яны на поле лезуць. Мыслівец.

3. каго і без дап. Збіць, пабіць; ударыць. Аднаго разу гэтак спляжылі хлопца, што ён ужо не мог сваімі нагамі прыйсці ў камеру. Сабаленка. [Гулік:] — Не таіся, Мычыпар, я ўсё ведаю. Ганка табе спляжыла па мордзе, і ты пайшоў дадому. Навуменка. // Забіць (звычайна звера, птушку). [Дзед:] — Тут летась я столькі цецерукоў спляжыў! Гамолка. Заекатала Дамка, і я паспяшыў у той бок: можа і праўда пашанцуе спляжыць шарака? Даніленка. // перан.; што. Ацаніць адмоўна, раскрытыкаваць. Раман «Зямны хлеб», аказваецца, напісаны на гістарычную тэму, і крытык проста спляжыў яго. Васілёнак.

4. каго. Зваліць, апанаваць каго‑н. (пра хваробу). Інфаркт раптоўна бацьку спляжыў. Валасевіч. Гэта .. [Дзяніс] награшыў некалі, сям’ю пакінуў, дык от цяпер і хвароба спляжыла яго, і сын не хоча ведаць бацьку. Гроднеў.

5. што. Выкасіць, убраць сена. Сенажаць, сенажаць — Вось было б дзе корму! Калі спляжыць, прыбраць — Знаў бы статак норму. Гілевіч.

6. што. Забрудзіць, затаптаць. Усю падлогу спляжылі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́та, ‑ы, ДМ хаце, ж.

1. Жылая сялянская пабудова, зрубленая з бярвення. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі. — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі. Купала. Прасторная хата-пяцісценка, хляўчук, пуня. Верхавінне гонкіх сосен гойдаецца над гонтавым дахам. Хадкевіч.

2. Унутраная частка такой жыллёвай пабудовы; жылое памяшканне. На гэты дзень і сама хата Была прыбрана зухавата: Памыты лавы, стол, падлога. Колас. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. У печы патрэсквалі і стралялі на хату чырвонымі вугельчыкамі дровы. Адамчык. // Падлога (з дошак або глінабітная). А месяцы праз два так хата зарасла, Што і зайсці ў яе агідна стала. Корбан. Не хітруе і лісіца, Ёй таксама не ляжыцца: Як мятлой, хвастом пушыстым Падмятае хату чыста. Муравейка. Дзе багата гаспадыняў, там хата не мецена. Прыказка. // Птушынае гняздо. Ластаўка ўецца віхураю — Над хатаю новай клапоча. Чарот. Натрудзіць дзяцел сваю дзюбу, збудуе сабе хату, і не паспеў яшчэ ў ёй асталявацца, як, глядзіш, ужо і кватарант з’явіўся: рыжая белка ці сама.. драпежніца-сава. Якімовіч.

3. Асобны сялянскі двор, гаспадарка; асобная сям’я. Вёска на пяцьдзесят хат. □ Тады, у тую восень, і нарабілі зямлянкі пад Курачовымі Цянямі. Збіраліся хатамі — і рабілі. Пташнікаў.

4. У назвах некаторых сельскіх устаноў. Хата-чытальня. Хата-лабараторыя.

•••

Адбіцца ад хаты — не быць дома, не глядзець гаспадаркі.

Выносіць смецце з хаты гл. выносіць.

Мая хата з краю — мяне гэта не датычыцца; гэта не мая справа.

На ўсю хату — а) вельмі моцна плакаць, гаварыць, крычаць. [Агапа] моцна заплакала на ўсю хату. Мурашка; б) займаць многа месца.

Чужую хату пільнаваць гл. пільнаваць.

Чым хата багата — форма ветлівага запрашэння.

Як у сваёй хаце — тое, што і як дома (гл. дома).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́па ’парог, камяністы выступ на дне ракі’ (Скарбы), ’груды замёрзлай на дарозе гразі’ (Сцяшк. Сл.), рапы (rappy) мн. л. ’рачныя парогі ў гаворцы плытнікаў’ (Кольб.), ра́па, рапа́ ’чырвоная неўрадлівая глеба’ (драг., Нар. лекс.), рапы́на ’жвір’ (кам., ЛА, 2), ра́пісты ’няроўны’ (Сцяшк. Сл.), рапова́тый ’камяністы (пра зямлю)’ (кам., Жыв. НС). Няясна; магчыма тут аб’яднаны, незалежна ад фармальнай і семантычнай блізкасці, розныя па паходжанні лексемы. Параўн. славен. rápa ’складка на скуры, маршчына’, rapína ’няроўнае месца’, rapȋnje ’складчатая зямная паверхня’, н.-луж. ropa ’складка, маршчына’, для якіх Сной (гл. Бязлай, 3, 151) прапануе вывядзенне з прасл. *korpa ’няроўная паверхня’ (параўн. курапа ’рапуха’, гл.), што дапускала варыянтнасць пачатку слова з *xr‑ (гл. хра́па ’замёрзлая гразь на дарозе’, параўн. Астроўскі, ABSl, 29, 152), *vr‑ (гл. варо́паўка ’зялёная жаба’), *gr‑ (параўн. балг. грапа ’няроўнасць; воспіна’), *r‑ (параўн. укр. ра́павий, рапа́тий ’няроўны, нягладкі’). Махэк₂ (698) і Шустар-Шэўц (2, 1236) за зыходнае прымаюць прасл. *vorpa (гл. варапаха ’жаба’). Хутчэй за зыходную трэба прыняць форму з *r‑ з першасным значэннем ’нешта няроўнае, зацвярдзелае’, што можа ўзыходзіць да і.-е. *rap‑/*rep‑/*rop‑ са значэннем ’хватаць’, параўн. рус. схватиться ’застыць, зацвярдзець’, да якіх Варбат (Этимология–1986–1987, 58) адносіць польск. дыял. rapa, rapka ’лапа ў птушак і дробных жывёл з кіпцямі’, rapéc ’лапа, капыт’, гл. таксама ра́піна, рапо́тка. З іншых паралеляў можна прывесці макед. рапа ’паглыбленне з вадой, ямка’, да якога Відоескі (Геогр. терм., 132) далучае тапонімы Ра́паполе ў гарах’, Ра́пата ’камяністы ўзгорак’, а таксама балг. ра́па, серб.-хара ра̏па, рум. rîpa, арум. arîpa ’нізінка ў гарах’ і інш. Няясныя адносіны да польск. rapa, rafa ’падводны камень’ (< ням. Riff, Брукнер, 452) і рус. ро́па́к ’заледзянелыя каменні на беразе мора, ледзяныя таросы’, ро́пас, ро́паса́ ’куча каменняў; таросы; нагрувашчанне льдзін на беразе’ (з саамскай і фінскай моў, гл. Фасмер, 3, 501–502; Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 332–334), а таксама балг. ро́па (“з няясным о”, гл. БЕР, 6, 322), серб.-харв. rȕpa ’яма, вір’, якія Скок (3, 173) параўноўвае з літ. raupýti, ruõpti ’калупаць’ і лічыць кантамінаванымі балтаславянска-ілірафракійскімі формамі.

Рапа́ ’вада з высокай канцэнтрацыяй солей, што выкарыстоўваецца ў лячэбных мэтах’ (ТСБМ), ’салёная вада’ (ПСл), ропа́ ’расол (у мясе); выдзяленні з раны’ (Мат. Гом., Сл. Брэс.), ра́па (Сл. ПЗБ). Гл. ро́па.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сма́га1 ‘моцнае жаданне піць’, ‘недахоп вільгаці, суша, спёка’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Бяльк., Пятк. 2, Шат., Нік. Очерки, Касп., Байк. і Некр., ТС, Сл. ПЗБ), сма́га, сьмя́га ‘тамленне, млосць’, сма́га ‘белы згустак на губах’ (Ласт., Варл.), ‘засмягласць вуснаў пры гарачцы’, ‘іржа на збожжы’ (Арх. Федар.), ‘марыва ад спёкі’, ‘загар’ (Гарэц.), сма́гнуць ‘знемагаць, мучыцца ад смагі, гарачыні’, ‘перасыхаць, сохнуць (пра губы, горла, рот)’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк.; драг., З нар. сл.; пух., Сл. ПЗБ), ‘марнець’ (ганц., Сл. ПЗБ), сма́жыць ‘гатаваць на агні (мяса, рыбу, грыбы і пад.)’, безас. ‘пра сухасць у роце, выкліканую смагай’, ‘апякаць прамянямі, паліць (пра сонца)’ (ТСБМ, Нас., Байк., Шат., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ, ЛА, 4). Укр. сма́га, сма́гнути, сма́жити ‘тс’, рус. зах., паўд. сма́га, сма́гнуть, смя́гнуть, сма́жить ‘тс’, стараж.-рус., ст.-рус., ц.-слав. смага ‘агонь; сухасць; гарачка’, ст.-польск. smaga ‘сухасць у роце’, smażyć ‘сушыць, падпякаць’, в.-луж. smaha ‘загар’, smahnyć, smažíc, н.-луж. smaga ‘апёк; поле пад парам’, smagnuś, smažyś, чэш. старое smaha, smáha ‘пах нечага спаленага’, smahnouti ‘сохнуць, сушыцца’, славац. smažiť ‘сушыць’ харв. дыял. smȁga ‘вялікая прагавітасць’, серб.-харв. сма̀гнути ‘пацямнець, загарэць’, славен. smága ‘смуглая скура’, smágniti ‘тужыць’. Цяжка звесці да адной праформы. Прасл. *smaga выводзяць з *smažiti ‘сушыць на сонцы’ па тыпу *slava*slaviti (гл. Бязлай, 3, 268), параўноўваюць з літ. smogóti ‘сушыць’ (гл. Рэйзак, 584), дзе кароткая ступень вакалізму суадносіцца з *smagnǫti ‘тс’. Вакалізм славянскіх слоў тлумачыцца ўплывам *pražiti ‘пражыць’ і роднасных, аднак поўнасцю прыняць версію перашкаджаюць формы з каранёвым ‑o‑ (гл. смаголь). Махэк₂ (559) набліжае гэтыя словы да ням. schmachten ‘сохнуць, мучыцца смагай або голадам’. Гл. Фасмер, 3, 663 з іншай літ-рай, Шустар-Шэўц, 1317. Міклашыч (311) і Праабражэнскі (2, 333) адносяць сюды ж смуглы (гл.) з іншай ступенню чаргавання. Паводле Куркінай (Этимология–1985, 11), для праславянскага стану характэрна этымалагічнае гняздо з чаргаваннем асноў *smeg‑/*smog‑/*smaga. Гл. яшчэ смяга.

Сма́га2, смага́ ‘налёт пылу, копаці’ (смарг., чэрв., Сл. ПЗБ). Семантычная кантамінацыя смага і смуга (гл.).

Сма́га3 ‘гора, бяда’, сма́гнуць ‘гараваць, бедаваць’ (слуц., Моўныя адзінкі і кантэкст, Мн., 1992, 268), сма́га ‘гора, бяда, няшчасце’ (Сл. рэг. лекс.). Параўн. укр. дыял. смага́ ‘бяда’. Няясна; магчыма, працяг семантычнага развіцця смага1 (гл.), сма́гнуць. Параўн. ЕСУМ, 5, 315.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гнаць, ганю́, го́ніш, го́ніць; пр. гнаў, ‑ла; незак., каго-што.

1. Прымушаць рухацца ў якім‑н. напрамку. Гнаць статак у поле. □ Асенні вецер гнаў па небе разарваныя хмары, ён ачышчаў ад іх неба. Чорны. // Забіваць, уганяць у што‑н. Гнаць цвік у сцяну. // Разм. Прымусова пасылаць, адпраўляць куды‑н. Гвалтам цар гнаў людзей па бітву з невядомым ворагам. Бядуля. // Праганяць, выганяць. Гнаць ворагаў з роднай зямлі. // Разм. Накіроўваць рух чаго‑н., весці кіруючы. Гнаць плыты па рацэ. // безас. Разм. Хутка ісці куды‑н. Куды цябе гоніць?

2. Прымушаць хутка рухацца, наганяць. Мы ехалі нейкай незнаёмай дарогай, спыняліся ў лесе і зноў гналі коней. Асіпенка. // Весці (аўтамабіль, поезд і пад.) на вялікай скорасці. А цягнік усё ішоў... І трывожны сігнал, І масты, і засады мінуў ён даўно. За вярстою вярсту Камісар яго гнаў. Глебка. // перан. Рабіць што‑н. хутка і многа, прымушаючы да гэтага сябе ці каго‑н. [Марыля], як рабіла на полі, дык больш за ўсіх работу гнала. Чорны.

3. і без дап. Праследаваць, ісці па слядах звера. Гнаць зайца. Сабака добра гоніць. // перан. Уст. Прыгнятаць, праследаваць, мучыць. Хоць нядоля мяне гнала, Усё ж мне сілы не зламала. Колас.

4. безас. Вельмі хутка расці. Сасну гоніць уверх.

5. Здабываць пры дапамозе перагонкі. Гнаць дзёгаць. Гнаць алей. // Выклікаць выдзяленне чаго‑н. Гнаць пот. / у безас. ужыв. Гоніць сліну.

6. Працуючы чым‑н., рабіць, утвараць. Гнаць пракос. □ Цяпер пад трактар плуг бы столямешны, Каб гнаць барозны шырынёю ў гоні. Аўрамчык.

7. Разм. Моцна слабіць (пра жывот).

8. звычайна ў ф. заг. гані́(це). Даваць. Гані тры рублі.

•••

Гнаць мятлою — груба выганяць.

Гнаць у магілу (труну, на той свет) — мукамі даводзіць да смерці.

Гнаць у шыю (карак, каршэнь) — а) груба выганяць; б) прымушаць хутка рабіць што‑н., падганяць. Не спяшайся, ніхто цябе ў каршэнь не гоніць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)